Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Дзень Перамогі адзначаюць два дні: 8 і 9 траўня. Сёлета бяз масавых акцый


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на ўкраінска-расейскай мяжы ўшанаваў памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне. 8 траўня 2020 году
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі на ўкраінска-расейскай мяжы ўшанаваў памяць загінулых у Другой сусьветнай вайне. 8 траўня 2020 году

Ва Ўкраіне перамогу антыгітлераўскай кааліцыі ў Другой усясьветнай вайне з 2015 году афіцыйна адзначаюць 8 траўня як Дзень памяці і прымірэньня.

Разам з тым частка ўкраінцаў працягваюць адзначаць Дзень Перамогі 9 траўня, які застаецца выходным днём.

Сёлета ўпершыню 8 і 9 траўня ва Ўкраіне не праходзіць масавых акцый. Згодна з рашэньнем ураду Ўкраіны, яны забароненыя ў сувязі з пашырэньнем каранавірусу. У той жа час прэм’ер-міністар Дзяніс Шмыгаль заклікаў кіраўнікоў абласных дзяржаўных адміністрацый індывідуальна адзначыць у сваіх рэгіёнах усіх вэтэранаў вайны.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ва Ўкраіне пражывае да 700 тысяч удзельнікаў Другой усясьветнай вайны. Найбольш іх у Кіеве, Львоўскай і Днепрапятроўскай абласьцях.

«Падзякуй вэтэрану на адлегласьці»

Прадстаўнікі цэнтральнай і рэгіянальнай уладаў адзначылі Дзень памяці ўскладаньнем кветак да помнікаў, узьведзеных у гонар перамогі над нацызмам.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўшанаваў памяць палеглых у працоўнай паездцы ў Луганскую вобласьць. У горадзе Мелавым (Мілове укр.), на мяжы з Расеяй, ён наведаў мэмарыяльны комплекс «Украіна — вызваліцелям». Да яго ён паклаў кветкі і запаліў зьнічку памяці.

Усе іншыя акцыі ва Ўкраіне праходзяць дыстанцыйна.

Паводле ініцыятывы дзяржаўнага прадпрыемства «Укрпошта» і пры падтрымцы Міністэрства ў справах вэтэранаў арганізавана агульнаўкраінская акцыя «Падзякуй вэтэрану на адлегласьці». На адмысловай онлайн-пляцоўцы кожны ахвочы можа напісаць словы ўдзячнасьці канкрэтнаму вэтэрану вайны, віртуальную паштоўку раздрукуюць і даставяць па месцы пражываньня ўдзельнікаў Другой усясьветнай вайны.

У шэрагу гарадоў мясцовыя ўлады заклікалі грамадзян выйсьці на бальконы з фатаздымкамі сваіх родных, якія ваявалі, і ўшанаваць іхную памяць хвілінай маўчаньня.

Украінскі інстытут нацыянальнай памяці ініцыяваў агульнаўкраінскую кампанію «Сямейныя гісторыі вайны». Усе ахвотныя могуць падзяліцца ў сацыяльных сетках сваімі гісторыямі пад хэштэгам #familyhistorywar.

Міністар абароны: Ніводная эўрапейская краіна не пацярпела больш за Украіну

Традыцыйнымі ў гэты дзень сталі відэазвароты палітыкаў і службовых асобаў да народу, у якіх адзначаецца, што Ўкраіна найбольш сярод іншых краін пацярпела ў выніку вайны.

Дзяніс Шмыгаль
Дзяніс Шмыгаль

«У гэты дзень Украіна разам з усім сьветам ушаноўвае памяць палеглых у Другой усясьветнай вайне. Украіна ці не найбольш за іншых пацярпела ў выніку Другой усясьветнай — тады загінуў кожны пяты жыхар нашай роднай зямлі. Я заклікаю ўсіх схіліць галаву ў пашане да тых, хто аддаў сваё жыцьцё, каб мы з вамі маглі жыць мірна і шчасьліва. Будзьма вартыя іх памяці, давайце заўсёды будзем памятаць пра іх. І таксама пра тое, як лёгка страціць мір і як цяжка вярнуць яго. Гэта не павінна паўтарыцца. Ніколі больш», — заявіў прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль.

Міністар абароны Ўкраіны Андрэй Таран у сваім звароце нагадаў, як у 1945 годзе карэспандэнт газэты Saturday Evening Post пасьля наведваньня Ўкраіны напісаў:

Андрэй Таран
Андрэй Таран

«Тое, што некаторыя спрабуюць адлюстраваць як „рускую славу“, было найперш украінскай вайной. Ніводная эўрапейская краіна не пацярпела больш». «Трагедыя ўкраінскага народу ў часе Другой усясьветнай вайны была ў тым, што ўкраінцы былі пазбаўленыя ўласнай дзяржаўнасьці, вымушаныя былі адстойваць чужыя інтарэсы. За панаваньне ва Ўкраіне ваявалі дзьве таталітарныя краіны, якія аднолькава не лічыліся з цаной чалавечага жыцьця. Найважнейшым вынікам вайны павінен стаць ня культ перамогі, а ўменьне цаніць мір, катэгарычна і бескампрамісна абараняючы яго ўсімі разумнымі сродкамі», — заявіў міністар абароны Ўкраіны.

Андрэй Таран перакананы, што і ў цяперашняй вайне на Данбасе Ўкраіне ня мае права прайграць.

Як украінцы ставяцца да дзьвюх датаў перамогі

Напярэдадні памятных дат сацыёлягі апыталі ўкраінцаў пра іхнае стаўленьне да падвойнага ўганараваньня перамогі над нацызмам у Другой усясьветнай вайне.

Паводле вынікаў дасьледаваньня фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», 39% украінцаў падтрымліваюць правядзеньне і Дня Памяці 8 траўня, і Дня Перамогі 9 траўня. 32% грамадзян мяркуюць, што варта адзначаць толькі 9 траўня, 14 % — толькі 8 траўня, астатнім 9 % апытаных усё роўна, калі адзначаць гэтую перамогу.

Са сьцьвярджэньнем, што СССР разам зь Нямеччынай мусіць несьці адказнасьць за пачатак Другой усясьветнай вайны, згодныя 56% грамадзян, 24 % апытаных не падтрымліваюць такой інтэрпрэтацыі падзеяў, астатнія 20 % ня вызначыліся з пазыцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG