Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія законы забаранілі перапісваць цягам першага году. Аднак улады пакінулі пралазы


Дом ураду
Дом ураду

Новы варыянт закону «Аб нарматыўна-прававых актах», які пачаў дзейнічаць з 1 лютага, уводзіць забарону на любое зьмяненьне законаў ды іншых прававых актаў раней як праз год пасьля іх прыняцьця або ўнясеньня апошніх паправак. Свабода разьбіралася, што гэта значыць.

Калі дакумэнт яшчэ толькі абмяркоўвалі ў Палаце прадстаўнікоў, яго ў кулюарах называлі «законам аб стабільнасьці». І згадвалі выпадкі, калі папраўкі ў закон уносіліся некалькі разоў цягам ня тое што аднаго году, але нават адной і той жа сэсіі.

Анісім: «Я падтрымала гэты закон»

Алена Анісім
Алена Анісім

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім сказала Свабодзе, што новая норма прывучыць дэпутатаў прымаць законы, якія будуць дзейнічаць ня месяц і ня два, а прынамсі год.

«Звычайна хібы выяўляюцца тады, калі заканадаўчыя акты пачынаюць дзейнічаць. І калі недахопы становяцца бачнымі праз пару месяцаў, то гэта прызнаньне недапрацоўкі заканадаўцаў. Гэта яны прынялі „сыры“ закон. Новыя правілы прымусяць дэпутатаў быць больш адказнымі», — лічыць дзейная дэпутатка.

Дабравольскі: новая норма — спроба забараніць зьмены

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

Юрыст Аляксандар Дабравольскі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, кажа, што ў тэорыі права ёсьць паняцьце «гнуткасьці закону».

«З аднаго боку, закон не павінен мець памылак. А з другога, быць стабільным. Балянс паміж гэтымі правіламі і паказвае ровень прававой культуры».

Дабравольскі называе новую норму «забаронай зьменаў». І кажа, што гэта «эрзац, сурагат заканатворчай дзейнасьці».

«У нас няма свабодных выбараў. А значыць, няма і адказнага парлямэнту. У нашым Вярхоўным Савеце, апошнім, які абіраўся больш-менш дэмакратычна, перад прыняцьцем законаў шмат дыскутавалі. І гэта дапамагала пазьбягаць сур’ёзных памылак», — кажа Дабравольскі.

Чавусаў: «Улады пакінулі для сябе два пралазы»

Юрась Чавусаў
Юрась Чавусаў

Палітоляг і юрыст Юрась Чавусаў зьвяртае ўвагу на тое, што норма аб недатыкальнасьці заканадаўчых актаў «не такая ўжо жалезабэтонная».

«Там ёсьць дзьве рэчы, пра якія ўлады маўчаць. Першая — запісана „як правіла, не раней за год“. Вось гэтае „як правіла“ дае рэальную магчымасьць у асобных выпадках не чакаць аднаго году. Другая — запісана „калі іншае не прадугледжана законамі альбо актамі прэзыдэнта“. Гэта азначае, што кіраўнік дзяржавы і нават парлямэнт могуць пастанавіць, што нейкую норму трэба перагледзець раней як праз год», — падкрэсьлівае экспэрт.

Ён дадае, што новая норма красамоўна сьведчыць пра стаўленьне да законаў і да права, якое ёсьць у Беларусі.

«Заканатворчы працэс успрымаецца не як палітычны працэс, не як працэс дасягненьня балянсу інтарэсаў розных плыняў грамадзтва, а як працэс адміністратыўны. На першы плян выходзіць напісаць „добры“ закон, каб ён быў не супярэчлівы, зразумелы.

З гэтай прычыны ў Беларусі асноўным месцам, дзе пішуцца законы, стаў не парлямэнт і нават не Адміністрацыя прэзыдэнта, а так званы НЦЗПД — Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў. Гэта арганізацыя экспэртаў, якія пішуць тыя законы, якія ім замовяць. А ў парлямэнце іх толькі шліфуюць, удакладняюць, але канцэптуальна не зьмяняюць», — тлумачыць Чавусаў.

Урадавая пастанова, якую адмянілі праз... тыдзень

28 ліпеня 2009 году была прынята пастанова Савету Міністраў Беларусі пад № 991. Яе адмянілі ўжо 4 жніўня. Гэты дакумэнт фактычна спыніў гандаль у краіне. Дакумэнт дазваляў вытворцам прадаваць свой тавар толькі спажыўцу. Тады Аляксандар Лукашэнка абурыўся: «Узьнялі на дыбкі ўсю краіну».

Папярэдняя рэдакцыя закону «Аб нарматыўна-прававых актах», у якой не было нормы «аб недатыкальнасьці заканадаўчых актаў», дзейнічала з 2000 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG