Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радзіхоўскі: Лукашэнка выступіў піяр-настаўнікам для Пуціна


20 ліпеня споўніцца 25 гадоў з дня першай інаўгурацыі прэзыдэнта Лукашэнкі. Як кіраваная ім Беларусь і ён сам паўплываў на Расею за гэтыя чвэрць стагодзьдзя?

Мы задалі гэтае пытаньне вядомым і ўплывовым расейскім палітычным экспэртам.

Сёньня мы прапануем вашай увазе адказ расейскага публіцыста і палітоляга Леаніда Радзіхоўскага.

Сьцісла:

  • Лукашэнка — ідэальны лідэр для велізарнай большасьці савецкіх людзей, дзе б яны ні жылі
  • У выглядзе Пуціна паставілі нам расейскага Лукашэнку
  • Лукашэнка значна бліжэй да рэальнага «саўка», чым Расея
  • Лукашэнка выступіў піяр-настаўнікам для Расеі, піяр-настаўнікам для Пуціна

Радзіхоўскі: Лукашэнка — ідэальны лідэр для велізарнай большасьці савецкіх людзей, дзе б яны ні жылі, у Беларусі, у Расеі, у Грузіі. Гэта людзі, якія называюцца словам «савок». Гэта слова мае зьдзекліва-іранічны сэнс, хаця гэта няправільна. «Савок» — гэта проста правінцыял адносна Захаду, асабліва адносна заходніх сталіцаў. Але правінцыял дастаткова ўпэўнены ў сябе, дастаткова агрэсіўны. Гэта чалавек, які хоча, з аднаго боку, дзяржаўнага патэрналізму, абароны, з другога боку, які ня любіць надта вялікіх разумнікаў, ня любіць балбатуноў, ня любіць міжнародныя арганізацыі.

Такіх людзей і на Захадзе поўна. Яны зараз на Захадзе вельмі актыўна галасуюць супраць глябалізму. Гэта Трамп, у рэшце рэшт. Трамп нібыта дэкляруе адваротныя рэчы — асабістая ініцыятыва, менш дзяржавы, але гэта такі «савок» у амэрыканскім выданьні.

Лукашэнка паказаў Расеі 90-х нейкага ідэальнага лідэра. Вядома, што ў Расеі 90-х паводле апытаньняў народ бы абраў прэзыдэнтам Лукашэнку. Зюганаў — баязьлівец, нікчэмнасьць, ніколі ня сьмеў усур’ёз спрачацца зь Ельцыным. Таму за яго і не галасавалі. А за Лукашэнку ахвотна б прагаласавалі.

Ельцын і яго атачэньне зрабілі з гэтага ўрок. І ў выглядзе Пуціна паставілі нам расейскага Лукашэнку.

Са сваімі асаблівасьцямі, са сваім бэкграўндам, але падобнага на Лукашэнку. Ён таксама можа прадстаўляць сябе лідэрам «саўкоў». У псыхалёгіі ёсьць паняцьце «зона бліжэйшага разьвіцьця». Гэта стан, у які дзіця дакладна прыйдзе праз кароткі, вызначаны тэрмін. Скажам, калі яму паўгоду — ён хутка пачне хадзіць, калі яму год — ён хутка пачне гаварыць. Лукашэнка паказаў «зону бліжэйшага разьвіцьця» для Расеі. Пасьля таго, што называлася радыкальнымі рэформамі, Расеі быў неабходны адкат. І ўзор гэтага адкату нам паказаў Лукашэнка.

Хаця Пуцін, зразумела, толькі імітуе гэты «саўковы» стыль. Імітуе ў палітыцы, імітуе ў піяры. Але ў сацыяльнай сфэры ён вядзе зусім іншую палітыку, працягваючы, зь некаторымі зьменамі, ельцынскую палітыку. Наколькі я разумею, у Беларусі няма такога велізарнага разрыву паміж багатымі і беднымі, беларускія чыноўнікі не зьяўляюцца сапраўднымі алігархамі, у Расеі такія чыноўнікі, як Сечын — гэта сапраўдныя алігархі. У гэтым і палягала know how, якое прыдумалі кіраўнік адміністрацыі Ельцына Валошын і кампанія: унутры «саўковага» траянскага каня працягнуць ельцынскі курс.

Рыторыка — «саўковая» з папраўкай на Расею. У Беларусі імпэрская рыторыка непапулярная, у Расеі папулярная. А зьмест іншы.
Лукашэнка значна бліжэй да рэальнага «саўка», чым Расея. Расея ўсё далей сыходзіць ад «саўка», але задам наперад, працягваючы прамаўляць магічныя «саўковыя» формулы.

Лукашэнка выступіў піяр-настаўнікам для Расеі, піяр-настаўнікам для Пуціна. Не рэальным настаўнікам — не ў эканоміцы, не ў сацыяльнай сфэры, але піяр-настаўнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG