Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі
Студэнты юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску «паказалі сучасную мадэль беларускай Фэміды», прадэманстраваўшы парушаныя артыкулы Канстытуцыі Беларусі

Эўразьвяз ня лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам. Судовы канвэер. Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў

абноўлена

Што адбываецца у 38-ы дзень беларускіх пратэстаў супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў.

08:06 15.9.2020

Выпускнікі факультэта міжнародных адносін БДУ запісалі відэазварот у падтрымку студэнтаў і з заклікам да адміністрацыі асудзіць гвалт.

08:39 15.9.2020

У Менску зьявілася «плошча Купалаўцаў».

09:13 15.9.2020

Зьявілася яшчэ адно відэа, як кіраўнік ГУБАЗіК Мікалай Карпянкоў разьбівае дзьверы менскай кавярні OʼPetit.

Яго ў сябе ў фэйсбуку апублікаваў праграміст Канстанцін Канапко, які 6 верасьня хаваўся ў кавярні і быў пасьля затрыманы.

На відэа Карпянкоў грукае ў зачыненыя дзьверы, адбываецца кароткі дыялёг і міліцэйскі начальнік пачынае біць шкло.

09:48 15.9.2020

Спартовага журналіста Сяргея Шчурко асудзілі на 15 сутак. Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў Першамайскім РУУС.

10:51 15.9.2020

Новаўвядзеньне ў гомельскім судзе: прызнаеш віну — справу разглядаюць у «скарочаным варыянце», за хвіліну

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У судзе Цэнтральнага раёну Гомля ўдзельнікі адміністрацыйных спраў сутыкнуліся з новаўвядзеньнем. Судзьдзя на паседжаньні прапаноўвае напісаць заяву аб поўным прызнаньні віны. Пры згодзе напісаць такую заяву суд праходзіць у «скарочаным варыянце» і рашэньне нельга абскардзіць. Прынамсі, так заявіла судзьдзя Алеся Осіпава.

14 верасьня ў гомельскіх раённых судах разглядаліся справы затрыманых 11 і 13 верасьня за мітынгі. 11 верасьня ў Гомлі затрымалі сама меней 20 чалавек, 13 верасьня — ня менш за 27.

Чытаць цалкам

11:11 15.9.2020

У Гомлі затрымалі актывіста, на якога чатыры дні палявала міліцыя

Ранкам 15 верасьня ў Гомлі невядомыя ў цывільным затрымалі актывіста Алега Левянца. Міліцыя палявала на яго зь пятніцы 11 верасьня.

Зь пятніцы ён ня быў дома. Маці актывіста расказала, што 11 верасьня міліцыя пяць разоў прыяжджала да яе, шукалі Алега. Прычыну пошукаў яны не называлі, позвы не ўручалі. Міліцыя езьдзіла да дзеда і сястры Алега. Ён быў у гэты час за горадам.

«Сёньня ранкам мы з Алегам толькі выйшлі з дому, як з кустоў выскачыў невядомы ў цывільным, за ім яшчэ адзін, і Алега схапілі. Хто яны і што хочуць, не патлумачылі. Яны выклікалі аўтамабіль і недзе павезьлі Алега», — расказала Свабодзе яго маці.

11:18 15.9.2020

10 сутак арышту прысудзілі журналісту «Медыя-Палессе»

Судзьдзя прыняў рашэньне, што Яўген удзельнічаў у мітынгу. 6 верасня Яўгеній Мікалаевіч з 14 гадзін знаходзіўся на плошчы Леніна ў Пінску, выконваў рэдакцыйнае заданьне. У 14:20 Яўгена затрымалі супрацоўнікі міліцыі і адвезлі ў ГАУС, нягледзячы на тое, што журналіст меў пры сабе бэйдж і пасьведчаньне. Суд прызначылі на 9 верасня.

9 верасьня судзьдзі паказалі фота зь месца падзей і рэдакцыйнае заданьне. Суд перанеслі на 14 верасня, каб дапытаць супрацоўніка міліцыі ў якасьці сьведкі. Сьведка Яўгена не затрымліваў, толькі бачыў, як журналіста вялі да аўтамабіля. Пра гэта і паведаміў судзьдзі. Судовае пасяджэньне доўжылася 5 хвілін. Абвяшчэньне рашэння суду перанеслі на 15 верасьня на 9:00. Сёньня судзьдзя вырашыў, што Яўген вінаваты. Пакаранне — 10 сутак. Яўген пакуль ня ўзяты пад варту, ёсць шанец абскардзіць рашэньне.

11:44 15.9.2020

У Гомлі журналістку пакаралі 10 днямі арышту

Учора, 14 верасьня, міліцыя затрымала гомельскіх журналістаў Яўгена Меркіса і Марыну Драбышэўскую.

Сёньня 15 верасьня Марыну Драбышэўскую цішком у Чыгуначным судзе. У раскладзе было відаць, што суд будзе ў 11:20, але ўжо ў 11:27 ад супрацоўнікаў суду стала вядома, што Драбышэўская пакараная арыштам на 10 дзён.

Паводле якога артыкулу асудзілі журналістку, невядома, хутчэй за ўсё за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Марына Драбышэўская супрацоўнічае з парталам «Сильные новости», яна асьвятляла гомельскія акцыі пратэсту

12:26 15.9.2020

У Менску судзяць фотакарэспандэнтаў Васюковіча і Грыдзіна

У судзе Фрунзенскага раёну Менску праходзіць адміністрацыйныя працэсы над фотакарэспандэнтамі Аляксандрам Васюковічам і Ўладзем Грыдзіным. Іх вінавацяць ў парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Чытаць абнаўленьні

12:38 15.9.2020

У Горках адміністрацыйным арыштам і штрафам пакаралі дваіх прыхільнікаў пераменаў

Сяргея Рэндава асудзілі на 10 сутак, а Ларысу Самсонаву аштрафавалі на 675 рублёў (25 базавых велічыняў). Гэта пацьвердзілі ў судзе Горацкага раёну.

Актывістаў затрымалі 13 верасьня. Абаім інкрымінавалі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве ды непадпарадкаваньні міліцыі. Да суду ўтрымлівалі ў ізалятары. У судзе адзначылі, што прысуды абвінавачаным набудуць моц праз 10 сутак. За гэты час яны іх могуць абскардзіць.

Пазьней дачка Самсонавай высьветліла, што маці пакаралі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту і яна застаецца пад вартаю, акрамя таго адмаўляецца ппымаць перадачы з харчамі. У судзе пацьвердзілі, што Самсонава пакараная за ўдзел у яшчэ адным несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

12:39 15.9.2020

Горадня. Анархіста Ігара Банцара затрымалі каля абласнога суду

Ён прыйшоў на абскарджваньне свайго ранейшага пакараньня – арышту на 10 дзён за ўдзел у недазволеным мітынгу. Банцара не пусьцілі ў суд у шортах. Ён стаў пад будынкам суду са сьветла-ружовым сьцягам і танцаваў пад музыку. Зь ягоных словаў, пэрформанс сымбалізаваў фарс судовай сыстэмы. Цяпер ён у Ленінскім РАУС Горадні.

13:05 15.9.2020

На «плошчы Пераменаў» затрымалі мясцовага жыхара, які спытаў дакумэнты ў міліцыянтаў

На «плошчы Пераменаў» мясцовыя жыхары чарговы раз аднавілі графіці з дыджэямі, але 15 верасьня графіці зноў зафарбавалі. Затрымалі аднаго з жыхароў двара, піша Tut.by са спасылкай на відавочцаў.

Раніцай да адноўленага графіці прыйшлі мужчыны ў цывільным і балаклавах. Яны сабраліся зафарбоўваць мурал, але мясцовыя жыхары закрылі графіці сьпінамі. Аднаго зь мясцовых жыхароў Сьцяпана Латыпава затрымалі пасьля таго, як ён папрасіў людзей у балаклавах прадставіцца. Пасьля гэтага людзі ў балаклавах зацягнулі Латыпава ў бус.

14:51 15.9.2020

Праваабаронцы Ўкраіны заклікалі ўрад падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 верасьня 2020 году.
Вярхоўная Рада Ўкраіны, 4 верасьня 2020 году.

Найбуйнейшыя праваабарончыя арганізацыі Ўкраіны заклікалі свой урад скасаваць для беларусаў абмежаваньні, якія датычаць тэрмінаў знаходжаньня замежных грамадзян на ўкраінскай тэрыторыі без атрыманьня віду на жыхарства ці статусу ўцекача.

Цяпер грамадзяне Беларусі, як і іншыя замежнікі, маюць права знаходзіцца ва Ўкраіне без рэгістрацыі цягам 90 дзён на паўгоду.

Праваабронцы прапануюць дазволіць беларусам, якія вымушаныя ўцякаць з краіны ад перасьледу ў пошуках бясьпекі, часова знаходзіцца ва Ўкраіне, але ня больш чым 360 дзён цягам аднаго каляндарнага году.

Чытаць цалкам

14:53 15.9.2020

«Паказалі, што Лукашэнка стаіць на нагах ня так трывала, як Пуцін». Адмыслоўцы разабралі мову цела на сустрэчы ў Сочы

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы, 14 верасьня
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін падчас сустрэчы ў Сочы, 14 верасьня

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Сочы, дзе яны абмеркавалі далейшыя пляны супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. Пуцін паабяцаў Беларусі 1,5 млрд даляраў фінансавай дапамогі, а Лукашэнка назваў Расею «старэйшым братам».

Аднак многія зьвярнулі ўвагу ня толькі на тое, пра што яны казалі, але і на тое, як яны сядзелі і як ладзілася іх камунікацыя. У сацсетках нават сталі зьяўляцца мэмы на гэтую тэму.

Мову цела двух кіраўнікоў тэлеканал «Дождь» абмеркаваў з аўтарам ютуб-каналу Mental, дасьледнікам невэрбальнай камунікацыі Сяргеем Бубовічам.

14:55 15.9.2020

12 беларускіх IT-кампаній вырашылі «эміграваць» у Латвію

Беларускія эмігранты ў Рызе на акцыі салідарнасьці. Архіўнае фота.
Беларускія эмігранты ў Рызе на акцыі салідарнасьці. Архіўнае фота.

Рашэньне аб пераносе дзейнасці ў Латвію па стане на 15 верасьня прынялі 12 беларускіх кампаній, якія прадстаўляюць галіну інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій, а таксама «зялёную» энэргетыку, паведамілі агенцтву BNS у Міністэрстве эканомікі Латвіі.

Гэтыя кампаніі плануюць перавезьці ў Латвію каля 470 супрацоўнікаў, у асноўным прадстаўнікоў кіраўніцтва і ключавых спэцыялістаў.

Чытаць цалкам

14:55 15.9.2020

«Наша ніва» знайшла сьведак апошніх дзён пратэстоўца, якога знайшлі павешаным. Яны бачылі яго пабітым

«Наша ніва» апублікавала сваё дасьледаваньне сьмерці футбольнага фаната з Маладэчна Мікіты Крыўцова, якога знайшлі павешаным пасьля акцыі пратэсту 9 жніўня. У гэтай інфармацыі выданьне спасылаецца на сяброў загінулага.

14:57 15.9.2020

Вярхоўная Рада Ўкраіны асудзіла гвалт уладаў Беларусі над удзельнікамі мірных акцый пратэсту

Вярхоўная Рада Ўкраіны ўхваліла заяву аб сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня, у якой дэпутаты большасьцю галасоў асудзілі гвалт над удзельнікамі мірных пратэстаў і заклікалі беларускія ўлады да цывілізаванага і дэмакратычнага дыялёгу з грамадзтвам.

Чытаць далей

14:59 15.9.2020

Кіраўнік дыпмісіі Эўразьвязу: Лукашэнка – незаконны прэзыдэнт Беларусі

Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу
Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу

Пра гэта 15 верасьня на плянарнай сэсіі Эўрапарлямэнту заявіў Жузэп Бурэль, кіраўнік дыпляматычнай місіі Эўразьвязу.

Паводле яго, «для ЭЗ сытуацыя зразумелая: прэзыдэнцкія выбары суправаджаліся махлярствам» і эўрапейскія санкцыі супраць беларускага рэжыму павінны быць прынятыя самае позьняе на наступным тыдні.

Жузэп Бурэль адзначыў масавыя адвольныя затрыманьні пасьля выбараў, гвалт у дачыненьні да пратэстоўцаў і затрыманьне ўсіх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, за выключэньнем Сьвятланы Алексіевіч.

Паводле яго, выйсьце — у палітычным дыялёгу паміж уладамі і грамадзтвам. Пачатку такога дыялёгу магла б спрыяць назіральная місія АБСЭ. «Аднак мы не змаглі зьвязацца зь беларускімі ўладамі ні на якім узроўні», – дадаў ён.

Паводле яго, стасункі зь Беларусьсю ў пэўных сфэрах могуць быць спыненыя альбо скарочаныя.

15:08 15.9.2020

«Сядзіць, бо беларус». Як вядомаму спартоваму журналісту Сяргею Шчурко далі 15 сутак

Журналіст Сяргей Шчурко перастаў выходзіць на сувязь а 13-й гадзіне панядзелка. Пасьпеў напісаць, што да яго едуць супрацоўнікі Першамайскага РУУС на размову. Што адбылося далей, невядома.

У Першамайскім судзе Менску Свабодзе паведамілі, што ў другой палове дня 14 верасьня быў суд. Судзьдзя Максім Трусевіч абвінаваціў Сяргея Шчурко ў парушэньні артыкулу 23.34 (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і прызначыў 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Адваката на працэсе не было. Ад вечара панядзелка журналіст Сяргей Шчурко на Акрэсьціна.

Спартоўцы і калегі-журналісты кажуць, што Сяргей хадзіў на нядзельныя маршы. Але забралі журналіста з дому. Гісторыя цалкам па спасылцы.

15:10 15.9.2020

Унівэрсытэт Палацкага ў Чэхіі выдзяляе стыпэндыі беларускім студэнтам і навукоўцам. Можна пачаць ужо ў лютым

Унівэрсытэт Палацкага ў Оламоўцы выдзеліў стыпэндыі для 5 студэнтаў і 3-4 навукоўцаў зь менскага БДУ і Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы. Для студэнтаў – чатырохмесячная стыпэндыя ў 800 эўра на месяц. Для навукоўцаў – месячная стажыроўка ў Оламоўцы з аплатай у 3500 эўра. І студэнты, і навукоўцы атрымаюць дапамогу на праезд у памеры 275 эўра. Першыя стыпэндыяты могуць прыбыць у Оламоўц у лютым 2021.

Раней сёлета ўнівэрсытэт імя Масарыка ў Брно заявіў пра адкрыцьцё стыпэндыяльнай праграмы для студэнтаў і дасьледчыкаў зь Беларусі, якія зазнаюць перасьлед.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG