Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскі лекар Уладзімер Мартаў: сілавікі зрабілі злачынства. Дзе рэакцыя пракуратуры, Сьледчага камітэту?


Менск. Флэшмоб «Твая камэра», 22 жніўня 2020 году
Менск. Флэшмоб «Твая камэра», 22 жніўня 2020 году

Загадчык аддзяленьня анэстэзіялёгіі і рэанімацыі Віцебскай гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімер Мартаў выступіў з заявай аб тым, што ён думае пра сытуацыю ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў,​ паведамляе TUT. BY

Дэманстрацыя ў Менску. Што адбываецца ў Беларусі на 15-ы дзень пратэстаў

Уладзімер Мартаў быў першым лекарам у краіне, які ў красавіку сёлета, у разгар эпідэміі каранавірусу, не пабаяўся публічна агучыць свае думкі пра тое, што адбывалася тады ў шпіталях.

У сваім лісьце Уладзімер Мартаў піша:

„Больш за 10 гадоў таму ў Віцебску два «мянты» (іншага слова няма) жорстка пабілі майго калегу-хірурга. Калі ён стаў паміраць, яго прывезьлі да нас жа — у Віцебскую БХМД. Цяжкія цялесныя пашкоджаньні, шматгадзінная апэрацыя. Мой сябар і калега застаўся тады бяз ныркі, але выжыў.

Больш за год яго сваякі хадзілі па інстанцыях, каб прыцягнуць садыстаў да адказу. Сыстэма МУС з усіх сіл абараняла «гонар мундзіра». Бяда была ў тым, што два «мянты» білі чалавека не на вуліцы і не ў падваротні, а ў РАУС. Быў выходны, дзяжурыў намесьнік начальніка РАУС па выхаваўчай працы. Таму справа набыла непрыемны паварот. І толькі праз год вінаватыя панесьлі заслужанае пакараньне.

Цяпер у Беларусі адбыліся ў тысячу разоў больш страшныя падзеі. Людзей білі наўмысна, для застрашваньня, для навукі. Білі і пратэстоўцаў супраць вынікаў выбараў, і выпадковых мінакоў. Некаторыя загінулі, многіх пакалечылі.

Застрашваньне — на лаціне «тэрор». Усе павінны былі «ўсё зразумець».

Але мы, беларусы, не пагадзіліся, што гэта «правільна», і адмовіліся «усё разумець».

Я ўпэўнены: урэшце ўсё гэта атрымае прававую ацэнку. Хай не ад тых, хто гэтае беззаконьне санкцыянаваў і дапусьціў. І не ад тых, хто гэтыя злачынствы, задакумэнтаваныя і шматлікімі фактамі пацьверджаныя, цяпер спрабуе «затушаваць». Гвалтаўнік заўсёды пасьля злачынства спрабуе пераканаць ахвяру, што «нічога страшнага не адбылося».

Не! Гэтыя злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці. Ніхто не забыты, нішто не забытае. Ужо каго-каго, а фашыстаў і карнікаў у Беларусі трываць ня будуць! Я хачу асабліва падкрэсьліць, што гаворка ідзе менавіта пра цяжкія злачынствы і пра спробы гэтыя злачынствы схаваць.

Ёсьць людзі — прыхільнікі Лукашэнкі. Ёсьць яны і сярод маіх знаёмых і сяброў.

Два вельмі паважаныя мною калегі — прафэсары хірургіі Анатоль Шчасны і Алег Румо — былі даверанымі асобамі Лукашэнкі на выбарах. У мяне асабіста да іх няма пытаньняў. Я і сам мог бы, зыходзячы з геапалітычных раскладак, прагаласаваць за Лукашэнку.

Водападзел праходзіць не паміж прыхільнікамі Лукашэнкі і ягонымі супернікамі, а паміж крымінальнымі злачынцамі і людзьмі розных поглядаў, якія не рабілі крымінальных злачынстваў.

І вось цяпер мэдыкі выходзяць на вуліцы зь лёзунгам «Мэдыкі супраць гвалту!»

Я дрэнна ўяўляю тых людзей, хто спрабуе апраўдаць той жах, які адбыўся. Што тут можна апраўдаць? Некаторыя дзікія лёзунгі, якія цяпер агучваюцца, маглі напісаць прафэсійныя прапагандысты, але не жывыя людзі: «З гвалтам разьбярэмся потым, цяпер галоўнае — стабільнасьць!», «Дзякуй міліцыі за задушэньне беспарадкаў!» і гэтак далей.

У мэдыцыне ўжо больш за 20 гадоў дзейнічае правіла: у выпадку паступленьня чалавека з траўмай, калі лекар падазрае яе крымінальны характар, ён абавязаны паведаміць пра гэты выпадак у РАУС, і міліцыя неадкладна праводзіць судмэдэкспэртызу. Падчас і пасьля выбараў гэтае правіла (сумесны загад Мінздароўя і МУС) ня дзейнічала?

Супраць беззаконьня ў Беларусі, як у любой іншай цывілізаванай краіне, выстраена стройная сыстэма падтрыманьня правапарадку: на варце стаіць пракуратура, расьсьледаваньне праводзіць Сьледчы камітэт. Дзе гэта ўсё? Дзе іх рэакцыя?

Уся сыстэма дзяржавы, якая пабудавана на праве, падняла рукі перад бугаямі, якія бясчынствавалі і якіх рыхтаваў, узначальваў і цяпер пакрывае міністар МУС Караеў?

Мэдыкі выступілі, выступаюць і будуць выступаць супраць гвалту. Нас ня зьбіць з тэмы: тое, што адбылося, нельга забыць, зарэтушаваць, нельга абвясьціць тым, чаго «не было».

Злачынствы зробленыя — і вінаватыя будуць пакараныя. Адзін з галоўных прынцыпаў юрыспрудэнцыі — няўхільнасьць пакараньня.

Мы БУДЗЕМ жыць у прававой сацыяльнай дзяржаве, як напісана ў нашай Канстытуцыі. Толькі так!“ — заканчвае свой ліст лекар, загадчык аддзяленьне рэанімацыі ў віцебскай лякарні хуткай мэдычнай дапамогі Ўладзімер Мартаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG