Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартоўцы «ДНР» бяруць удзел у беларускіх спаборніцтвах? Менск: «Гэта немагчыма»


Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота, ©Shutterstock

«Міністэрства моладзі, спорту і турызму Данецкай Народнай Рэспублікі» рэгулярна паведамляе пра ўдзел сваіх спартоўцаў у адкрытых спаборніцтвах у Беларусі. Прадстаўнік Мінспорту Беларусі зьняпраўджвае гэтую інфармацыю.

На мінулым тыдні ў сацыяльных сетках зьявіліся спасылкі на сайт Магілёўскага цэнтру алімпійскага рэзэрву ў конным спорце і сучасным пяціборстве з інфармацыяй пра ўдзел трох спартоўцаў так званай «ДНР» у адкрытым першынстве Беларусі па сучасным пяціборстве сярод дзяўчат і юнакоў.

Пасьля некалькіх публікацый у СМІ высьветлілася, што гэтыя спаборніцтвы сапраўды праходзілі ў Магілёве — яшчэ ў 2017 годзе. Аднак інфармацыю з сайту выдалілі (захавалася копія ў архіве пошукавай сыстэме Google), а чыноўнікі сталі ўсяляк адмаўляць наяўнасьць гэтага факту.

Cайт Магілёўскага цэнтру алімпійскага рэзэрву ў конным спорце і сучасным пяціборстве, архіўная культура
Cайт Магілёўскага цэнтру алімпійскага рэзэрву ў конным спорце і сучасным пяціборстве, архіўная культура

​У нататцы на сайце Магілёўскага цэнтру алімпійскага рэзэрву ў конным спорце і сучасным пяціборстве гаварылася, што спартоўцы з «ДНР» бралі ўдзел у XVII адкрытых рэспубліканскіх спаборніцтвах па сучасным пяціборстве на прызы ўпраўленьня спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкаму. Сярод прызэраў была і спартоўка з «ДНР» Анастасія Шаўчэнка.

Мэтадыст цэнтру: «Такой навіны не было»

Мэтадыст цэнтру Яўген Белавусаў заявіў Свабодзе, што такая інфармацыя не разьмяшчалася на сайце і адкуль яна зьявілася, ён ня ведае. Паводле яго, спаборніцтвы, пра якія гаворка, праходзілі ў 2017 годзе і ўдзел у іх спартоўцы з «ДНР» ня бралі.

«Я не магу сказаць, ці быў узлом сайту. Мы прагледзелі на сайце ўсе навіны за 2017 год, і такой навіны не было», — адзначыў ён.

Міністэрства спорту і турызму: «Гэта фэйкавая навіна»

Прэсавы сакратар Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч таксама абверг зьвесткі, паводле якіх каманда ДНР нібыта ўдзельнічала ў афіцыйных спаборніцтвах у Беларусі. Ён настойвае, што «гэта фэйкавая навіна, якая зьявілася выпадкова ці наўмысна і была падхоплена іншымі мэдыя безь неабходнай праверкі». Паводле яго, сёлета згаданыя ў паведамленьні спаборніцтвы ў Магілёўскім цэнтры алімпійскага рэзэрву ў конным спорце і сучасным пяціборстве «ўвогуле не праходзілі».

«Наагул спартовыя каманды непрызнаных дзяржаўных утварэньняў ніколі ня ўдзельнічалі і не ўдзельнічаюць у афіцыйных спартовых спаборніцтвах на тэрыторыі Беларусі. Міністэрства спорту і турызму Беларусі сочыць за палітычнай сытуацыяй вакол краіны і не запрашае такіх камандаў на спаборніцтвы з удзелам беларускіх і замежных спартоўцаў», — сказаў Свабодзе Ўладзімер Несьцяровіч.

Міністэрства моладзі, спорту і турызму «ДНР»: тры спартоўцы былі на магілёўскім спаборніцтве

А вось на сайце «Міністэрства моладзі, спорту і турызму Данецкай Народнай Рэспублікі» ёсьць нататка пра ўдзел у магілёўскіх спаборніцтвах траіх прадстаўнікоў «Школы найвышэйшага спартовага майстэрства і Данецкай спартовай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву ў конным спорце, сучасным пяціборстве і трыятлёне». Першынство праходзіла 25-27 кастычніка 2017 году. Бронзавы мэдаль на ім заваявала Анастасія Шаўчэнка.

Сайт Міністэрства таксама паведамляе пра ўдзел спартоўцаў з «ДНР» у іншых спаборніцтвах, якія ладзіліся ў Беларусі ў 2018 годзе:

  • Адкрытае першынство Рэспублікі Беларусь па ўшу. Яно праводзілася ў Гомлі летась з 30 лістапада па 2 сьнежня.
  • У Магілёве з 7 па 11 верасьня сямёра спартоўцаў з «ДНР» удзельнічалі «ў чэмпіянаце сьвету ў мнагаборстве сярод дзяржаў, клюбаў і студэнтаў».
  • З 5 па 7 красавіка ў Магілёве ў турніры па гімнастыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Сьвятланы Баітавай прадстаўнікі «ДНР» заявалі 11 камплектаў узнагарод.

Спартоўцаў з «ДНР» на беларускіх спаборніцтвах могуць не прадстаўляць

У 2016 годзе на адкрыцьці міжнароднага турніру спартовай гімнастыкі на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Сьвятланы Баітавай трое гімнастаў з Данецка прайшлі асобнай калёнай без аніякай дзяржаўнай сымболікі. Іх прыналежнасьць да Ўкраіны ў абвестках дыктара ня згадвалася. Сьцяг Украіны прастаяў усю ўрачыстасьць забытым ля сьцяны за сьпінамі спартоўцаў. Між тым напярэдадні спаборніцтва афіцыйна паведамлялася, што на іх будзе ўкраінская каманда.

Беларусь афіцыйна не прызнала анэксію ўкраінскага Крыму Расеяй у 2014 годзе і, адпаведна, незалежнасьць самаабвешчаных «Данецкай Народнай Рэспублікі» і «Луганскай Народнай Рэспублікі».

Украіна прызнала групоўкі «ДНР» і «ЛНР» тэрарыстычнымі арганізацыямі і абвінаваціла Расею ў іх падтрымцы, пастаўцы зброі, цяжкай вайсковай тэхнікі і наёмнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG