Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады». Дзяўчына трапіла ў шпіталь і стала там кантактам першага ўзроўню па каранавірусе


Дар’я Рублеўская
Дар’я Рублеўская

«Я хвалявалася, бо ў мяне слабы імунітэт, я нават ня вельмі пераймалася, што ў мяне можа быць каранавірус», — так кажа Дар’я Рублеўская. Цяпер яна ў менскім скурна-вэнэралягічным дыспансэры, перапрафіляваным пад пацыентаў з каранавірусам і кантакты розных узроўняў.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«У прыёмным пакоі сказалі, што за ноч паступілі 300 чалавек»

«Я прытрымлівалася сацыяльнай ізаляцыі, для мяне гэта было важна, бо я сацыяльна адказная, — пачынае расказваць Дар’я. — На дзень, калі я выклікала хуткую, я знаходзілася ў самаізаляцыі 16 дзён і выходзіла з дому толькі па прадукты, і аднойчы езьдзіла ва ўнівэрсытэт на кантроль сваёй дыплёмнай працы».

Але ў пэўны момант Дар’я пачала адчуваць боль у грудзях, у яе зьявіўся сухі кашаль і паднялася тэмпэратура.

«Я не магла глыбока ўздыхнуць, — кажа дзяўчына. — Я патэлефанавала 103, пачала расказваць, спытала, што мне рабіць. У мяне таксама быў кантакт з бацькам-дальнабойнікам, ён быў ва Ўкраіне. Хоць бацька мой і пачуваўся добра і цяпер пачуваецца добра. На хуткай мне сказалі, што мы па вас ужо выслалі брыгаду, чакайце. Я пачала зьбіраць рэчы».

Дар’ю адвезьлі ў скурна-вэнэралягічны дыспансэр. Расказвае, што ў прыёмны пакой можна трапіць толькі па адным чалавеку, а ўсе дактары там ходзяць у спэцадзеньні.

Від з вакна на вуліцу
Від з вакна на вуліцу

«Але дзяжурным доктарам быў такі мужчына ў прыспушчанай масцы, у звычайным халаце, ён пачаў гаварыць, што „каранавірус — гэта расьпіяраная рэч і што ўсё гэта мы ўжо перажывалі“, — згадвае Дар’я. — А за хвіліну да гэтага ў прыёмным пакоі сказалі, што за ноч паступілі 300 чалавек».

Дар’ю разьмеркавалі ў шасьцімесцавы бокс на дзьве палаты. Яна была ў палаце на чатырох чалавек. Кажа, што першы тэст узялі адразу, але вынікаў яна так і не даведалася. Супакойвалі іх у шпіталі тым, што калі б вынік быў станоўчы, ёй бы абавязкова сказалі.

«Яна так кашляла, што здавалася, зараз пераломіцца»

Дар’я кажа, што пэрсанал у гэтым аддзяленьні іх «моцна цураўся». «Гэта, з аднаго боку, зразумела, але даходзіла да такога, што ты ўжо сумняваесься, ці чалавек ты», — расказвае дзяўчына. Але найбольш яна незадаволеная тым, як засяляюць пацыентаў у палаты ва ўмовах эпідэміі.

«З намі ляжала старэйшая жанчына, і яна моцна кашляла на ўсіх, хоць мы яе прасілі прыкрывацца і надзяваць маску, але яна гэтага не рабіла, — кажа Дар’я. — У яе заўжды была сухасьць у горле і высокая тэмпэратура. Кашляла яна так, што здавалася, што яна зараз пераломіцца».

Праз двое сутак высьветлілася, што ў гэтай жанчыны каранавірус. Пра гэта стала вядома ўначы, і жанчыну з палаты забралі.

Адлегласьць паміж ложкамі ў палаце, дзе Дар'я апынулася з хворай
Адлегласьць паміж ложкамі ў палаце, дзе Дар'я апынулася з хворай

«Але мэдсёстры і пэрсанал нічога не казалі: „Дзяўчаты, чакайце“. Ложак гэтай жанчыны зь яе пасьцельнай бялізнай, усё гэта заставалася з намі некалькі гадзін, — турбуецца Дар’я. — І мы прабылі з інфікаваным чалавекам двое сутак побач, нам не давалі антысэптыкаў, вільготная прыборка рабілася адзін раз. Верагоднасьць таго, што мы ад яе заразіліся, даволі вялікая. Я ляжала ад яе праз ложак, але жанчына, якая ляжала побач зь ёй, вельмі хвалюецца».

У тую ж ноч палату Дар’і, апроч інфікаванай жанчыны, перавялі на іншы паверх.

«Цяпер мы ўсе чакаем паўторнага тэста, які маюць зрабіць на 7 дзень пасьля кантакту з гэтай жанчынай, то бок у чацьвер (9 красавіка — РС). Калі вынікі адмоўныя, то нас пасылаюць дамоў пад назіраньне паліклінікі пад расьпіску аб самаізаляцыі», — кажа Дар’я.

«А масак нам увогуле не выдаюць»

Сухі паёк, які выдалі пра прыезьдзе ў лякарню
Сухі паёк, які выдалі пра прыезьдзе ў лякарню

Практыка, калі пацыентаў з яркімі сымптомамі кладуць разам з тымі, у каго сымптомы слабыя, як у Дар’і, ці ўвогуле з «кантактамі», Дар’і здаецца ня самай прымальнай.

«Мне таксама ня вельмі зразумела, калі селяць маладых людзей і людзей з зоны рызыкі разам і з рознымі сымптомамі, — тлумачыць яна. — Усё ж наша 64-гадовая суседка мела нашмат больш выразныя сымптомы».

Так пацыенты могуць трапіць у карантын ці, яшчэ горш, падхапіць каранавірус, ужо знаходзячыся ў шпіталі, мяркуе Дар’я.

Кварцавых лямпаў у бальніцы няма, толькі рэцэркулятары. У палаце, дзе Дар'я ляжыць зараз, няма і яго
Кварцавых лямпаў у бальніцы няма, толькі рэцэркулятары. У палаце, дзе Дар'я ляжыць зараз, няма і яго

«Калі нас перасялялі на іншы паверх, з намі разам пераходзіла палата хлопцаў, — расказвае яна. — І зь імі разам жыў дзядуля, у якога знайшлі каранавірус. Такім чынам, гэтыя хлопцы сталі кантактамі першага ўзроўню. Але на гэтым іх гісторыя ня скончылася, бо ўжо на іншым паверсе да іх пасялілі яшчэ аднаго дзядулю. І ў таго зноў знайшлі вірус, і для іх пачаўся новы адлік гэтых 7 дзён».

Гэта ня першая вядомая Радыё Свабода гісторыя, калі пацыенты шпіталяў траплялі «на карантын». Так здарылася, напрыклад, з жыхаром Віцебску Аляксеем Мядзельцам, пра якога мы пісалі 30 сакавіка.

На іншым паверсе стаўленьне пэрсаналу Дар’ю задавальняе. Але ёй па-ранейшаму не падабаецца стан невядомасьці. І тое, што ў самой палаце няма масак, антысэптыкаў і нават пітной вады.

«Мінус сытуацыі ў тым, што з намі не хацелі размаўляць. Трое сутак мы не разумелі, што з намі адбываецца, — кажа Дар’я Рублеўская. — Нам не давалі пітной вады, казалі, каб перадавалі ў перадачках. А масак нам увогуле не выдаюць. Калі мы папрасілі, сказалі, што ў нас для вас нічога няма. Даводзіцца набываць самім антысэптыкі, дэзрастворы, каб дэзынфікаваць паверхні, бо мы разумеем, што мы магчымыя носьбіты гэтага вірусу і можам заразіць адна адну».

Лекі, якія даюць Дар'і
Лекі, якія даюць Дар'і

Ранкам у пятніцу, 10 красавіка, Дар’я нам паведаміла, што зь ёю адбываецца ў апошнія дні.

«Нас ужо тры дні ня слухала лекарка, бо ня маем ніякіх скаргаў на стан. Але нам працягваюць даваць тыя ж лекі. Мне, напрыклад, даюць моцныя антыбіётыкі і таблеткі ад кашлю, хоць у мяне кашлю няма», — кажа Дар’я. — Яшчэ адна вельмі дзіўная рэч: высьветлілася, што вынікаў нашых першых тэстаў няма. Так учора лекарка сказала».

Пазьней Дар’і паведамілі, што яе тэст на каранавірус даў адмоўны вынік. Як кантакт першага ўзроўню яна рыхтуецца да выпіскі. Будзе знаходзіцца ў ізаляцыі дома пад кантролем сваёй паліклінікі.

Радыё Свабода спрабуе атрымаць камэнтар ад кіраўніцтва скурна-вэнэралягічнага дыспансэру наконт гэтай сытуацыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG