31 сакавіка стала вядома, што ў Беларусі памёр першы пацыент, у якога тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік — Віктар Дашкевіч, актор віцебскага Нацыянальнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа. У Коласаўскім тэатры, дзе працаваў памерлы, працягваюцца рэпэтыцыі, пастаноўкі адмененыя, хоць карантыну не абвяшчалі.
Свабода вывучыла, што тым часам пазначана ў афішах менскіх тэатраў.
Купалаўскі тэатар не адмяняў спэктаклі, квіткі на бліжэйшыя дні можна купіць: 1 красавіка на галоўнай сцэне адбудзецца пастаноўка паводле твору Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», 2 красавіка — палеская кроніка «Людзі на балоце» паводле раману Івана Мележа, 4 красавіка — гогалеўская камэдыя «Рэвізор», 5 красавіка — фарс-вадэвіль «Пінская шляхта» паводле Дуніна-Марцінкевіча. Ды разам з тым тэатар цяпер робіць інтэрнэт-трансьляцыі спэктакляў, але ў абвестцы пра трансьляцыі пандэмія каранавірусу ня згадваецца.
Драматычны тэатар імя Горкага не абвяшчаў пра скасаваньне ўсіх спэктакляў, але адмяніў некалькі найбліжэйшых — «Знойные мамочки» і «Дачники» 1 і 2 красавіка на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў, «Оскар и Розовая Дама» і «Эдип» 28 сакавіка і 3 красавіка на малой сцэне. На пазьнейшыя немагчыма купіць квіток праз сайт, бо ўсе распрададзеныя — найбліжэйшы спэктакаль, на які яшчэ прадаюцца, заплянаваны на 16 красавіка.
Вялікі тэатар опэры і балету працягвае працаваць «у звычайным рэжыме», квіткі прадаюцца ў тым ліку на опэру «Чароўная флейта», заплянаваную на вечар 31 сакавіка.
Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі скасаваў «Пакуты ад здаровага сэнсу» і «А мне ня сорамна» 31 сакавіка, перанёс «Шлюб зь ветрам» і «Бэтон» з 3 на 24 красавіка і з 4 красавіка на 5 траўня. Пра далейшыя спэктаклі абвестак не было.
Тэатар лялек скасаваў спэктаклі ад 1 да 19 красавіка.
Музычны тэатар скасаваў спэктаклі з 1 па 7 красавіка.
Беларускі дзяржаўны цырк спыніў працу ад 29 сакавіка (таксама скасаваў ранішняе і вечаровае шоў 28 сакавіка), пра далейшыя пляны ня піша.
Моладзевы тэатар у красавіку плянуе «працу ў звычайным рэжыме», але дапускае, што ў афішы магчымыя зьмены.
Моладзевы тэатар эстрады таксама «працуе ў звыклым рэжыме», абяцае прытрымлівацца рэпэртуарнай афішы.
Тэатар юнага гледача не рабіў абвестак у сувязі з пандэміяй каранавірусу і захаваў звычайную афішу, але купіць квіткі праз сайт тэатру немагчыма.
Новы драматычны тэатар не рабіў абвестак у сувязі з пандэміяй каранавірусу і захаваў звычайную афішу, але купіць квіткі праз сайт тэатру немагчыма.
Тэатар-студыя кінаактора не адмяняла спэктакляў, квіткі на найбліжэйшыя пастаноўкі прадаюцца.
Палац Рэспублікі і канцэртная заля «Менск» не скасоўвалі спэктакляў, якія там плянаваліся, квіткі прадаюцца ў тым ліку на 31 сакавіка.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.