Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Свабоды Ганна Соўсь атрымала Нацыянальную праваабарончую прэмію


Ганна Соўсь
Ганна Соўсь

10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, праваабарончая супольнасьць Беларусі назвала ляўрэатаў Нацыянальнай прэміі за дасягненьні ў галіне правоў чалавека.

Ляўрэатам у намінацыі «Журналіст году» стала Ганна Соўсь з Радыё Свабода.

За Ганну ўзнагароду атрымала яе маці Ларыса Соўсь
За Ганну ўзнагароду атрымала яе маці Ларыса Соўсь

У намінацыі «Праваабаронца году» прэмію атрымаў Леанід Судаленка (Гомельскі цэнтр стратэгічнай цяжбы). Найлепшай праваабарончай ініцыятывай стала кампанія супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці.

Больш за дзьвесьце рэпартажаў Ганны Соўсь з абароны Курапатаў былі адзначаныя прэміяй імя Алеся Адамовіча беларускага ПЭН-цэнтру ў 2002 годзе. Пільны фокус на правах чалавека ў яе працы ўвасобіўся ў два тамы унікальных партрэтаў сучасьнікаў «Адзін дзень палітвязьня» (2009, 2011), якія атрымалі шырокі розгалас у Беларусі і за мяжой.

Кніга «Жыцьцё пасьля раку» (2014) стала прыкладам супрацы грамадзкай ініцыятывы, прафэсійнай мэдыцыны і журналісткі ў разбурэньні аднаго з самых пашыраных табу беларускага соцыюму.

У 2017 годзе Ганна Соўсь самастойна ажыцьцявіла ўнікальны праект «Расея і Я» — цыкль тэлевізійных інтэрвію з былымі лідэрамі краінаў, якія мяжуюць з Расеяй. Матэрыялы цыкля выйшлі ў сьвет на трох мовах і атрымалі высокую ацэнку ў розных краінах.

Праваабарончая прэмія за дасягненьні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе «Праваабарончым альянсам». За гады з моманту заснаваньня прэмія пашырылася. Цяпер беларуская праваабарончая супольнасьць штогод адзначае ёю найлепшага праваабаронцу, журналіста, адваката (да 2015 г.), і ўпершыню ў 2016 г. — найлепшую праваабарончую кампанію ці ініцыятыву.

У розныя гады прэмію атрымлівалі журналісты Свабоды Алег Грузьдзіловіч, Алена Панкратава і Галіна Абакунчык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG