Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times і «Імёны Свабоды»: дызайн памяці


Вокладкі «Імёнаў Свабоды» і газэты «Нью-Ёрк Таймз»
Вокладкі «Імёнаў Свабоды» і газэты «Нью-Ёрк Таймз»

У мінулую нядзелю першая старонка газэты «Нью-Ёрк Таймз» сама сталася навіной, пра якую паведамлялі агенцтвы. Візуальна газэта выглядала як выданьне 100-гадовай даўніны — бяз фота, без навінаў і падзагалоўкаў, бяз колеру.

Пад назвай «Амэрыканская сьмяротнасьць набліжаецца да 100 000, невымерныя страты» зьмешчана блізу тысячы прозьвішчаў памерлых праз каранавірус. Іх сабралі з публікацый у сотнях мясцовых выданьняў з усёй краіны. Пра некаторых выбрана некалькі словаў з нэкралёгаў, якія, як кропкі на карцінах імпрэсіяністаў, складаюцца ў зьзяньне жыцьця.

Даніэль Бэрын, 64, «любіў ехаць доўга, весяліцца дапазна, паесьці ад душы». Анджэліна Амэзбэры, 74, «таленавітая мастачка, вядомая сваімі пэйзажамі». Марыён Кругер, 85, «прабабуля, якая лёгка сьмяялася». Ларэна Боргэс, 59, «трансгендэрная імігрантка-актывістка». Бакі Піцарэлі, 94, «майстар джаз-гітары». Гэлен Кафкіс, 91, «вядомая сваімі куранятамі па-грэцку і фаршаванай папрыкай». Сэдрык Дыксан, 48, «паліцэйскі сьледчы ў Гарлеме, майстар допытаў». Франк Габрын, 60, «лекар хуткай дапамогі, як памёр на руках у свайго мужа». Антоніё Ніевес, 73, «быў заўсёды заняты нейкім рамонтам дома». Томас Адамавіч, 78, «асабліва ганарыўся сваім літоўскім паходжаньнем». Лео Срыбны, 98, «аддаваў перавагу гальштукам бола перад звычайнымі і шлейкам перад папругаю»...

Нельга не ўсьміхнуцца, прачытаўшы пра густы амаль стогадовага Лео, і не задумацца над сапраўднымі каранямі «Адамавіча»...

Хто стаў 100 000-й ахвярай каранавірусу, таксама невядома дакладна, як і тое, хто памёр першым ці тысяча першым. Але ёсьць адчуваньне агульнанацыянальнай страты, якое і намагаліся перадаць аўтары ідэі і яе ўвасабленьня — каб і праз 100 год гэтая выява глядзелася гэтак жа выразна, манумэнтальна і эмацыйна.

Памяць — адзіная форма бесьсьмяротнасьці, якую мы можам зазнаць пры жыцьці асабіста і эмацыйна. Чытачы «Бібліятэкі Свабоды» ведаюць, што гэтая ідэя была ўвасоблена ў 2007 годзе ў дызайне кнігі Ўладзімера Арлова «Імёны свабоды».

Мастак Генадзь Мацур вывернуў кнігу навонкі — зьмест стаў выявай, прозьвішчы 267 герояў манумэнтальна, як на скрыжалях, увасобілі сабою нацыянальны пантэон.

Цяпер рыхтуецца новае, ужо 4-е выданьне «Імёнаў Свабоды». Уладзімер Арлоў давёў колькасьць эсэ да 366 — і ўсе імёны Генадзь Мацур зьбіраецца зьмясьціць на новай вокладцы.

Не прапусьціце. Бяз памяці не бывае свабоды.

Кнігу папярэдне можна замовіць ужо цяпер ТУТ.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG