Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд прызнаў фільм Nexta пра Лукашэнку экстрэмісцкім


Выява блогера Nexta на перадвыбачым мітынгу ў Менску 8 лістапада 2019 году
Выява блогера Nexta на перадвыбачым мітынгу ў Менску 8 лістапада 2019 году

Суд прызнаў фільм Nexta «Аляксандар Лукашэнка: крымінальныя матэрыялы» экстрэмісцкім яшчэ 21 лістапада. Пра гэта Свабодзе паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага Суду Юлія Ляскова.

Судовае рашэньне ўступае ў сілу праз 15 дзён — то бок якраз сёньня, 6 сьнежня. Пасьля ўступленьня яго ў сілу тыя, хто распаўсюджвае фільм, будуць лічыцца парушальнікамі закону.

Цяпер у фільму амаль 1,9 мільёна праглядаў на YouTube.

У той жа дзень, калі адбыўся суд, на беларуска-польскай мяжы быў затрыманы журналіст Уладзімер Чудзянцоў, які нібыта дапамагаў блогеру Nexta ў стварэньні фільму.

Як у Беларусі змагаюцца з экстрэмізмам

Закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» ўступіў у сілу ў 2007 годзе. У адпаведнасьці з артыкулам 14 гэтага закону забараняюцца выданьне і (або) распаўсюд, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі, экстрэмісцкіх матэрыялаў.

У жніўні 2014 году ў Беларусі была створана Рэспубліканская экспэртная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасьці (адсутнасьці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму. Камісія «атрымала манаполію» на выяўленьне экстрэмізму. У яе складзе дзяржаўныя чыноўнікі, у тым ліку з КДБ, Мытнага камітэту, Мінінфарму. Цяперашні склад камісіі можна паглядзець тут.

У сьпіс дадаюцца матэрыялы, забароненыя рашэньнямі судоў. За выраб, распаўсюд ці нават перавозку экстрэмісцкіх матэрыялаў (у тым ліку падабайку і рэпост) паводле арт. 17.11 КаАП РБ можа пагражаць штраф да 50 базавых велічыняў (1275 рублёў), канфіскацыя сродку ўчыненьня злачынства (напрыклад, кампутара, зь якога ставілася падабайка) і адміністрацыйны арышт.

Першы па парадку пункт у сьпісе — фільм «Урок беларускай мовы», які расказвае пра прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і вучняў выгнанага беларускімі ўладамі Коласаўскага ліцэю. Але экстрэмісцкай у Беларусі лічыцца і інфармацыя з прапагандай экстрэмісцкай дзейнасьці або з заклікамі да яе — гэта значыць, можна пакараць чалавека за распаўсюд (або нават перавозку з мэтай распаўсюду) матэрыялу, яшчэ не прызнанага экстрэмісцкім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG