Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 беларускіх амбасадараў, якіх маюць вось-вось замяніць


Шыльда ў менскім аэрапорце, ілюстрацыйнае фота
Шыльда ў менскім аэрапорце, ілюстрацыйнае фота

Пасьля зьмены амбасадараў у Літве і Францыі міністар замежных справаў Беларусі расказаў пра існаваньне «дакладнае правіла»: пасьля 4–5 гадоў на пасадзе амбасадары «належаць ратацыі».

Аляксандар Лукашэнка 15 студзеня зьмяніў амбасадараў у Францыі (Ігар Фісенка выйшаў на замену Паўла Латушкі) і Літве (Валер Бараноўскі заняў пасаду замест Аляксандра Караля).

Кіраўнік МЗС Уладзімер Макей, піша БелаПАН, растлумачыў гэта плянавай ратацыяй.

«У нас ёсьць дакладнае правіла, што па сканчэньні чатырох-пяці гадоў амбасадары падлягаюць ратацыі, бо мы павінны пракручваць праз замежныя ўстановы і супрацоўнікаў цэнтральнага апарату, — казаў Макей. — Мы павінны гадаваць замену кіраўнікам замежных установаў».

Нават калі камусьці хацелася б застацца ў пэўнай краіне падолей, дадаў Макей, «ёсьць выразная ўстаноўка: трэба, каб чалавек, папрацаваўшы пэўны час за мяжой, ня страціў сувязь з радзімай, вярнуўся, папрацаваў некаторы час тут, у Беларусі, перш чым зноў ехаць у нейкую іншую краіну». Пры чым амбасадару, які быў у эўрапейскай краіне, маюць прапанаваць наступнай менш разьвітую краіну і больш складаны рэгіён.

Сапраўды, Латушка займаў пасаду нават больш за пяць гадоў — быў прызначаны ў лістападзе 2012 году. Кароль быў выпраўлены ў Вільню ў сьнежні 2013-га. Але ёсьць яшчэ прынамсі 9 амбасадараў, якіх маюць неўзабаве замяніць паводле правіла, агучанага Макеем.

Хто амбасадар больш за пяць гадоў

  1. Вэнэсуэла і Балівія — Алег Пафёраў (зь ліпеня 2012 году);
  2. Вялікая Брытанія і Ірляндыя — Сяргей Алейнік (са студзеня 2013-га);
  3. Ізраіль — Уладзімер Скварцоў (зь верасьня 2013-га);
  4. Казахстан — Анатоль Нічкасаў (зь верасьня 2013-га);
  5. Катар і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — Раман Галоўчанка (зь верасьня 2013-га);
  6. Польшча — Аляксандар Авяр’янаў (са сьнежня 2013-га);
  7. Туркмэністан — Алег Табанюхаў (зь верасьня 2013-га);
  8. Турэччына — Андрэй Савіных (са сьнежня 2013-га);
  9. Эгіпэт, Алжыр, Аман і Судан — Сяргей Рачкоў (зь верасьня 2013-га).

І дзясяты — у ЗША?

Таксама ёсьць адзін амбасадар, які можа быць прызначаны пасьля вялікага перапынку. Макей 14 студзеня пацьвердзіў перамовы са Злучанымі Штатамі аб вяртаньні дыпляматаў — ужо 10 гадоў афіцыйныя стасункі між краінамі застаюцца на ўзроўні часовых павераных, а амбасадараў няма. Але перамовы Макея ня значаць, што рашэньне аб вяртаньні амбасадараў ужо прынятае.

Папярэднія замены амбасадараў былі ў мінулым лістападзе: тады прызначылі новых паслоў у Расею, Вугоршчыну і па сумяшчальніцтве Босьнію і Герцагавіну, Сырыю і па сумяшчальніцтве Іярданію і Лібан, Індыю і па сумяшчальніцтве Шры-Лянку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG