Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі набылі электравазок для бабруйскай блогеркі. Сьвет для яе зноў стаў даступны


Інга Татур, архіўнае фота
Інга Татур, архіўнае фота

Дзякуючы дабрачыннасьці вернікаў бабруйскай царквы хрысьціян веры эвангельскай «Слова Надзеі», вазочніца з Бабруйску Інга Татур зноў атрымала магчымасьць выяжджаць з кватэры ў горад.

49-гадовая Інга Татур праз хваробу цягліц ня можа самастойна перасоўвацца.

Стары вазок зламаўся ў верасьні, і Інга больш за месяц не выходзіць з кватэры. Для яе гэта трагедыя, яна хоча выяжджаць у горад.

За пэнсію па інваліднасьці электравазок ня купіш

Пра Інгу Татур Свабода пісала, калі яна разам зь сябрамі пачала зьбіраць грошы на новы электразовок. Інга заўжды марыла рухацца па бабруйскіх вуліцах без суправаджэньня. Гэтая мара збылася, калі дзевяць гадоў таму беларускія блогеры падарылі ёй электравазок. Але ён ужо вычарпаў свой рэсурс і не паддаецца рамонту. Адкласьці на новы з пэнсіі (280 рублёў) яна ня можа, таму зноў зьвярнулася па дапамогу.

На новы вазок трэба дзесяць з паловай тысяч рублёў. На краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» удалося сабраць 1424 рублі.

Бог любіць рабіць сюрпрызы

Адначасова ў царкве «Слова Надзеі» іншая сямʼя зьбірала грошы на электравазок для сына-інваліда. Сабраных там ахвяраваньняў хапіла на два вазкі, адзін зь якіх прапанавалі Інзе.

«Я малілася і прасіла, каб Бог дапамог сабраць грошы да вясны, але ён любіць рабіць сюрпрызы і вырашыў так: „Навошта чакаць да вясны, дам яго цяпер“», — тлумачыць неспадзяванку Інга.

Яна адзначае, што дапамагалі зьбіраць ёй грошы і ў Менску. Падчас беларускамоўнага набажэнства ў праваслаўнай царкве ў гонар Ксеніі Пецярбургскай ахвяравалі больш за 200 эўра.

Інга ўдзячная і тым, хто пералічыў грошы на рахунак краўдфандынгавай пляцоўкі «Талака». Падʼёмнік, які яна зьбіраецца купіць на гэтыя грошы, зробіць яе менш залежнай ад староньняй дапамогі.

«Я настолькі залежная ад людзей, — казала Свабодзе Інга падчас вандроўкі па бабруйскіх вуліцах, — што, калі зьяўляецца магчымасьць зрабіць нешта самой, то цешуся ўжо самім адчуваньнем, што я паўнавартасны чалавек».

Хто такая Інга Татур

  • Беларускамоўная блогерка. Пісаць у інтэрнэце пачала пасьля знаёмства з творчасьцю Сяргея Балахонава і Андрэя Хадановіча. Беларушчынай захапілася ў дзяцінстве, прачытаўшы беларускія казкі.
  • З чатырнаццаці гадоў ня ходзіць, бо мае дыстрафію цягліц (міяпатыю).
  • Марыць пра вандроўкі. Хоча наведаць менскі Палац мастацтваў ды пабываць на рацэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG