Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі санкцыі супраць 8 беларускіх чыноўнікаў. СЬПІС


Міністэрства фінансаў ЗША
Міністэрства фінансаў ЗША

Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць васьмі беларускіх чыноўнікаў. Пра гэта ведамства паведамляе ў прэсавым рэлізе.

Сярод 8 урадоўцаў, супраць якіх уведзеныя санкцыі, прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных справаў і ЦВК Беларусі:

  • Хазалбек Атабекаў, намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі МУС;
  • Дзьмітры Балаба, камандзір менскага АМАП;
  • Аляксандар Барсукоў, намесьнік міністра ўнутраных справаў;
  • Алена Дмухайла, сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі;
  • Вадзім Іпатаў, намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі;
  • Юрый Караеў, міністар унутраных справаў;
  • Іван Кубракоў, начальнік ГУУС Менгарвыканкаму;
  • Юры Назаранка, намесьнік міністра ўнутраных справаў.

У паведамленьні Мінюста ЗША згадваецца і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, раней унесеная ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс.

Міністэрства фінансаў ЗША зрабіла гэты крок пасьля таго, як Эўразьвяз сёньня ўвёў санкцыі супраць 40 беларускіх урадоўцаў.

«Дэмакратычныя памкненьні беларускага народу выбіраць уласных лідэраў і мірна ажыцьцяўляць свае правы сутыкнуліся з гвалтам і прыгнётам з боку беларускіх чыноўнікаў», — патлумачыў рашэньне міністар фінансаў ЗША Стывэн Мнучын. «ЗША і нашыя міжнародныя партнэры адзіныя ў тым, каб прымусіць несьці адказнасьць тых, хто гадамі падрывае беларускую дэмакратыю».

У паведамленьні міністэрства адзначаецца, што сёньняшняе рашэньне прынята ў каардынацыі зь Вялікай Брытаніяй, Канадай і Эўразьвязам, каб прадэманстраваць салідарнасьць міжнароднай супольнасьці зь беларускім народам супраць махлярскіх і гвалтоўных дзеяньняў уладаў Беларусі.

У паведамленьні таксама гаворыцца:

Міністар унутраных справаў Юры Караеў і намесьнік міністра Аляксандар Барсукоў кіруюць праваахоўнай сыстэмай, якая парушае правы чалавека на вуліцах і ў турэмных камэрах па ўсёй краіне, на замову беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго што Караеў пачаў рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў, ён публічна прызнаў сваю адказнасьць за дзеяньні міліцыі стасоўна мінакоў і заявіў, што беларуская міліцыя не ўжывала празьмерную сілу супраць пратэстоўцаў. Барсукоў узначальвае міліцыю грамадзкай бясьпекі, якая адказвае за жорсткія разгоны дэманстрантаў.

Іван Кубракоў і Дзьмітры Балаба кіруюць арганізацыямі, якія білі і затрымлівалі мірных дэманстрантаў, журналістаў і іншых у Менску. Кубракоў, кіраўнік менскага гарадзкога ўпраўленьня МУС, адказвае за гарадзкую міліцыю і турмы, у тым ліку турму на завулку Акрэсьціна. Кубракоў таксама выступіў з публічнымі заявамі, адгаворваючы беларусаў удзельнічаць у мірных дэмакратычных пратэстах, і сьцьвярджаў, што пратэсты маюць дэстабілізаваць Беларусь і выклікаць грамадзкія закалоты. Балаба камандуе менскім аддзелам міліцыі спэцыяльнага прызначэньня (АМАП), службоўцы якога жорстка здушвалі акцыі пратэсту і несьлі адказнасьць за бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі.

Юрый Назаранка і Хазалбек Атабекаў кіруюць унутранымі войскамі МУС, якія знаходзіліся на перадавой побач з АМАПам, душачы права на мірныя пратэсты ў Беларусі. Назаранка публічна падзякаваў вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у рэпрэсіях супраць пратэстоўцаў і журналістаў у Менску, за гарантаваньне бясьпекі і стабільнасьці ў горадзе. Атабекаў атрымаў міжнародную вядомасьць гвалтам, учыненым над пратэстоўцамі пасьля выбараў у Беларусі ў сьнежні 2010 году, і працягваў адыгрываць ключавую ролю ў здушэньні дэмакратычных пратэстаў у Беларусі.

Намесьнік старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Вадзім Іпатаў і сакратар камісіі Алена Дмухайла — высокапастаўленыя службоўцы. ЦВК на чале са старшынёй Лідзіяй Ярмошынай, якая знаходзіцца пад санкцыямі, кіравала недэмакратычнымі прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. На выбарах было мноства парушэньняў, уключаючы забарону ўдзельнічаць у іх кандыдатам ад апазыцыі, забарону доступу для назіральнікаў і фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня, пазбаўленьне беларускага народу выбіраць кіраўнікоў шляхам свабодных і сумленных выбараў.

Іпатаў непасрэдна ўдзельнічаў у спробах легітымізацыі прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня і хлусьліва сьцьвярджаў, што ЦВК не атрымліваў ніякай інфармацыі пра перашкоды для працы назіральнікаў. Іпатава таксама абвінавачвалі ў парушэньні выбарчых стандартаў на папярэдніх выбарах, у тым ліку на выбарах 2010 году. Дмухайла таксама адыграла важную ролю ў рэалізацыі недэмакратычнай беларускай выбарчай палітыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня адпаведна яе пасадзе сакратара ЦВК.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG