Матэрыялы газэты «Вечерний Могилёв», у якіх Міністэрства інфармацыі выявіла гамафобныя выказваньні, Ленінскі суд Магілёва не прызнаў экстрэмісцкімі. Такое рашэньне вынес судзьдзя Аляксандар Бушкевіч. Працэс у сувязі з гамафобнымі публікацыямі быў першым у Беларусі.
У сваім выраку судзьдзя Бушкевіч паўтарыў вынікі экспэртызы, якую праводзіла на зварот рэдакцыі газэты абласное ўпраўленьне Камітэту судовых экспэртызаў.
18 сьнежня супрацоўнікі апошняга ў судзе заявілі, што ў спрэчных публікацыях выказваньняў пабуджальнага характару, якія заклікалі да гвалтоўных дзеяньняў, няма. Такая выснова супярэчыла цьверджаньням экспэртнай камісіі Міністэрства інфармацыі.
У спрэчках прадстаўнік Ленінскага раённага аддзелу міліцыі, які зьвярнуўся ў суд з заявай на газэту, падтрымаў прэтэнзіі да яе.
Міліцыя можа абскардзіць вырак у абласным судзе
Як газэта трапіла пад перасьлед
Справу супраць газэты «Вечерний Могилёв» разглядаў з 8 ліпеня Ленінскі суд Магілёва. Нагодай для перасьледу выданьня сталі яго гамафобныя публікацыі, выяўленыя экспэртнай камісіяй Міністэрства інфармацыі.
У ведамства на газэту паскардзіўся актывіст ЛГБТ з Маладэчна Валянцін Цішко. Ён даслаў 14 матэрыялаў, у якіх угледзеў гамафобныя выказваньні. У двух тэкстах экспэрты выявілі прыкметы экстрэмізму.
Пазьней Міністэрства інфармацыі зьвярнулася ў Ленінскі раённы аддзел міліцыі Магілёва з заявай аб прыцягненьні газэты да адказнасьці. Выданьню пагражаў штраф да 1275 рублёў.
16 жніўня Эканамічны суд Менску прызнаў дзейным рашэньне рэспубліканскай экспэртнай камісіі, якая прыйшла да высновы, што два артыкулы газэты ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізму і ў іх ужываецца мова варожасьці супраць ЛГБТ-супольнасьці. У менскім судзе «Вечерний Могилёв» намагаўся прызнаць экспэртнае заключэньне незаконным.
На неабходнасьці паўторнай экспэртызы настаяў прадстаўнік выданьня ў судзе Станіслаў Леўчанка. Сваё хадайніцтва ён тлумачыў тым, што «праект экспэртнага заключэньня, які ёсьць у матэрыялах справы», выклікае «сумневы ў абгрунтаванасьці і праўдзівасьці выкладзеных высноваў». Ён даводзіў, што камісія Міністэрства інфармацыі працавала на грамадзкіх асновах, таму даверу да яе няма.
Сьцісла пра газэту «Вечерний Могилёв»
- Недзяржаўнае інфармацыйна-рэклямнае выданьне. Выходзіць 2 разы на месяц. Рэдакцыя месьціцца ў магілёўскім Доме друку разам зь дзяржаўнымі газэтамі.
- Паводле маніторынгаў ініцыятывы «Журналісты за талерантнасьць», гэта лідэр ва ўжываньні мовы варожасьці.
- Судовы працэс газэта лічыць палітычнай замовай з боку «голубого лобби во власти». Так гаворыцца ў звароце да чытачоў «Укантакце».