Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 гадоў кожнаму. Вынесьлі прысуд анархістам за напад на «Валадарку» і Менскі гарадзкі суд

абноўлена

Суд супраць анархістаў, 12 лютага. За кратамі зьлева Іван Комар, справа Мікіта Емяльянаў
Суд супраць анархістаў, 12 лютага. За кратамі зьлева Іван Комар, справа Мікіта Емяльянаў

Мікіту Емяльянава і Івана Комара прызналі вінаватымі ў пашкоджаньні будынка, вырабе небясьпечнага прыстасаваньня, нанясеньні шкоды будынку і замаху на такое ж злачынства ды прысудзілі абодвум 7 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Такое рашэньне 12 лютага прыняў суд Савецкага раёну Менску пад старшынствам судзьдзі Аляксандра Якунчыхіна.

Дзяржаўны абвінаваўца Максім Сеніў прасіў роўна такога пакараньня.

Абодва падсудныя сказалі, што будуць абскарджваць вырак і што прысуд палітычны. Заля сустрэла прысуд воклічам «Ганьба!»

Шкода ў паўтара рубля і адсутнасьць дошкі пра каштоўнасьць як «умова злачынства»

Акрамя таго, з абодвух падсудных пастанавілі спагнаць 330 рублёў на судовыя выдаткі, а зь Емяльянава — 1 рубель 48 капеек на карысьць СІЗА. Менавіта ў 1,48 рубля міліцыянты ацанілі страты, нанесеныя дзьвярам 2-га пад’езду ўстановы, у якія пацэліў палаючы «кактэйль Молатава».

Суд прыняў прыватнае вызначэньне на адрас СІЗА на Валадарскага аб неабходнасьці ўсталяваць на зьнешнім боку будынку ахоўную дошку з інфармацыяй аб гісторыка-культурнай каштоўнасьці пабудовы, бо «адсутнасьць дошкі стала адной з умоваў злачынства».

Суд перакваліфікаваў абодвум віну з ч.2 арт. 344 (пашкоджаньне гістарычнага помніка) на ч.2 арт. 218 — пашкоджаньне будынка агульнанебясьпечным спосабам. Сьледзтва, на думку суду, не даказала, што яны мелі намер пашкодзіць помнік. Суд нагадаў, што ахоўная дошка павінна быць на галоўным фасадзе будынка, а яе там няма, як засьведчылі супрацоўнікі СІЗА. Таксама з абвінавачаньня выключаны «перавоз» небясьпечнага прыстасаваньня, бо і гэта не было даказана.

Мікіта Емяльянаў пасьпеў сказаць прысутным у судовай залі, што лічыць вырак палітычна матываваным і будзе яго абскарджваць.

За што асудзілі?

Справа анархістаў Емяльянава і Комара разглядалася ў Савецкім раённым судзе цягам 5 дзён. Першы эпізод справы адбыўся ў ноч на 24 верасьня 2019 году, напярэдадні суду над анархістам Зьмітром Паліенкам. Тады невядомы кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Менгарсуду. Нанесеную будынку шкодў экспэрты ацанілі ў 143 рублі.

Мікіта Емяльянаў
Мікіта Емяльянаў

Паводле сёньняшняга рашэньня Савецкага раённага суду, гэта зрабіў Мікіта Емяльянаў, які на судзе прызнаў сваю віну ў пашкоджаньні будынка і тлумачыў, што пратэставаў супраць працэсу над Паліенкам.

Іван Комар здымаў дзеяньні Мікіты Емяльянава на відэа, але не прызнаў сябе вінаватым у пашкоджаньні будынка.

Другім эпізодам справы была спроба Мікіты Емяльянава кінуць «кактэйль Молатава» ў будынак СІЗА на Валадарскага, якую актывіст зрабіў 13 кастрычніка 2019 году. Анархіст сказаў, што выказваў пратэст супраць перасьледу палітычных вязьняў. Бутэлька з гаручай вадкасьцю, якую кінуў Мікіта Емяльянаў, не загарэлася.

Праз тыдзень, ноччу 20 кастрычніка, актывіст паўтарыў спробу. Кінуты ім «кактэйль Молатава» пацэліў у дзьверы пад’езда № 2 адміністрацыйнага корпусу «Валадаркі», вадкасьць разьлілася пад дзьвярыма і загарэлася. Шкоду будынку ацанілі меней як у 1,5 рубля, яна была кампэнсаваная, як і шкода Менскаму гарадзкому суду.

Напад на ізалятар сьледчыя кваліфікавалі як цяжкае злачынства, паколькі ён знаходзіцца ў будынку, прызнаным гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Адвакаты Емяльянава і Комара даводзілі ў судовых спрэчках, што іхныя падаабаронныя пра гэта ня ведалі, бо на будынках ізалятару, якія выходзяць на вуліцу Валадарскага, не пазначана, што гэта гістарычны помнік. Суд пагадзіўся з адвакатамі.

Іван Комар
Іван Комар

Іван Комар таксама быў прызнаны вінаватым у нападзе на СІЗА, хоць, зь ягоных словаў, знаходзіўся ў сквэры непадалёк ад «Валадаркі» і сустрэўся зь Мікітам Емяльянавым ужо пасьля акцыі. Пазьней іх абодвух затрымаў міліцэйскі патруль. У заплечніку Емяльянава міліцыянты знайшлі ягонае адзеньне з пахам гаручай вадкасьці.

Як ішло сьледзтва?

У матэрыялах справы фігуруе яўка з павіннай Івана Комара. Падчас дачы паказаньняў у судзе ён цалкам яе зьняпраўдзіў і заявіў, што ў камэры яго білі ды пагражалі гвалтам, каб дамагчыся прызнаньня. Суд гэтых зьвестак не праверыў.

Мікіта Емяльянаў казаў пра псыхалягічны ціск з боку міліцыянтаў неўзабаве пасьля затрыманьня. У судзе быў агучаны пратакол размовы з анархістам апэратыўнага супрацоўніка, у якой міліцыянт запэўніваў Емяльянава, што хоча яму дапамагчы, а іхная размова не запісваецца і не пратакаліруецца. Пра тое, што сказанае Емяльянавым падчас размовы будзе выкарыстана ў судзе, яго не папярэджвалі.

Актывісты ананрхісцкага руху Марына і Вячаслаў Касінеравы прыйшлі падтрымаць падсудных
Актывісты ананрхісцкага руху Марына і Вячаслаў Касінеравы прыйшлі падтрымаць падсудных

«Зялёныя» падтрымалі анархістаў: «Не памкненьне да хаосу, а замена прымусу і гвалту самакіраваньнем і згодай»

Беларуская партыя «Зялёныя» яшчэ да прысуду выдала заяву з заклікам вызваліць усіх палітычных зьняволеных у сувязі з судом над Емяльянавым і Комарам.

Партыя адзначае, што не падтрымлівае дзеяньні падсудных, але шкоду лічыць зусім нязначнай, а таксама адзначае, што падсудныя не імкнуліся нашкодзіць людзям. Яны лічаць разумным прысудзіць кампэнсацыю шкоды і вызваліць Емяльянава і Комара.

Таксама «Зялёныя» (якія не адносяць сябе да анархістаў) адзначаюць, што «сутнасьць анархізму складае не імкненьне да хаосу, а замена ўсялякага прымусу і гвалту самакіраваньнем і згодай», а «імкненьне да разьвіцьця самаарганізацыі і свабоднага грамадзтва ёсьць сёньня магістральнай дарогай чалавецтва». Таксама яны нагадваюць, што ў Беларусі шмат вуліцаў названыя ў гонар людзей анархісцкіх поглядаў: Пятра Крапоткіна, Льва Талстога і іншых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG