Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ідэолягі: выхад на правы бок


Нядаўняя заява ўплывовага дэпутата й чыноўніка, а таксама гісторыка Ігара Марзалюка пра стварэньне Інстытуту нацыянальнай памяці сьведчыць пра пэўны вэктар разьвіцьця ідэалягічных службаў Лукашэнкі.

Насамрэч, нічога новага тут не прапануецца, нягледзячы на фармальны нацыянальны складнік. З майго пункту погляду, прапануецца стварэньне фактычна яшчэ аднаго ідэалягічнага ўпраўленьня, якое пакліканае зьнешнепалітычнымі чыньнікамі.

З усіх бакоў Беларусі пытаньні нацыянальнай памяці зьяўляюцца найбольш гарачымі для абмеркаваньня.

Для Расеі — вось ужо пяць гадоў працягваецца й мацнее, безь перабольшаньня кажучы, фашызацыя масавай сьвядомасьці, са стварэньнем міту пра Вялікую Расею ў атачэньні вонкавых ворагаў, перш за ўсё Эўропы й ЗША, міту пра новую халодную вайну. Расейскай уладзе гэта найпатрэбна як недарагі наркотык для насельніцтва (недарагі, бо прапаганда, пры ўсёй расейскай маштабнасьці, таньней, чым забесьпячэньне прыстойнага ўзроўню жыцьця грамадзянам РФ).

У Польшчы Інстытут нацыянальнай памяці з пачаткам кіраваньня партыі «Права і справядлівасьць» і да сёньняшняга дня застаецца адной з найбольш крытыкаваных апазыцыянэрамі ўстаноў, якая скіраваная збольшага на ўзрастаньне польскага нацыяналізму і правых настрояў.

Ва ўмовах працяглай вайны з Расеяй імклівую дэрусіфікацыю і дэкамунізацыю праводзіць улада ўкраінскага прэзыдэнта Парашэнкі, сярод нядаўніх пастановаў — блякаваньне і выцясьненьне расейскай кнігі, музыкі, культуры, украінізацыя арміі, патрабаваньне аўтакефаліі для ўкраінскіх праваслаўных.

Значна ўзмацнілася, а са сьвяткаваньнем 100-годзьдзя незалежнасьці выйшла на першы плян палітыка памяці і ў прамовах літоўскіх дзяржаўных дзеячоў. Нядаўняе сымбалічнае прызнаньне Сэймам Літвы, што кіраўніком Літоўскай дзяржавы ў 1950-я гады быў антысавецкі партызан Адалфас Раманаўскас-Ванагас — яшчэ адзін крок у дэкамунізацыі і адказ на вонкавыя выклікі.

Гэтымі выклікамі, а менавіта агрэсіяй Расеі супраць Украіны, можна патлумачыць узрастаньне правых настрояў ва ўсіх краінах-суседках. Беларусь пакуль што застаецца ў баку — перадусім празь нежаданьне сварыцца з «братнім рускім народам», а таксама праз даўно сфармаваны імідж «запаведніка сацыялізму», зь Ленінымі-Калінінымі ў кожным куце, гарадавым у форме НКВД, наскрозь савецкай ідэалёгіяй, адукацыяй і грамадзянскай супольнасьцю ў выглядзе «камсамолу, вэтэранаў і прафсаюзаў».

На поўдні, поўначы і на захадзе палітыку памяці фармуюць працяглыя дэкамунізацыйныя працэсы. Дзеля чаго ж будзе працаваць беларускі Інстытут нацыянальнай памяці, калі ён не зьбіраецца тым шляхам ісьці?

Рэч у тым, што правыя настроі цяпер застаюцца адзіна магчымымі для дзяржаўных ідэолягаў. Сам вэктар ухвалены расейскім суседам, адначасна трэба ісьці ў трэндах вонкавага атачэньня. Зусім зразумела, што пад правымі настроямі тут будзе разумецца не нацыянальная ідэя — помнік Калініну, мяркуючы па нядаўнім рамонце, на помнік Луцкевічу ніхто мяняць не зьбіраецца. Дый дошкамі да 100-годзьдзя БНР Менск пакуль завешаны ня надта шчыльна.

Пад кансэрватыўным накірункам будзе ляжаць падспуднае і ўсімі ідэолягамі любімае антызаходніцтва з ухілам у заходнерусізм, эўраскептыцызм, непрыняцьце лібэралізму ні ў якіх ягоных аблудных праявах, кшталту правоў чалавека, свабоды слова, сходаў, судоў і празрыстасьці выбараў. Нацыянальная ідэя будзе звужаная да ўсё той жа ідэалягічнай сумбурнай канцэпцыі «маленькі, але горды народ, які перамог фашызм пад кіраўніцтвам мудрага правадыра».

Беларусы таксама пакліканыя перамагаць пад кіраўніцтвам правадыра. А хто будзе адхіляцца ад гэтай дактрыны — таму новапаўсталы Інстытут нацыянальнай памяці зробіць ата-та. Яшчэ й законаў пад гэтую карную справу напрымаюць.

Бо напярэдадні 25-годзьдзя беларускай дзяржаўнасьці ўсё павінна быць пад кантролем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG