Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вядома пра «беларускага алігарха» Вараб’я, які нібыта пастаўляе расейскі вугаль ва Ўкраіну


Кампанія NT Marine, зарэгістраваная ў Эстоніі, атрымала дазвол Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі на пастаўку больш як 600 тысяч тонаў энэргетычнага вугалю з Расеі ва Ўкраіну.

Як паведамляе RBC, аб’ём для гэтага пастаўшчыка, якога зьвязваюць зь беларускім бізнэсоўцам Мікалаем Вараб’ём, быў зацьверджаны ў сьнежні.

Украінскія кампаніі ня могуць наўпрост набываць расейскі вугаль: ад 1 чэрвеня 2019 году вываз з Расеі вугалю і нафтапрадуктаў на тэрыторыю Ўкраіны ажыцьцяўляецца на падставе дазволаў, якія выдае Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі. Такія абмежаваньні былі ўведзеныя расейскім урадам у адказ на забарону Ўкраінай паставак расейскіх тавараў на сваю тэрыторыю.


Ці расейскі вугаль?

Пасьля актыўных баявых дзеяньняў на Данбасе, у студзені 2015 году, у Данецку быў створаны Рэспубліканскі цэнтар «Гандлёвы дом „Вугаль Данбасу“». Ад таго часу ўся адгрузка вугалю з акупаваных раёнаў Данбасу адбываецца на падставе пісьмовага дазволу гэтай арганізацыі.

Па сутнасьці, для самаабвешчаных уладаў гандаль вугалем быў і застаецца найбольш прыбытковай і ці не адзінай надзейнай крыніцай фінансаваньня. Вугаль з Данбасу пастаўляецца ў расейскі Растоў празь некантраляваны Кіевам участак украінска-расейскай мяжы. Увесь гэты час расейскія кампаніі перапрадавалі гэты вугаль беларускім кампаніям, а тыя, каб «замесьці сьляды» ягонага паходжаньня, — эўрапейскім ці ўкраінскім кампаніям.

Папярэднія тры гады вугаль з Расеі ва Ўкраіну пастаўлялі зарэгістраваныя ў Беларусі кампаніі ТАА «Транс-Вугаль», «ТЕРРА» (пазьней перайменаваная ў «Новабітінвест»), «Экойл Кэмікл», «ЭкалайнСістэмс», «Вестэк» і «Бізнэс-Альянс».

На ўкраінскай мяжы вугаль афармляўся як расейскі. Толькі сёлета Служба бясьпекі Ўкраіны зацікавалася схемамі паставак вугалю з акупаванага Данбасу — цяпер расьсьледуюца дзьве крымінальныя справы, у якіх фігуруюць як беларускія, гэтак і эўрапейскія кампаніі.

Свабода сабрала асноўныя факты пра невядомага шырокай публіцы бізнэсоўца Мікалая Вараб'я, які, паводле СМІ, кантралюе пастаўкі расейскага вугалю ва Ўкраіну.

Скончыў гістфак, заняўся бізнэсам

Мікалай Варабей нарадзіўся ў 1963 годзе ва Ўкраіне. У 1985-м скончыў гістарычны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, пасьля чаго трапіў на службу ў войска. Частка, у якой служыў будучы бізнэсовец, знаходзілася ў Беларусі. Пасьля двух гадоў службы Варабей застаўся тут. Паводле рэйтынгу выданьня «Ежедневник», бізнэсам Варабей заняўся яшчэ ў 1992 годзе. Якім дакладна, невядома.

«Што тычыцца маёй гістарычнай адукацыі, то магу вас запэўніць, што веданьне гісторыі яшчэ нікому не перашкодзіла ў разуменьні сучаснасьці і прагназаваньні будучыні», — расказваў Мікалай Варабей у красавіку 2019 году ў размове з TUT.BY. Гэта пакуль адзінае інтэрвію, якое ён даў СМІ. Пра яго прыватнае жыцьцё таксама вядома вобмаль. Жанаты, пра дзяцей інфармацыі ў адкрытым доступе няма. Захапляецца паляваньнем і прыродай.

Блізкі партнэр уласьніка берасьцейскага «Дынама» Аляксандра Зайцава

«Абсалютбанк», «Аўтаімпарт», турыстычны комплекс з паляўнічымі гаспадаркамі «Красны Бор», «Нафтабітумны завод» ля Чэрвеня, кампанія-нафтатрэйдэр «Інтэрсэрвіс», лягістычная кампанія «Брэміна груп» — гэта яшчэ ня поўны сьпіс актываў Вараб’я ў Беларусі. Кампаніяй «Брэміна груп» бізнэсовец валодае разам з Аляксандрам Зайцавым, больш вядомым як уласьнік футбольнага клюбу «Дынама Берасьце». Яшчэ адным акцыянэрам гэтай лягістычнай кампаніі зьяўляецца Аляксей Алексін. Да пачатку 2019 году асноўным партнэрам Вараб’я быў Аляксандар Шакуцін, аднак увесну яны падзялілі актывы і больш ня маюць супольнага бізнэсу.

Зь іншых важных актываў Мікалая Вараб’я можна вылучыць кампанію «Інтэрсэрвіс». Гэта буйное прыватнае прадпрыемства Беларусі, якое займаецца гандлем энэрганосьбітамі. Менавіта «Інтэрсэрвіс», паводле зьвестак РБК, набывае цяпер каменны вугаль у Расеі з мэтай перапродажу ва Ўкраіну.

У 2018 годзе Варабей заняў 17-ы радок у рэйтынгу 200 самых уплывовых бізнэсоўцаў Беларусі паводле выданьня «Ежедневник». Апярэдзіўшы пры гэтым такіх вядомых асобаў, як Алег Хусаенаў і Юры Чыж.

Знаёмы з «кумам Пуціна»

Пра магчымую сувязь Мікалая Вараб’я зь вядомым украінскім прарасейскім палітыкам Віктарам Медзьведчуком (які насамрэч зьяўляецца хросным бацькам дачкі прэзыдэнта Расеі) стала вядома летась. Тады падкантрольны Вараб’ю «Нафтабітумны завод» вырашыў набыць украінскае прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс». Яму належыць больш за 1000 км трубапровадаў для перапампоўваньня нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі ва Ўкраіну, а таксама для іх далейшага транзыту ў краіны Эўразьвязу.

Уласьнікам «Прикарпатзахідтрансу» да продажу яго Вараб’ю зьяўлялася кампанія International Trading Partners AG. Неўзабаве пасьля пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны International Trading купіла нафтаправод у расейскай «Татнефти». Сама International Trading Partners AG зарэгістраваная ў Швайцарыі і, паводле СМІ, належыць блізкаму да Медзьведчука грамадзяніну Нямечыны Анатолю Шэфэру.

Аб сувязі Мікалая Вараб’я і Віктара Медзьведчука ўскосна сьведчыць і той факт, што сёлета ў верасьні ўкраінскі палітык атрымаў зь менскай філіі беларускага банку «Абсалютбанк» 2,347 мільёнаў грыўняў (крыху больш як 95 тысяч даляраў у эквіваленце) у якасьці «ганарараў і іншых плацяжоў згодна з цывільна-прававымі дзеяньнямі». Гэты банк належыць менавіта Мікалаю Вараб’ю.

Паводле публікацыі РБК , набываць расейскі вугаль для далейшага перапродажу ва Ўкраіну беларускі бізнэсовец будзе праз эстонскую кампанію NT Marine. Сувязь Вараб’я з NT Marine, паводле РБК, пацьвярджаюць некалькі крыніц у вугальнай галіне. Афіцыйнай інфармацыі пра гэта няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG