Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар Караеў паскардзіўся мітрапаліту Кандрусевічу на СМІ і сказаў, што пратэсты не былі мірнымі


Міністар унутраных спраў Юры Караеў
Міністар унутраных спраў Юры Караеў

У МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева зь мітрапалітам Менска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

«Усе мы перажываем падзеі апошніх дзён асаблівым чынам. Мы заклікаем да міру з абодвух бакоў і хуткага ўрэгуляваньня канфлікту», — цытуюць на сайце МУС мітрапаліта Кандрусевіча.

18 жніўня мітрапаліт заклікаў міністра неадкладна вызваліць затрыманых падчас акцый пратэсту. Акрамя таго, Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да міністра з просьбай асабіста прыняць яго, каб абмеркаваць цяперашнюю складаную сытуацыю з мэтай прадухіленьня гвалту ў будучыні.

У той жа дзень, заклікаючы да супольнай малітвы, мітрапаліт Кандрусевіч сказаў: «Застаецца без адказу пытаньне: чаму адбыліся выпадкі гвалту? Чаму памяркоўны грамадзянін Беларусі падняў руку на брата? Чаму сілавыя структуры так жорстка абышліся з мірнымі людзьмі, якія нязгодныя з афіцыйнымі вынікамі выбараў?»

Як паведамляюць на сайце, падчас сустрэчы міністар скардзіўся мітрапаліту на «аднабокае асьвятленьне СМІ інфармацыі аб пратэстах».

«СМІ вельмі па-майстэрску асьвятляюць толькі адзін бок. Усе іх загалоўкі, скандальныя артыкулы і відэа накіраваныя на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў.

Штодня ў інтэрнэце публікуюцца матэрыялы пра ахвяраў акцый, куды без разбору прыпісваюць усіх, хто выйшаў з ІЧУ. Пра тое, што многія парушальнікі грамадзкага парадку былі затрыманыя да пачатку палітычных падзей, не сказана ні слова. Як не напісана і пра пацярпелых міліцыянтаў. Пра аб’ектыўнасьць казаць не даводзіцца. Але ж толькі за апошнія дні на некалькіх супрацоўнікаў міліцыі наўмысна зробленыя наезды. Зь цяжкімі траўмамі яны цяпер знаходзяцца ў шпіталі».

Караеў сказаў, што за гвалт у дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў распачалі крымінальныя справы ў дачыненьні да 46 грамадзян. Паводле яго, большая частка зь іх адпушчаная пад падпіску аб нявыезьдзе.

Міністар таксама сказаў, што акцыі пратэсту не насілі мірнага характару. «Мірныя людзі ня будуць будаваць барыкады і кідацца на сілавікоў».

Паведамляецца, што ў межах сустрэчы таксама абмяркоўвалася магчымасьць для сьвятароў наведаць месцы пазбаўленьня волі.

«Сёньня ў дзяржаве вельмі вялікі градус напружанасьці, і трэба шукаць рашэньні, каб Беларусь заставалася мірнай», — цытуюць на сайце МУС мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG