Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка папрасіў Аліева «знайсьці месца для Беларусі» ў аднаўленьні Азэрбайджану пасьля «вызваленчай вайны»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў наведваюць выстаўку ў Баку (Азэрбайджан). 16 траўня 2024
Аляксандар Лукашэнка і Ільхам Аліеў наведваюць выстаўку ў Баку (Азэрбайджан). 16 траўня 2024

Лукашэнка знаходзіцца зь візытам у Баку з 15 траўня. Падчас візыту Лукашэнка назваў вайну за Нагорны Карабах вызваленчай для Азэрбайджану і прапанаваў прэзыдэнту Аліеву дапамагчы ў «пасьляваенным аднаўленьні» краіны.

Аляксандар Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнту Азэрбайджану Ільхаму Аліеву дапамагчы ў «пасьляваенным аднаўленьні» краіны.

«Калі мы ў нечым можам дапамагчы, удзельнічаць у гэтым... Памочнікаў у вас тут цяпер хапае, але калі мы можам на сяброўскіх пачатках удзельнічаць у гэтым... Тэхніка, аграгарадкі, працоўныя месцы, пэўныя тэхналёгіі (вашы спэцыялісты, міністры добра ведаюць гэтыя тэхналёгіі) — калі яны падыходзяць, калі наша тэхніка можа тут прысутнічаць і працаваць... Я на перамовах сам-насам Ільхама Гейдаравіча папрасіў: калі гэта магчыма, нейкае месца для Беларусі, вы, калі ласка, нам яго дайце. І Ільхам Гейдаравіч такі падыход падтрымаў», — працытавала Аляксандра Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Матывуючы жаданьне ўдзельнічаць у аднаўленьні Азэрбайджану, Лукашэнка сказаў:

«Якраз прыйшоў той цяжкі час, калі трэба аднаўляць гэтыя землі, трэба вяртаць людзей, а яны ўжо, некаторыя, нарадзіліся ў горадзе. Праблема, напэўна будзе. Перамаглі, перамогу ўтрымалі, цяпер трэба аднаўляць».

Як пазьней паведаміла азэрбайджанскае дзяржаўнае агенцтва AZƏRTAC, у сваёй прамове на сустрэчы ў расшыраным складзе Аляксандар Лукашэнка назваў вайну за Нагорны Карабах «вызваленчай» для Азэрбайджану.

«Я яшчэ падумаў, згадаў нашу размову перад вайной, перад вашай вызваленчай вайной, калі мы па-філязофску разважалі за абедам удваіх. Тады мы прыйшлі да высновы, што ў вайне перамагчы можна. Гэта важна. Вельмі важна ўтрымаць гэтую перамогу. Але, па-трэцяе, мы сышліся ў меркаваньні, вы тады закранулі гэтае пытаньне, што пасьля вайны пачнецца самы цяжкі час, калі трэба будзе адраджаць тыя землі, якія вы вызвалілі, пачынаць адраджэньне», – працытавала Лукашэнку азэрбайджанскае агенцтва.

Ільхам Аліеў у сваёй прамове на сустрэчы ў расшыраным складзе адзначыў, што Азэрбайджан даражыць «даверлівым, крэатыўным партнэрствам» зь Беларусьсю, якое заснавана на «узаемнай павазе, сяброўстве і супрацы».

«Дачыненьні правераныя часам. Мяркую, ні ў каго не выклікае сумневаў, што Беларусь і Азэрбайджан — гэта два надзейныя сябры», — працытавала БелТА Ільхама Аліева.

Пазьней на прэсавай канфэрэнцыі Ільхам Аліеў заявіў, што запрасіў беларускія кампаніі ўдзельнічаць у будаўніцтве ў Нагорным Карабаху.

Акрамя гэтага, па выніках перамоваў Азэрбайджан і Беларусь дамовіліся нарошчваць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва і прамысловую каапэрацыю, заявіў журналістам Аліеў па выніках перамоваў з Лукашэнкам.

Так, сярод іншага, Лукашэнка і Аліеў дамовіліся аб вытворчасці комплексных угнаенняў, заявіў Аляксандар Лукашэнка.

«У нас ёсьць тэхналёгіі, мы гатовы гэта рабіць і забясьпечваць увесь рэгіён, а ён калясальны: Іран, Пакістан, Індыя — яны спажываюць вялікую колькасьць мінэральных угнаеньняў», — прыводзіць словыЛукашэнкі ягоная прэс-служба.

Таксама Лукашэнка прапанаваў Аліеву ствараць сумесныя фармацэўтычныя вытворчасьці і пастаўляць у Азэрбайджан беларускія лекі.

Аліеў запрасіў Лукашэнку наведаць кліматычны саміт у Баку ў лістападзе, а Лукашэнка запрасіў Аліева наведаць Беларусь з афіцыйным візытам «у любы зручны час».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG