Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ ня будзе патрабаваць ад Беларусі падвышэньня тарыфаў на камуналку і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міжнародны валютны фонд ня будзе патрабаваць ад Беларусі падвышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў, заявіў міністар эканомікі рэспублікі Дзьмітры Круты ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1».

«Радуе, што калегі (МВФ. — РС) (...) ЖКП і масавую прыватызацыю дзяржпрадпрыемстваў сёньня не абмяркоўваюць і [гэтыя патрабаваньні] ня будуць прымяняцца», — сказаў міністар.

Паводле Крутога, у тым ліку МВФ прыняў такое рашэньне, зыходзячы з нэгатыўнага досьведу ва Ўкраіне, дзе павышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі прывяло да масавых неплацяжоў.

Міністар адзначыў, што бакі сёлета маюць намер прынцыпова абмеркаваць кірункі, на якіх гатовыя зблізіць свае пазыцыі, але канкрэтных перамоваў аб новай праграме падчас візыту беларускай дэлегацыі ў Вашынгтон у красавіку не было.

«Зыходзячы з мандата МВФ, у пэрыяд электаральных кампаній ні ў адной з краінаў яны адпаведную праграму не ўзгадняюць і не заключаюць, каб гэта не было вытлумачана як форма палітычнага ціску», — растлумачыў Круты.

Беларусь зьяўляецца сябрам МВФ з 1992 году. За пэрыяд сяброўства МВФ даў Беларусі падтрымку на агульную суму каля 3,82 млрд даляраў ЗША.

У цяперашні час супрацоўніцтва Беларусі з МВФ абмежаванае тэхнічнымі кансультацыямі. На працягу 2016-2017 гадоў Менск вёў перамовы з МВФ аб аднаўленьні крэдытнага супрацоўніцтва, але потым перамовы былі спыненыя з прычыны рознагалосьсяў у хуткасьці правядзеньня рэформаў у сацыяльнай сфэры, у прыватнасьці тэмпаў павышэньня тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі для насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG