Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацкім кіраўніком Вялікага тэатру опэры і балету зноў стаў Валянцін Елізар’еў, звольнены ў 2009 годзе


Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету, архіўнае фота
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету, архіўнае фота

Народны артыст Савецкага Саюзу Валянцін Елізар’еў прызначаны мастацкім кіраўніком Вялікага тэатру опэры і балету Беларусі. Ён прыступіць да выкананьня абавязкаў з 27 верасьня, за тры дні да 71-годзьдзя.

Валянцін Елізар’еў
Валянцін Елізар’еў

Валянцін Елізар’еў прыйшоў у цяперашні Вялікі тэатар опэры і балету ў 1973 годзе ў якасьці галоўнага балетмайстра, ставіў на беларускай сцэне шэраг балетаў, у ліку якіх «Кармэн-сюіта», «Стварэньне сьвету», «Спартак», «Карміна Бурана», «Рагнеда» і іншыя, таксама ставіў спэктаклі за мяжой — у Маскве, Варшаве, Любляне, Стамбуле, Каіры, Токіё... У 1992 годзе стаў мастацкім кіраўніком Тэатру балету.

У 1996 годзе Елізар’еў атрымаў у Парыжы званьне «Найлепшы харэограф году» і прыз «Benois de la Danse» Міжнароднай асацыяцыі танцу. У тым жа годзе ён стаў дырэктарам — мастацкім кіраўніком Вялікага тэатру балету. З 2000 па 2008 год быў чальцом Савету Рэспублікі — верхняй палаты беларускага Нацыянальнага сходу (сяброў якой прызначаюць мясцовыя саветы і асабіста Аляксандар Лукашэнка, Елізар’еў прайшоў ад Менгарсавету).

На пасадзе мастацкага кіраўніка Вялікага тэатру балету прабыў да 2009 году — тады тэатар аб’ядналі з Опэрным, а Елізар’еву прапанавалі толькі пасаду мастацкага кіраўніка балету (ягоная жонка тады кіравала тэатрам опэры — і сышла сьледам за мужам). Ён, як згадваюць Naviny.by, сыходзіў са скандалам, абвінавачваў чыноўнікаў у некампэтэнтнасьці ў тым ліку праз марудную рэканструкцыю будынку тэатру — і казаў, што ніхто з чыноўнікаў «нават дзякуй не сказаў» за 36 гадоў працы. Балетная трупа зьвярталася да Міністэрства культуры і Лукашэнкі, каб тыя «зрабілі ўсё, каб Елізар’еў застаўся на сваёй пасадзе».

З 2009 году дырэктарам Вялікага тэатру быў Уладзімер Грыдзюшка. Аб яго звальненьні, як і аб прычынах прызначэньня Елізар’ева, не паведамлялася. За два тыдні да таго стала вядома, што новы кіраўнік будзе і ў Купалаўскага тэатру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG