Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Басьнякі ў Сараеве пратэставалі супраць нобэлеўскага ляўрэата


Дзясяткі людзей, якія перажылі балканскую вайну, пратэставалі ў Сараеве, заклікаючы Нобэлеўскі камітэт адклікаць сваё рашэньне аб прысуджэньні Нобэлеўскай прэміі аўстрыйскаму пісьменьніку Пэтэру Гандке.

Пратэстоўцы сабраліся ў аўторак перад швэдзкім пасольствам у цэнтры Сараева, трымаючы ў руках плякаты, на якіх Гандке параўноўваецца з былым прэзыдэнтам Сэрбіі Слабаданам Мілошавічам і ваеннымі лідэрамі басьнійскіх сэрбаў — Радаванам Караджычам і Раткам Младзічам.

Усе тры былыя сэрбскія лідэры паўсталі перад судом за генацыд перад Трыбуналам па ваенных злачынствах ААН. Мілошавіч памёр у 2006 годзе да заканчэньня суда. Караджыч і Младзіч былі асуджаныя на пажыцьцёвае зьняволеньне.

«Узнагароджаньне Гандке раўназначнае пахвале за ўчыненьне злачынства» або «Узнагарода Гандке — гэта ўзнагарода для Слабадана Мілошавіча» — гэта толькі некаторыя з лёзунгаў на банэрах, якія яны прынеслі.

Прычынай скандалу зьяўляецца, перш за ўсё, тэкст аўтара ад 1996 года, пад назвай «Зімовае падарожжа на Дунай, Саву, Маравію і Дрыну або правасудзьдзе для Сэрбіі». Гандке паказвае сэрбаў як ахвяраў грамадзянскай вайны, паводле крытыкаў, ён таксама падвяргае сумневу генацыд, які меў месца ў Срэбраніцы.

Гандке на пахаваньні Мілошавіча ў 2006 годзе назваў яго «даволі трагічным чалавекам». — Я ня ведаю праўду. Але я гляджу. Я адчуваю. Я памятаю. Вось чаму я тут, побач з Югаславіяй, побач з Сэрбіяй, побач са Слабаданам Мілошавічам, — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG