Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Далучайся!» на Зыбіцкай. У Менску прайшоў самы масавы мітынг супраць інтэграцыі з Расеяй


Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 20 сьнежня 2019 году
Пратэст супраць інтэграцыі Беларусі з Расеяй у Менску, 20 сьнежня 2019 году

У Менску адбылася чарговая акцыя супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Яна стала больш масавай, чым дзьве папярэднія 7-8 сьнежня. Свабода вяла жывую відэатрансьляцыю пратэсту.

Анансаванага мітынгу прыхільнікаў інтэграцыі не дачакаліся — арганізатары заявілі, што не пасьпелі падаць заяўку ў Менгарвыканкам, а плаціць штрафы ім няма з чаго.

У параўнаньні з папярэднімі шэсьцямі вечаровая акцыя 20 сьнежня пакуль самая масавая: паводле ацэнак праваабаронцаў, у пэўныя моманты ў ёй было да 1600 удзельнікаў, а трэба ўлічваць, што хтосьці сыходзіў раней, а нехта, наадварот, далучаўся.

Да гэтага ў Санкт-Пецярбургу адбыліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна. Кіраўнікі дзяржаваў прызналі, што пэўныя прынцыповыя інтэграцыйныя моманты дагэтуль ня ўзгодненыя — перадусім у газавай, нафтавай і падатковай сфэрах. Ня выключана яшчэ адна іх сустрэча да канца году.

Напярэдадні афіцыйныя СМІ правялі інтэнсіўную атаку запалохваньня патэнцыйных удзельнікаў, са спасылкай на сталічную міліцыю папярэджваючы пра наступствы ўдзелу ў «несанкцыянаваных мерапрыемствах». Таксама акцэнтавалі ўвагу, што ў Палацы рэспублікі заплянаваныя навагоднія імпрэзы, а пратэстоўцы ствараюць небясьпеку дзецям.

Тым ня менш у прызначаны час людзі пачалі актыўна падцягвацца да месца збору.

На пэрымэтры Кастрычніцкай плошчы было заўважана некалькі нарадаў ДАІ і групы міліцыянтаў у цывільным, а ў навакольных дварах сканцэнтравалася вялікая колькасьць спэцтэхнікі. Як толькі сабраліся першыя некалькі дзясяткаў чалавек, прадстаўнікі праваахоўных органаў пачалі праз мэгафоны патрабаваць «разысьціся».

Арганізатарскія функцыі, як і падчас папярэдніх акцыяў, узяў на сябе Павал Севярынец. Раней яго нават асудзілі на 15 сутак, але нечакана адпусьцілі пасьля прафіляктычнай гутаркі-папярэджаньня. Ён папрасіў не замінаць людзям каля ялінкі і не правакаваць сілавікоў.

Неўзабаве далучыліся былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім і экс-дэпутат Вярхоўнага Савету ў 1990-я гады Сяргей Антончык, палітыкі Мікалай Статкевіч, Вольга Кавалькова, Юрась Губарэвіч, Вячаслаў Сіўчык, Рыгор Кастусёў, прадстаўнікі «Моладзевага блёку» Стась Шашок і Алана Гебрэмарыям, блогеры Зьміцер Казлоў («Шэры кот») і Сяргей Ціханоўскі («Краіна для жыцьця»), мастак Аляксей Марачкін з плякатам-цытатай ад Аляксандра Лукашэнкі «На храна нам такі саюз».

Зрабілі пераклічку гарадоў — геаграфія тых, хто не застаўся ўбаку, выявілася досыць шырокай. Акрамя абласных гарадоў, прыехалі зь Пінску, Маладэчна, Вялейкі.

Праз паўгадзіны пасьля збору калёна рушыла на плошчу Незалежнасьці. Ля будынку КДБ зрабілі прыпынак, каб магутным хорам выкрыкнуць «Ганьба!».

«Сёньня, 20 сьнежня, „дзень чэкіста“. У гэты дзень Пуцін і Лукашэнка сабраліся ў Піцеры дзяліць Беларусь. Хай ня думаюць, што яны сьвяткуюць сваю перамогу», — адзначыў Павал Севярынец.

Пратэстоўцы прыпыніліся насупраць Дому ўраду, дзе на імправізаванай сцэне — вэнтыляцыйным парапэце — правялі мітынг. Поруч з актывістамі стаялі сьвятары Беларускай аўтакефальнай царквы.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», лік удзельнікаў тут вырас да 1600 чалавек. Калёну дагнаў палітык Мікола Статкевіч, які закляйміў ганьбай «інтэгратараў». А Сяргей Антончык узгадаў, як у пачатку 1990-х выводзіў на гэтую плошчу дзясяткі тысячаў рабочых і дамагаўся незалежнасьці Беларусі.

«Калісьці на будынку, дзе працаваў Вярхоўны Савет, была наша „Пагоня“ і лунаў наш бела-чырвона-белы сьцяг. Калісьці мы разам з вамі ўзнавілі нашую краіну, за якую змагаліся сотні пакаленьняў беларусаў. Але сёньня над намі навісла сьмяротная пагроза», — папярэдзіў былы дэпутат.

З плошчы Незалежнасьці калёна вярнулася іншым маршрутам — праз вуліцы Валадарскага, Нямігу і далей у бок самай тусовачнай вуліцы Менску — Зыбіцкай. Цягам усяго маршруту было чуваць споклічы «Жыве Беларусь!», заклікі «Далучайся». У наўпроставым эфіры Свабоды ўдзельнікі тлумачылі, чаму інтэграцыйныя пляны Расеі — забойчыя для Беларусі.

Адтуль удзельнікі акцыі вярнуліся на Кастрычніцкую плошчу, дзе спрабавалі зладзіць жывы ланцуг. Частка людзей узяліся за рукі і сталі ўздоўж праспэкту на плошчы, а іншыя спусьціліся да скрыжаваньня праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Янкі Купалы.

На заканчэньне каля ўваходу ў парк Янкі Купалы людзі прасьпявалі духоўны гімн «Магутны Божа», і Павал Севярынец паведаміў, што акцыя скончаная. Яна доўжылася тры гадзіны, за гэты час пратэстоўцы прайшлі прыкладна 5 кілямэтраў — ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці і назад праз Нямігу і Зыбіцкую вуліцу. Зьвестак пра затрыманьні ці эксцэсы зь сілавікамі не зафіксавана. Працяг акцыі супраць «паглыбленай інтэграцыі» — 21 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG