Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму 100-годзьдзе БССР прайшло непрыкметна


Герб БССР у 1981–1991 гг
Герб БССР у 1981–1991 гг

За каляднымі і навагоднімі сьвятамі неяк згубілася адна важная падзея. У Беларусі не адбылося прыкметных урачыстасьцяў з нагоды стагодзьдзя БССР.

  • У афіцыйным ідэалягічным канструкце БССР займае важнае месца.
  • Пышнае сьвяткаваньне юбілею БССР павінна было стаць альтэрнатываю сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР.
  • На агульнанацыянальным дзяржаўным узроўні сьвяткаваньня не адбылося.
  • Урачыстае адзначэньне юбілею сапсаваў крызіс у беларуска-расейскіх стасунках.

23 лютага 2018 году ўрачыста адсьвяткавалі 100-годзьдзе Ўзброеных сіл Беларусі. 29 кастрычніка адбыліся ўрачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя камсамолу. У абодвух мерапрыемствах браў удзел Аляксандар Лукашэнка.

1 студзеня 2019 году споўнілася 100 гадоў з дня стварэньня БССР. Да гэтай даты ўлады рыхтаваліся, быў распрацаваны плян акцый. Праводзіліся навуковыя канфэрэнцыі, ладзіліся ток-шоў на тэлеканалах.

Чакалася, што ўсё гэта павінна было завяршыцца вялікім урачыстым сходам з удзелам самога Аляксандра Лукашэнкі. Бо для існага рэжыму 100-годзьдзе БССР значна больш важная палітычная падзея, чым юбілеі беларускага войска ці камсамолу.

У афіцыйным ідэалягічным канструкце БССР займае важнае месца. Утварэньне гэтай квазідзяржавы ці не другая па значнасьці падзея пасьля перамогі ў Вялікай айчыннай вайне. Існы рэжым лічыць сябе спадкаемцам савецкага ладу. На гэтым будуецца ягоная гістарычная легітымнасьць.

Аляксандар Лукашэнка шмат разоў заяўляў, што беларуская дзяржаўнасьць пачынаецца з БССР. З гледзішча апэляцыі да савецкай спадчыны такі падыход цалкам лягічны.

Тым больш што выпінаньне БССР зьяўляецца альтэрнатывай, супрацьпастаўленьнем другой крыніцы беларускай дзяржаўнасьці — БНР. Вострая канкурэнцыя гэтых двух палітычных і ідэалягічных праектаў адбываецца ўжо 30 гадоў.

Летась апазыцыя, грамадзянская супольнасьць годна адсьвяткавалі 100-годзьдзе БНР. Сьвята прайшло на плошчы, з удзелам дзясяткаў тысяч людзей, якія прыйшлі добраахвотна; мела значны грамадзкі рэзананс.

Здавалася, што на гэтым тле ўлады зробяць усё, каб пераплюнуць сваіх палітычных апанэнтаў, зладзіць грандыёзнае сьвяткаваньне «свайго» юбілею. Думаю, менавіта так і плянавалася.

Але раптам нешта пайшло ня так. У рэгіёнах правялі нейкія ўрачыстасьці, а на агульнанацыянальным узроўні нічога не адбылося.

Праўда, 29 сьнежня ў музэі Вялікай Айчыннай вайны камуністы правялі нейкае мерапрыемства. Названае яно па-рознаму. Адны крыніцы называюць яго «ўрачыстым канцэртам», іншыя — «урачыстым сходам». Таксама па-рознаму трактуецца тое, чаму яно было прысьвечанае. Самі камуністы падкрэсьлівалі, што сход прысьвечаны 100-годзьдзю Кампартыі Беларусі і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Аднак у афіцыйным прывітаньні Лукашэнкі ў адрас удзельнікаў падзеі, якое падае прэсавая служба кіраўніка дзяржавы, гаворыцца толькі пра віншаваньне «ўдзельнікам урачыстага сходу, прысьвечанага 100-годзьдзю з дня ўтварэньня Камуністычнай партыі Беларусі». То бок гэта трактуецца як чыста партыйны захад, кампартыя сьвяткуе юбілей свайго стварэньня.

Што ўсё гэта азначае? Цалкам магчыма, што ўрачыстасьці на агульнанацыянальным узроўні перанесьлі на пазьнейшы час. Калі нават так, то сьвяткаваньне ўжо змазалася. Звычайна дзяржаўныя сьвяты адзначаюцца альбо напярэдадні падзеі, альбо ў сам сьвяточны дзень. Гэта ж ня дзень народзінаў чалавека, які можна перанесьці, — гэта дзень народзінаў дзяржавы, дзяржаўнасьці. Тут у дакладнасьці ёсьць вялікая сымбалічнасьць.

Думаю, усё сапсаваў крызіс у беларуска-расейскіх стасунках. У тыя дні, калі плянаваліся ўрачыстасьці, Лукашэнку трэба было тэрмінова ляцець у Маскву. Яму было не да таго. А безь ягонага ўдзелу якая там урачыстасьць!

Маецца яшчэ адна вэрсія. Магчыма, тут існуе і такі чыньнік, які дакладна не ўсьвядомлены на нават на афіцыйным узроўні, але адчуваецца на ўзроўні палітычнай падсьвядомасьці. Падпісаньне дамовы аб стварэньні Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі тады, у 1999 годзе, трактавалася афіцыйнымі асобамі, дзяржаўнымі СМІ абедзьвюх дзяржаваў як працэс рэінтэграцыі, аднаўленьне разбуранай савецкай прасторы, савецкай спадчыны. І вось на тле апэляцыі РФ да гэтай Саюзнай дзяржавы ўрачыстае сьвяткаваньне юбілею БССР азначала б ліць ваду на млын Масквы. Гэта такая апасродкаваная сымбалічная падтрымка расейскай ідэі інтэграцыі. А Лукашэнку гэтага сёньня моцна ня хочацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG