Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскае мэтро не прапусьціла рэкляму з Форэстам Гампам у вышыванцы

абноўлена

Рэклямны макет «Кінаконга»
Рэклямны макет «Кінаконга»

Менскі мэтрапалітэн забараніў рэклямаваць ініцыятыву «Кінаконг», якая дублюе замежныя фільмы на беларускую мову, беларускамоўным плякатам з Форэстам Гампам у вышыванцы. Пра гэта напісаў у сваім фэйсбуку дырэктар «Кінаконгу» Андрэй Кім.

«Фо́рэст Гамп» — фільм рэжысэра Робэрта Зэмэкіса, які выйшаў на экраны ў 1994 годзе. Гэта найбольш пасьпяховы фільм рэжысэра. Фільм атрымаў 38 узнагарод, сярод іх 6 прэмій «Оскар». «Форэст Гамп» сабраў у пракаце 677 мільёнаў даляраў.

Як распавяла Свабодзе супрацоўніца рэклямнай агенцыі «Медыя-Альянс» Аксана, макет з Форэстам Гампам не ўзгадніў рэклямна-інфармацыйны аддзел мэтрапалітэну. Супрацоўнікі мэтро сказалі прыбраць з плякату вышыванку і замяніць слоган «Жыцьцё як скрынка шакалядных цукерак». Менавіта гэту цытату ў фільме «Форэст Гамп» неаднаразова паўтарае герой Тома Хэнкса.

«Сказалі перамаляваць кашулю, каб там не было вышыванкі. І іншы слоган напісаць. З пасылам „Глядзіце кіно па-беларуску“. То бок, такі слоган як зараз не падышоў», — сказала Аксана.

Паколькі забарона была ў вуснай форме, «Медыя Альянс» будзе дасылаць на ўзгадненьне мэтро гэты ж макет заказным лістом.

«Нам сказалі, што ў мэтрапалітэне ёсьць камісія па ўзгадненьні рэклямных макетаў і яны калегіяльна прынялі такое рашэньне», — сказала Аксана.

Начальніца рэклямна-інфармацыйнага аддзелу Сьвятлана Зізіка адмовілася камэнтаваць сытуацыю.

Паводле Кіма, гэта ня першы выпадак, калі мэтрапалітэн забараніў рэкляму «Кінаконгу». Летась у мэтро не дазволілі разьмяшчаць цытаты Караткевіча, Коласа, Багушэвіча пра беларускую мову.

«Пасьля доўгіх узгадненьняў і пагрозы скандалу дазволілі толькі Коласа», — напісаў Кім.

Сёлета мэтрапалітэн адмовіў у разьмяшчэньні рэклямы Symbal.by, на якой было фота дзяўчыны ў цішотцы з «Пагоняй». Аднак паводле заканадаўства такая рэкляма не забаронена.

Рэклямны макет Symbal.by
Рэклямны макет Symbal.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG