Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паглядзець на гістарычны замак, паслухаць Shuma. Беларускае жыцьцё онлайн на 20–26 красавіка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Амаль усе імпрэзы перайшлі ў онлайн. Як не разгубіцца ў шэрагу падзей і правесьці час цікава і карысна? Сабралі для вас актыўнасьці на бліжэйшы тыдзень.

Віртуальнае падарожжа па беларускім замку

Стваральнікі праекту VKL3D прапануюць акунуцца ў атмасфэру XVII стагодзьдзя, пабачыць мястэчка Смаляны і яго славутасьць — замак «Белы Ковель» з вышыні птушынага палёту. У сувязі з пандэміяй панарамны фільм «Белы Ковель» выклалі ў вольны доступ.

Кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне» пайшоў у онлайн

Шосты кінафэстываль, які меўся адбыцца 23–30 красавіка, перанесьлі на восень.

«Мы самі зьдзіўленыя, што сёлетні слоган „Паўночнага зьзяньня“ — СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ — так яскрава адлюстроўвае тое, што зараз адбываецца ў сьвеце, і як важна слухаць і чуць людзей вакол, кансалідавацца і падтрымліваць адно аднаго», — пішуць на старонцы фэстывалю ў фэйсбуку.

Дырэктарка кінафестывалю Вольга Чайкоўская
Дырэктарка кінафестывалю Вольга Чайкоўская

Арганізатары запусьцілі сэрыю онлайн-актыўнасьцяў. #zzyalive

Якіх імпрэзаў чакаць на тыдні, расказала праграмны дырэктар фэстывалю Вольга Чайкоўская.

  • 23 красавіка (чацьвер), 11:00 — «Сьняданак з культурнымі мэнэджаркамі Вольгай Мжэльскай і Ірынай Лукашэнкай».

Размаўляем пра сытуацыю з культурнымі інстытуцыямі ў Беларусі ў час крызісу, а таксама пра будучыню і прагнозы для культуры пасьля пандэміі і акцыю ў падтрымку культурных ініцыятыў «АртПроездной».

  • 24 красавіка (пятніца), 15:00 — Антон Раднянкоў, дырэктар Цэнтру новых ідэй, разважае на тэму «Яшчэ раз пра будучыню. Што чакае Беларусь і ўвесь сьвет пасьля пандэміі?»

Якую вопратку людзі стануць насіць пасьля крызісу, ці стануць менш карыстацца пералётамі і ці зьвернуцца больш да лякальнай вытворчасьці? Ці ставіць пандэмія пад пытаньне глябалізацыю?

  • 25 красавіка (субота), 19:00 — «Размова каля вады з Дар’яй Жук. Слухаць і чуць».

Гаворка пойдзе аб праектах, над якімі рэжысэрка працуе цяпер, пра тое, як і чаму ёй хочацца расказваць жаночыя гісторыі. А таксама пра яе фэміністычную оптыку, або як Дар’я Жук стала фэміністкай.

  • 26 красавіка (нядзеля), 13:00 Довіле Бутнаруце (Dovilė Butnoriūtė), супрацоўніца Літоўскага цэнтру кінэматаграфіі, расказвае пра літоўскі досьвед перажываньня локдаўна для кінаіндустрыі. Гутарка адбудзецца па-ангельску.

Усе трансьляцыі будуць адбывацца тут.

«Літаратары на карантыне» чытаюць свае творы для гледачоў і слухачоў Радыё Свабода

У рамках праекту Радыё Свабода на працягу бліжэйшых месяцаў, тры разы на тыдзень — у чацьвяргі, суботы і аўторкі — будзем прэзэнтаваць вам відэа- або аўдыёчытаньні ў выкананьні вядомых беларускіх аўтараў — паэтаў, празаікаў, эсэістаў, перакладчыкаў. На гэтым тыдні вы пабачыце і пачуеце (час — прэм’ера на нашым YouTube канале Свабода Premium):

21 красавіка, 19.00 — Ян Максімюк чытае ў сваім перакладзе апавяданьне нобэлеўскага ляўрэата Патрыка Мадыяно.

23 красавіка, 19.00 — свае новыя вершы чытае Юлія Цімафеева.

25 красавіка, 19.00 — Уладзімер Арлоў чытае тэксты з новага выданьня кнігі “Імёны Свабоды”. У першай частцы - постаці ХІХ стагодзьдзя

«Чытаем клясыку разам» зь Літаратурным музэем

Праект прысьвечаны 90-годзьдзю з дня нараджэньня Ўладзімера Караткевіча.

«У сучасных умовах онлайн-чытаньне твора клясыка — гэта яшчэ адзін са спосабаў папулярызацыі творчасьці пісьменьніка і беларускай літаратуры, — расказвае навуковы супрацоўнік музэю Тацяна Ўшылава. — Здымкі адбываюцца ў залях Музэю гісторыі беларускай літаратуры, дзе ў экспазыцыі прадстаўленыя матэрыялы, зьвязаныя з жыцьцём і творчасьцю Ўладзіміра Караткевіча».

Цягам некалькіх тыдняў беларускія артысты, журналісты, культурныя і грамадзкія дзеячы агучваюць «Каласы пад сярпом тваім» для наведнікаў музэю. Глядзець і слухаць онлайн-чытаньні можна ў 16:00 штодня на YouTube-канале і ўва ўсіх сацыяльных сетках музэю.

Тацяна кажа, што для музэю гэта ня першы онлайн-праект.

«Ня так даўно цягам амаль трох тыдняў наведнікі і супрацоўнікі ў залях музэю чыталі ўрыўкі з твораў народных пісьменьнікаў Беларусі ў межах праекту #чытаемнародных. Адмыслова для праекту музэй стварыў сваю старонку ў папулярным відэагостынгу „TikTok“ (відэа зьяўляліся і ў нашых сацыяльных сетках). Праект папулярызаваў народных пісьменьнікаў, іх творы, а таксама экспазыцыю музэю, дзе можна даведацца пра беларускую літаратуру другой паловы XX стагодзьдзя».

Польская літаратура па-беларуску

«Санаторый пад клепсыдрай» — гэта цыкль онлайн-сустрэч зь беларускімі перакладчыкамі польскай паэзіі і прозы, арганізаваны Польскім Інстытутам у Менску пры падтрымцы выдавецтва «Логвінаў».

«Пераклад літаратуры пераадольвае адлегласьці ў прасторы і часе, здымае моўную і культурную (сама)ізаляцыю, робіць далёкіх клясыкаў „сучасьнікамі“, а замежных сучасьнікаў „землякамі“. Цыкл „Санаторый пад клепсыдрай“ уключае літаратурныя чытаньні і размовы пра культавых польскіх аўтараў ХХ—ХХІ стагодзьдзя, сярод якіх ёсьць і нобэлеўскія ляўрэаты і ляўрэаткі», — гаворыцца ў апісаньні падзеі.

Першая сустрэча адбудзецца 21 красавіка а 17 гадзіне. Паэт-перакладчык Андрэй Хадановіч прадставіць творчасьць набэліста, празаіка і паэта Чэслава Мілаша.

Онлайн-чытаньні ад Купалаўскага тэатру

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

«Чытаць я хацеў!» — гэта сэрыя чытаньняў беларускіх і замежных твораў ад актораў Купалаўскага. Чытаньні выходзяць штовечар у 20.00 у Instagram Купалаўскага, а таксама на YouTube-канале тэатру.

Ужо можна паслухаць актораў Марту Голубеву, Паўла Харланчука, Рамана Падаляку і Міхася Зуя.

Спэктаклі ад РТБД

Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі працягвае онлайн-паказы спэктакляў зь відэаархіву.

На бліжэйшым тыдні можна паглядзець:

  • 21 красавіка, 19:00 — «Бегчы з Эльсынору, альбо Гамлет навыварат» (запіс 2014 году)
  • 23 красавіка, 19:00 — «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў» (запіс 2014 году)
  • 25 красавіка, 17.00 — «Гісторыя двух сабак» (запіс 2016 году)
  • 26 красавіка, 17:00 — «Чарнобыльская малітва» (запіс 2016 году).

Усе трансьляцыі будуць даступныя на Youtube-канале тэатру.

«Anti[gone]» ад «АРТ Карпарэйшн»

Да 13 траўня цэнтар адкрыў доступ да спэктакля «Anti[gone]».

«Пастаноўка Аляксандра Марчанкі — другая, створаная „АРТ Карпарэйшн“ у жанры site-specific. У ёй акторка Дар’я Новік — частка антычнай трагедыі Сафокла, а гісторыі самых розных беларусаў — галасы сучаснасьці», — гаворыцца ў апісаньні.

Запіс даступны тут:

Чарговыя паказы ад Беларускага Свабоднага тэатру

  • 25 красавіка — «Родные и близкие» (2012 г.)
  • 26 красавіка — «Счастливого Рождества, Мисс Медоус» (2013 г.), рэжысэр Уладзімер Шчэрбань.

Трансьляцыі спэктакляў адбываюцца тут і ў сацыяльных сетках тэатру.

Нагадаем, што падчас кампаніі Love Over Virus можна паслухаць «Казкі на ноч» і пазаймацца на онлайн-трэніроўках кожную сераду і пятніцу ў інстаграме.

Спэктакль пра жыцьцё Францішка Скарыны

Магілёўскі драматычны тэатар
Магілёўскі драматычны тэатар

25 красавіка Магілёўскі драмтэатар пакажа спэктакль «Скарына» рэжысэра Саўлюса Варнаса.

«Гэта драма-апокрыф, які не прэтэндуе на стоадсоткавую біяграфічную дакладнасьць, але які расказвае пра духоўны подзьвіг дзіўнага чалавека, які прысьвяціў сваё жыцьцё служэньню людзям і барацьбе супраць цемры невуцтва», — значыцца ў апісаньні.

І спэктакль паводле Караткевіча

26 красавіка тэатар лялек прапануе паглядзець спэктакль «Сіняя-сіняя» паводле Ўладзіміра Караткевіча. У галоўнай ролі — Мікалай Сьцешыц.

Усе трансьляцыі адбудуцца на тэлеканале «Беларусь 4. Магілёў», а таксама на канале тэатру лялек у Youtube.

Выстава «1919: Беларуская рэспубліка»

«Гэта выстава пра ідэю і пра людзей. Пра тых, хто зрабіў першы крок 25 сакавіка 1918 году, і тых, хто падхапіў штандар дзяржаўнасьці 1 студзеня 1919 году. Пра тыя часы, калі адкрываліся беларускія школы і ўнівэрсытэты, будаваліся заводы, вярталіся тэрыторыі, а „Ўся ЦК КП(б)Б гаварыла на беларускай мове!“. Калі беларусізацыя, не ўціскаючы ніводную нацыянальную меншасьць, ахапіла краіну... і пра тое, як і хто яе спыніў», — гаворыцца ў апісаньні выставы.

Віртуальны тур па Нацыянальным гістарычным музэі можна зьдзейсьніць тут.

Музычныя канцэрты штодня

Плятформа Artist Gives распачала штодзённыя онлайн-канцэрты, сродкі зь якіх будуць накіроўвацца на дабрачыннасьць. Падрабязьней чытайце тут.

Афіша на бліжэйшы тыдзень:

  • 20 красавіка — Пётар Клюеў
  • 21 красавіка — Лера Яскевіч
  • 22 красавіка — DaKooka (Украіна)
  • 23 красавіка — Антон Бэндэр (Расея)
  • 24 красавіка — Mustelide
  • 25 красавіка — Shuma
  • 25 красавіка — «Мы/We» (Украіна)

Усе актыўнасьці даступныя тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG