Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Упершыню ў Швайцарыі разгледзяць імпічмэнт фэдэральнага пракурора. За сувязі з Расеяй


Міхаэль Ляўбэр, архіўнае фота
Міхаэль Ляўбэр, архіўнае фота

У Швайцарыі ўпершыню ў гісторыі прызначылі парлямэнцкае слуханьне аб імпічмэнце фэдэральнага пракурора — апошнія восем гадоў пракуратуру ўзначальвае Міхаэль Ляўбэр. Падначаленага і дарадцу Ляўбэра абвінавачваюць у карупцыйных сувязях з расейскімі ўладамі.

Падрабязнасьці гэтай справы, заснаваныя на судовых дакумэнтах, апублікавала расейская «Новая газета».

Згодна з матэрыяламі, дарадца кіраўніка швайцарскай пракуратуры Вінцэнц Шнэль у пэрыяд з 2014-га па 2017 гады неаднаразова нефармальна езьдзіў у Расею, дзе разам з высокапастаўленымі супрацоўнікамі расейскай пракуратуры, у тым ліку з цяпер нябожчыкам намесьнікам генэральнага пракурора Саакам Карапэт'янам, удзельнічаў у незаконным паляваньні на Камчатцы, адпачываў у Яраслаўскай вобласьці, вячэраў у рэстарацыях і прымаў падарункі.

Прыкладна ў гэты ж пэрыяд швайцарская пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць сыноў генэральнага пракурора Расеі Юрыя Чайкі, якія, згодна з расьсьледаваньнямі Аляксея Навальнага і «Новой газеты», адмывалі бюджэтныя грошы праз швайцарскую нерухомасьць, і спыніла справу аб адмываньні грошай супраць былой міністаркі сельскай гаспадаркі Расеі Алены Скрыньнік і ейных знаёмых.

Шнэля таксама падазраюць у тым, што ён дапамагаў блякаваць расьсьледаваньне гібелі ў расейскай турме юрыста Сяргея Магніцкага, які выкрыў крадзеж зь бюджэту Расеі на 230 мільёнаў даляраў, большасьць зь якіх прайшлі праз швайцарскія банкі і фірмы.

Мяркуецца, што дарадца Ляўбэра езьдзіў у Расею з мэтай падрыхтавацца да агрэсіўнага допыту Андрэаса Гроса, прызначанага Радай Эўропы дакладчыкам у справе Магніцкага, і сабраць контраргумэнты супраць ягонай пазыцыі.

Таксама вядома, што дарадца кіраўніка швайцарскай пракуратуры меў неафіцыйныя кантакты з расейскай адвакаткай Натальляй Весяльніцкай — яна прадстаўляла інтарэсы бізнэсоўца Дзяніса Кацыва, унесенага ЗША ў «сьпіс Магніцкага», і ўваходзіла ў кола асобаў, якіх падазравалі ва ўмяшаньні ў амэрыканскія выбары.

Паводле паказаньняў супрацоўнікаў пракуратуры, нават калі Шнэль лятаў у Расію афіцыйна, у межах прававой супрацы паміж краінамі, ён спраўна падаваў матэрыялы расьсьледаваньняў, якія цікавяць расейскі бок, але сам не прывозіў з Расеі нічога значнага.

Судовая камісія швайцарскага парлямэнту падазрае, што кіраўнік пракуратуры краіны Міхаэль Ляўбэр ня толькі мог быць у курсе неафіцыйных кантактаў свайго падначаленага з расейскімі ўладамі, але і, магчыма, спрыяў ім.

Вядома, што ў 2014 годзе Ляўбэр і Шнэль разам каталіся на цеплаходзе па Байкале з тагачасным намесьнікам генэральнага пракурора Расеі Карапэт'янам. Пазьней Карапэт'ян загінуў падчас незаконнага верталётнага паляваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG