Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Саюзу палякаў вызвалілі ад адказнасьці за арганізацыю кірмашу на Казюкі. Справу спынілі


Анжаліка Борыс (зьлева) на судзе
Анжаліка Борыс (зьлева) на судзе

Старшыню непрызнанага дзяржавай Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс вызвалілі ад адказнасьці за арганізацыю традыцыйнага кірмашу.

Суд Ленінскага раёну Горадні 23 красавіка спыніў адміністрацыйную справу супраць Борыс.

Справу разглядала судзьдзя Алена Пятрова. У якасьці сьведкаў выступілі міліцыянты.

У судзе лідарка неафіцыйнага СПБ назвала працэс камэдыяй і заявіла, што ён палітызаваны. За ім, паводле яе меркаваньня, стаіць КДБ.

«Гэта ўдар па польскай меншасьці ў Беларусі, па польскай культуры», — адзначыла Борыс.

Каля ста чалавек прыйшлі падтрымаць Анжаліку Борыс у судзе
Каля ста чалавек прыйшлі падтрымаць Анжаліку Борыс у судзе

Борыс дадала, што працягне займацца папулярызацыяй польскай мовы і культуры.

«Тое, чым я займалася, буду займацца далей, хочаце — судзіце, хочаце саджайце», — сказала кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў.

Падтрымаць Борыс у судзе прыйшлі каля ста чалавек, сярод іх палітык Аляксандар Мілінкевіч, журналіст Анджэй Пачобут, экс-старшыня СПБ Тадэвуш Гавін. Усе прысутныя не зьмясьціліся ў залі.

Судзьдзя пастанавіла вызваліць Анжаліку Борыс ад адказнасьці і спыніць справу супраць яе. У залі пастанову суду сустрэлі аплядысмэнтамі, а пад судом тыя, хто ня трапіў у памяшканьне, сьпяваюць для Анжалікі Борыс «Сто лят».

Анжаліка падзякавала за прысутнасьць тым, хто прыехаў «падтрымаць польскую справу».

Паводле абвінавачваньня, Борыс парушыла парадак арганізацыі масавых акцый (ч. 2 арт. 22.34 КаАП Беларусі). Анжаліка Борыс не прызнала сваёй віны, бо ладзіла кірмаш згодна са статутам СПБ.

Кірмаш праводзіўся ў Горадні ва ўнутраным дворыку побач з польскім кансулятам 3 сакавіка. Як патлумачыла Анжаліка Борыс, гэтую тэрыторыю СПБ арандуе.

Сёлета СПБ і Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні ладзілі Казюкі дваццаты раз. Раней улады ня мелі да яго прэтэнзій.

Апошні раз на Борыс складалі адміністрацыйны пратакол у 2008 годзе за арганізацыю сьвяткаваньня Дзён Польшчы.

Папярэдні гучны суд над прадстаўніком СПБ прайшоў у 2011 годзе. Журналіста Анджэя Пачобута судзілі за абразу прэзыдэнта Беларусі. Каля трох месяцаў ён адсядзеў у СІЗА. Пасьля разгляду справы ў закрытым рэжыме суд асудзіў яго на тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай у два гады. Пачобута вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе ў зале суда. Тады падтрымаць журналіста пад будынак суда прыйшлі каля 70 чалавек.

Пакараньне паводле часткі 2 артыкулу 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Беларусі прадугледжвае штраф ад 20 да 40 базавых (510–1020 рублёў) або адміністрацыйны арышт.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG