Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады рэалізуюць брутальную спэцапэрацыю супраць асноўных апанэнтаў Лукашэнкі, — Карбалевіч


Вобшук і ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанк» («Белгазпромбанк»), 11 чэрвеня 2020 году
Вобшук і ператрус у галоўным офісе «Белгазпрамбанк» («Белгазпромбанк»), 11 чэрвеня 2020 году

Звычайна ў Беларусі кандыдатаў у прэзыдэнты садзілі за краты пасьля выбараў. Сёлета, мяркуючы па ўсім, традыцыя можа быць парушана: яны могуць там апынуцца яшчэ да выбараў.

Сьцісла:

  • Усе чакалі ад беларускага кіраўніка нейкай тонкай гульні, хітрых тэхналягічных хадоў. Але сёньняшнія падзеі паказваюць, што ён рэалізуе вельмі просты, прымітыўны, брутальны сцэнар.
  • Магчыма, шукаецца падстава, каб не рэгістраваць асноўных апанэнтаў, бо, маўляў, подпісы былі сабраныя з парушэньнем закону.
  • Верагодна, што Бабарыка неўзабаве стане падазраваным у крымінальных злачынствах і можа апынуцца за кратамі. Нэўтралізацыя Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды прайшла пасьпяхова, народ на вуліцу ня выйшаў, таму робіцца наступны крок.
  • На тле рызыкі страты ўлады Лукашэнка ўжо не зважае на тое, як ягоныя дзеяньні ўспрымаюцца ў грамадзтве, сярод намэнклятуры і замежных суб’ектаў.

Апошнім часам у экспэртным асяродзьдзі абмяркоўвалася шмат вэрсіяў наконт таго, што будзе рабіць Лукашэнка 9 жніўня, ці зарэгіструюць Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскую кандыдатамі ў прэзыдэнты. Усе чакалі ад беларускага кіраўніка нейкай тонкай гульні, хітрых тэхналягічных хадоў. Але сёньняшнія падзеі паказваюць, што ён рэалізуе вельмі просты, прымітыўны, брутальны сцэнар. Лукашэнка ня стаў чакаць ні дня галасаваньня, ні дня рэгістрацыі, а пачаў гуляць на апярэджаньне. І не хавае, што стаўка робіцца на голую сілу, на гвалт.

Калі 10 чэрвеня кіраўнік краіны загадаў «прашарсьціць гэтых пузатых буржуяў», у чыіх кампаніях нібыта звальняюць людзей, што адмовіліся падпісацца за альтэрнатыўных кандыдатаў, то пра далейшыя хады ўлады можна было здагадацца. Галоўны праціўнік быў указаны вельмі празрыста. Трэба знайсьці падставу, каб не рэгістраваць асноўных апанэнтаў, бо, маўляў, подпісы былі сабраныя з парушэньнем закону.

Дарэчы, пра звальненьні людзей. БелТА прыводзіць словы Лідзіі Ярмошынай:

«Мы днямі атрымалі ананімную заяву, яна тычылася альтэрнатыўнага кандыдата. Работнікі прыватнага прадпрыемства сказалі, што сябра ініцыятыўнай групы, яна ж галоўны бухгальтар і жонка ўладальніка прадпрыемства, адназначна заявіла, што калі подпісы ня будуць пастаўлены, то яны не атрымаюць заробак».

Зьвярніце ўвагу, у ЦВК паступіла толькі адна заява на гэты конт. Прычым яна ананімная. І на гэтай падставе Лукашэнка санкцыянаваў праверкі ўсіх бізнэсоўцаў.

Але гэтага падалося мала. Лукашэнка робіць наступны ход, і гэта азначае, што пачалася вельмі крутая гульня.

Крымінальная справа ў дачыненьні да супрацоўнікаў «Белгазпрамбанку», ператрус у кампаніі «Прыватлізінг», страхавой кампаніі «Кентаўр», а таксама ў людзей, цесна зьвязаных зь Віктарам Бабарыкам, знаходжаньне супрацоўнікаў КДК каля штабу Валера Цапкалы — гэта пачатак нейкай сілавой апэрацыі супраць асноўных апанэнтаў.

Вельмі верагодна, што Бабарыка неўзабаве апынецца ў статусе падазраванага ў зьдзяйсьненьні крымінальных злачынстваў і можа аказацца за кратамі. Нэўтралізацыя Сяргея Ціханоўскага і ягонай каманды прайшла пасьпяхова, народ на вуліцу ня выйшаў, таму робіцца наступны крок.

Такіх брутальных, скандальных дзеяньняў, здаецца, не чакаў ніхто. Звычайна ў Беларусі кандыдатаў у прэзыдэнты садзілі за краты пасьля выбараў. Толькі ў 2015 годзе было зроблена выключэньне — нікога не «закрылі».

Сёлета, мяркуючы па ўсім, кандыдаты могуць «сесьці» яшчэ да выбараў. Чаму парушана традыцыя? Бо ўпершыню Лукашэнка адчуў рэальную пагрозу пацярпець электаральную паразу. І ня стаў больш цырымоніцца. На тле рызыкі страты ўлады Лукашэнка ўжо не зважае на тое, як ягоныя дзеяньні ўспрымаюцца ў грамадзтве, сярод намэнклятуры, замежных суб’ектаў. Напужаны чалавек вельмі небясьпечны і ня здольны на тонкія гульні. Ён хапаецца за тое, што ёсьць пад рукой, то бок за лом.

У любым выпадку, калі Бабарыка, Цапкала, Ціханоўская выводзяцца з гульні, то на гэтым выбары можна лічыць скончанымі. Бо ўсё далейшае загадзя вядома і ня вельмі цікава.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG