Дазвол ёсьць. Беларускі «Нафтабітумны завод» стаў уласьнікам украінскай часткі нафтаправоду.
Антыманапольны камітэт Украіны дазволіў беларускаму нафтабітумнаму заводу набыць частку статутнага капіталу ўкраінскага ТАА «Прыкарпатзахадтранс» (г. Роўна), якая забясьпечвае звыш 50% галасоў у вышэйшым органе кіраваньня кампаніі.
Гэтае пытаньне мусіла разглядацца 14 сакавіка, але зь невядомых прычын было зьнятае з парадку дня паседжаньня Антыманапольнага камітэту.
Такім чынам, беларускае ўнітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод» з другой спробы ўвайшло на ўкраінскі рынак —фактычна беларускі інвэстар атрымаў доступ да перапампоўкі расейскага дызэльнага паліва праз Украіну ў Эўразьвяз. Пра кошт зьдзелкі не паведамляецца.
«Нафтабітумны завод» належыць найбуйнейшаму прыватнаму беларускаму нафтатрэйдару «Інтэрсэрвіс» бізнэсоўца Мікалая Вараб’я. У 2016 годзе гэтая кампанія пастаўляла зь Беларусі ва Ўкраіну дызэльнае паліва расейскай вытворчасьці ў абʼёме каля 60 тысяч тон. У 2018 годзе «Нафтабітумны завод» паставіў ва Ўкраіну каля 7 тыс тон бітуму.
Згодна з адкрытымі зьвесткамі, да гэтай зьдзелкі аднаасобным уласьнікам кампаніі быў 44-гадовы грамадзянін Нямеччыны Анатоль Шэфэр, які жыве ў Швайцарыі і зьяўляецца заснавальнікам International Trading Partners AG са статутным капіталам у памеры 105,563 мільёна грыўняў (4 мільёны даляраў ЗША ў эквіваленце).
Украінскія СМІ называюць Анатоля Шэфэра падстаўной асобай, сьцьвярджаючы, што кампанія, з аднаго боку, мае дачыненьне да алігарха Сяргея Курчанкі (бізнэсовец, які ўваходзіў у так званую «сям’ю Януковіча»), а з другога — да ўдзельніка перамоваў па Данбасе ў менскай трохбаковай кантактнай групе, кума Пуціна Віктара Медзьведчука і ягонага партнэра Тараса Козака, цяперашняга дэпутата фракцыі «Апазыцыйны блёк».
У 2015 годзе актывы кампаніі былі выведзеныя зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны. Тады суд пастанавіў перадаць усе актывы ў кіраваньне расейскай «Транснефти». Неўзабаве пасьля таго судовага рашэньня расейская «Транснефть» прадала трубаправод швэйцарскай International Trading Partners AG.
Цяпер шэраг дэпутатаў Вярхоўнай Рады Ўкраіны заявілі, што ініцыююць перагляд судовых рашэньняў аб вывядзеньні актываў кампаніі зь дзяржаўнай уласнасьці Ўкраіны.