Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураду Румаса — 1 год. Чаму ён ня стаў рэфарматарскім?


 Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў падводзіць вынікі працы ўраду Румаса за год пасьля прызначэньня і заяўляе, што Лукашэнка нікому не дазволіць адхіліцца ад цяперашняй эканамічнай і сацыяльнай мадэлі, а таксама чарговы раз дае нэгатыўны прагноз для беларускай эканомікі.

Сьцісла:

  • Альбо ва ўрадзе не разьбіраюцца ў макраэканоміцы, альбо паводзяць сябе, як у прыказцы «альбо ішак памрэ, альбо падышах».
  • Цяжка чакаць, што пры каштоўнасьцях, якія мае беларуская ўлада, эканоміка можа разьвівацца.
  • Усё зводзіцца да «навядзеньня дысцыпліны і парадку». Большага ён ня можа.
  • Пакуль не адбудуцца зьмены ўнутры сыстэмы, нічога лепшага ня варта чакаць.

«Сытуацыя ў эканоміцы ў цэлым стала нават горшай за гэты год»

— 18 жніўня 2018 году Сяргей Румас быў прызначаны новым прэм’ер-міністрам Беларусі. Зьмяніўся таксама шэраг ключавых міністраў, таму фактычна журналісты і грамадзтва казалі пра «новы ўрад». Тады ж у некаторай часткі публіцыстаў і камэнтатараў зьявіліся спадзяваньні, што новы склад ураду будзе больш рынкавым і лібэральным. Ці спраўдзіліся гэтыя чаканьні?

— Не, вядома. Мы бачым, што эканоміка ўсё цяжэй зводзіць канцы з канцамі. Мы ўсё больш жывём за кошт вонкавых рэсурсаў. Лепш ня стала.

— Ці адбыліся нейкія спробы эканамічных пераўтварэньняў, якія б дазволілі сказаць, што гэты ўрад мае іншыя, адрозныя падыходы?

— У першай палове 2019 году крэдыторская запазычанасьць прадпрыемстваў павялічылася ў прамысловасьці на 12-13 %. Гэта азначае, што дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё больш апускаюцца ў даўгавую яму, зь якой немагчыма выйсьці ў той сыстэме, якая захоўваецца. Так што сытуацыя ў эканоміцы ў цэлым стала нават горшай за гэты год.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

— На 2019-ы ўрад даваў надзвычай аптымістычны прагноз — рост ВУП каля 4 %. Вынікі першага паўгодзьдзя паказваюць, што гэтая лічба была неапраўдана аптымістычнай і што рэальны вынік будзе бліжэй да 1 %. Чаму так атрымалася?

— І гэты 1 % атрыманы ў значнай ступені за кошт рост замежнага доўгу. Росту за кошт унутраных рэсурсаў няма. Румас абяцаў выканаць заданьне пяцігадовага пляну, які правальваецца з трэскам.

Альбо яны не разьбіраюцца ў макраэканоміцы, альбо паводзяць сябе, як у прыказцы «альбо ішак памрэ, альбо падышах». Я ня думаю, што наш урад не разумее сытуацыі. Аднак росту эканомікі, які яны абяцалі, не адбудзецца, выкананьня 5-гадовага пляну не адбудзецца. Усё стала горш у параўнаньні зь мінулым годам.

— Тое, што ўрад Румаса не правёў нейкіх чаканых неабходных крокаў — чаму гэта адбылося? Ім не дазваляе Аляксандар Лукашэнка ці самі яны не настолькі рыначнікі, як гэта прынята лічыць?

— Ня трэба разьлічваць на ўрад. Лукашэнка нікому не дазволіць адхіліцца ад цяперашняй эканамічнай і сацыяльнай мадэлі. Відавочна ж, што зьмена эканамічнай мадэлі непазьбежна прывядзе да зьменаў у палітычнай сыстэме і страты паўнаты ўлады аднаго чалавека.

Лукашэнка верны сваім прынцыпам, якія ён абвяшчаў, калі прыйшоў да ўлады. Таму нічога ніякі ўрад толкам зрабіць ня здолее. Ведаем апошні прыклад — толькі нешта аблягчылі для малага бізнэсу, як адразу Камітэт дзяржаўнага кантролю пачынае вяртаць старыя ўмовы. Гэта адбываецца ў выніку агульнай ідэалёгіі дзяржавы, страху згубіць палітычную ўладу.

Я б сказаў, што калі прыйдуць нейкія іншыя, самыя адукаваныя людзі ва ўрад, яны ўсё роўна нічога ня зробяць. Трэба мяняць сыстэму капітальна. Палітычная, эканамічная, ідэалягічная сыстэма ўзаемазьвязаныя. Цяжка чакаць, што пры каштоўнасьцях, якія мае беларуская ўлада, эканоміка можа разьвівацца.

«Усё зводзіцца да „навядзеньня дысцыпліны і парадку“. Большага ён ня можа»

— Але многія камэнтатары заяўлялі, што калі сытуацыя прыцісьне, то Лукашэнка як прагматычны палітык пойдзе на эканамічныя пераўтварэньні. Чаму гэтага так і не адбылося?

— Ні на якія рэформы Лукашэнка ня пойдзе. Ён прытрымліваецца тых сваіх каштоўнасьцяў, якія вызнае ўсё жыцьцё. Гэта ня веды, а гэта тыя этычныя нормы, у якія чалавек верыць. Гэта як вера ў Бога — пераканаць такога чалавека немагчыма.

— Цяпер пра неабходнасьць рэформаў даволі гучна кажуць ня толькі незалежныя эканамісты, але і, напрыклад, прадстаўнік Сусьветнага банку ў Беларусі. У нядаўнім артыкуле ён заявіў, што калі Беларусь і далей будзе падтрымліваць зь бюджэту дзяржаўныя прадпрыемствы, гэта прынясе вялікія праблемы для беларускай эканомікі.

— Яны ўсё правільна кажуць. Лукашэнка чуе ўсё гэта і па-свойму спрабуе нешта рабіць. Ён усё больш узмацняе жорсткасьць, дысцыпліну выкананьня розных плянаў і камандаў. Калі б у яго была такая магутнасьць, як у Сталіна, ужо б расстрэльваў кагосьці. Але ўсё зводзіцца да «навядзеньня дысцыпліны і парадку». Большага ён ня можа.

— Часам пра крытычна настроеных незалежных эканамістаў кажуць, што яны гадамі прагназуюць каляпс эканомікі, а ён усё не наступае. Сёлета напрыклад, нягледзячы ні на што, растуць даходы насельніцтва.

— Вялікія сыстэмы ня мяняюцца за год-два. Я сапраўды пісаў, што мы прыйдзем да вельмі нізкага ўзроўню жыцьця. Але гэта не адбываецца вельмі хутка, да таго ж узровень жыцьця беларусаў сапраўды вельмі невысокі цяпер.

Людзі, якія прадказвалі, што савецкая эканамічная сыстэма разбурыцца, у выніку мелі рацыю, хоць і чакаць давялося 70 гадоў. Беларуская эканамічная сыстэма таксама заканчваецца, яна можа існаваць 30-35 гадоў. Хаця яна можа існаваць і ў цалкам разваленым стане, як у Паўночнай Карэі альбо на Кубе.

І калі казаць пра ўзровень жыцьця, мы бачым розьніцу. Мы бачым, што нашыя суседзі ўступілі ў Эўразьвяз і ў іх даходы вырасьлі ў 2 разы з 2005 году. Беларусь адстала, сярэдні заробак не падымаецца 10 гадоў, а большасьць жыхароў Беларусі не атрымлівае нават яго.

— Як тады можа выглядаць ваш эканамічны прагноз? Расейскія субсыдыі зьмяншаюцца, эканамічных рэформаў улада праводзіць не зьбіраецца...

— Лепш пры гэтай сыстэме ня будзе ні ў якім варыянце. Я ня бачу ўнутры Беларусі сілаў, якія могуць зьмяніць кірунак разьвіцьця. Расея ня будзе на ранейшым узроўні нас падтрымліваць, у тым ліку таму, што яна сама абяднела, і ў іх эканоміка стала неэфэктыўнай, колькасьць бедных расьце. Плюс гонка ўзбраеньняў, якую разганяе Пуцін, каб «зрабіць Расею вялікай».

Таму калі не адбудуцца зьмены ўнутры сыстэмы (я нават не кажу пра зьмену ўлады, хаця б зьмены ўнутры сыстэмы), то нічога лепшага ня варта чакаць. Бо гэтая сыстэма нежыцьцяздольная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG