Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выніку аварыі ў Курапатах пашкодзілі агароджу і мэталічны крыж 


Аўтааварыя ў Курапатах
Аўтааварыя ў Курапатах

У выніку дарожна-транспартнага здарэньня каля народнага мэмарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах пашкоджаны мэталічны крыж, пастаўлены актывістамі, а таксама сеткавая агароджа, зробленая камунальнымі службамі.

Паводле ініцыятара курапацкай вахты Паўла Севярынца, ДТЗ адбылося з боку пасёлку Сонечнага, аўтамабіль з праезнай часткі вынесла проста на ахоўную зону. У выніку быў зьбіты крыж, паламаная агароджа і засталася баразна на ўзгорку.

Абставінаў аварыі Дзяржаўтаінспэкцыя не паведамляе, легкавік пазьней быў вывезены эвакуатарам. Актывісты вырашаюць, якім чынам будуць аднаўляцца пашкоджаныя элемэнты мэмарыялу.

Пашкоджаны крыж у Курапатах
Пашкоджаны крыж у Курапатах

Як сказаў Свабодзе адказны сакратар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі, згодна з заканадаўствам, кампэнсаваць выдаткі мусіць вінаваты ў здарэньні.

Агароджа — гэта прэрагатыва Бараўлянскага лясгасу. А вось крыж фактычна патрабуе замены, бо ў аснове ён вывернуты і ў такім выглядзе вяртаньне на месца не ўяўляецца магчымым.

Па словах палітыка, гэта нагода запатрабаваць ад уладаў вярнуць 24 крыжы, экспрапрыяваныя камунальнікамі пад выглядам «добраўпарадкаваньня» тэрыторыі.

Крыжалом у Курапатах. Што важна ведаць

Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка
Дэмантаж крыжоў у Курапатах, 4 красавіка

У Курапатах 4 красавіка ​зьнесьлі 70 крыжоў, якія стаялі ўздоўж МКАД і пачалі ўсталёўваць плот. 13 красавіка зьнесьлі ўсе мэталічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі.​

Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.

Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе зносілі крыжы. Цягам красавіка за Курапаты моляцца ў розных гарадах і мястэчках Беларусі.

Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.

Што такое Курапаты?

Курапаты – лясны масіў на поўначы Менску, дзе ў 1937–1941 гадах супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі людзей.

Пра масавыя расстрэлы ў Курапатах шырока стала вядома ў 1988 годзе пасьля выхаду артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога сьмерці».

Колькі там забілі? Гэта невядома дакладна — архівы НВКД і КГБ не раскрытыя, ды й магчыма, што нават у іх няма поўнага сьпісу расстраляных за час рэпрэсіяў.

Паводле розных падлікаў, карнікі НКВД расстралялі ў Курапатах з 1937 па 1941 гады ад 30 тысяч (першае сьледзтва, што вяла пракуратура БССР) да 250 тысяч чалавек.

Ці не нацысты гэта забівалі? Не, бальшавікі.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў у 2015 годзе, нібы яшчэ не вядома дакладна, хто забіваў у Курапатах — бальшавікі ці нацысты. Пасьля выкрыцьця Курапатаў розныя групы спрабавалі знайсьці ў іх «нямецкі сьлед», але раз за разам гэта абвяргалі сьледчыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG