Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэжысэр «Салямэі» пра абвінавачваньні на свой адрас: «Мне напляваць на іх з высокай званіцы»


Рэжысэр Міхаіл Панджавідзэ
Рэжысэр Міхаіл Панджавідзэ

Рэжысэр Міхаіл Панджавідзэ пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды сытуацыю вакол прэм’еры опэры Рыхарда Штраўса «Салямэя» ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры опэры і балету Беларусі.

Прэм’ера спэктакля была перанесеная Міністэрствам культуры па просьбе Беларускай праваслаўнай царквы з 9–10 верасьня на іншыя дні. Група вернікаў выступіла з патрабаваньнем забараніць пастаноўку, а на рэжысэра завесьці крымінальную справу. Сёньня адбыўся грамадзкі прагляд спэктакля.

— Які далейшы лёс спэктакля? Ці адбудзецца прэм’ера ў кастрычніку, як гэта анансавана?

— Я веру, што будзе. Але гэта толькі Пан Бог ведае. А тое што было, мне невядома. Бо ў Міністэрстве культуры я ня быў і ня ведаю, што там было. Як я ведаю, па выніках камісіі было сказана, што гэтая прэм’ера заплянаваная напярэдадні сьвята Сьцяцьця галавы Яна Прадвесьніка. Міністэрства культуры зрабіла запыт у эпархію, як яна ставіцца да гэтай сытуацыі. У эпархіі сказалі, што калі мы перанясём, то там будуць удзячныя. Міністэрства ўзяло і перанесла.

— А тое, што група вернікаў выказвае пратэст супраць пастаноўкі...

— У нас іншым разам пратэсты зь іншай нагоды, і значна большая колькасьць народу пратэстуе. І яны лічацца нелегітымнымі. А тут 125 чалавек на 9 мільёнаў. Гэта зусім ня большая частка грамадзтва. 125 чалавек падпісала, а ў нас 2,5 тысячы чалавек гатовыя былі прыйсьці толькі ў гэтыя дні. Прапорцыя несупастаўная. Тут значна больш парушаныя правы тых, хто хацеў паглядзець гэты спэктакль.

Грамадзкі прагляд спэктакля. 7 верасьня 2018 году
Грамадзкі прагляд спэктакля. 7 верасьня 2018 году

— То бок усе білеты на прэм’ерныя паказы былі распрададзеныя?

— Яны і цяпер распрададзеныя, ужо на кастрычнік.

— Але ў лісьце, які таксама накіраваны ў Генпракуратуру, выказаныя вельмі сур’ёзныя абвінавачаньні на ваш адрас.

— Мне напляваць на іх з высокай званіцы. Я ўжо стаміўся цырымоніцца і дыпляматаваць. Я з хворымі на галаву людзьмі нават нічога не хачу абмяркоўваць. Гэта хворыя на галаву людзі, дурні, якія лічаць, што калі ў нас Апалён стаіць над уваходам у тэатар, значыць, мы паганскае капішча. Я нават гаварыць не хачу. Проста хворыя і малапісьменныя людзі: Пастарнака не чытаў, але асуджаю. Вы спытайце, хто зь іх Уайльда чытаў, а ня тое што Штраўса слухаў ці да канца мог даслухаць. Нават гаварыць не хачу.

Грамадзкі прагляд спэктакля. Гледачы ў залі
Грамадзкі прагляд спэктакля. Гледачы ў залі

— Але ўсё ж такі Міністэрства культуры бярэцца пераносіць прэм’еру...

— Гэта мяне наагул не хвалюе. Вось няхай бярэцца міністэрства. Я нават гэта камэнтаваць не хачу. Хочуць — няхай робяць, што хочуць.

— Гэта парушэньне свабоды творчасьці?

— Ніякай творчасьці ў мяне не парушана. Я раблю тое, што хачу. Камісія прыйшла і нічога з таго, што я зрабіў, не папрасіла прыбраць. Унутры таго, што я зрабіў, ніякай цэнзуры не было. Тут пытаньне стаіць нават не пра цэнзуру спэктакля. Спэктакль прызнаны абсалютна прыстойным. У тым ліку і прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, якія прысутнічалі ў камісіях. А далей пытаньне плянаваньня. Насамрэч я лічу, што гэта ўсё высмактана з пальца і гэта ўсё кулюарныя інтрыгі. Проста патрэбная нагода, для таго каб насаліць кіраўніцтву тэатру, а магчыма, і памяняць кіраўніцтва тэатру. Мне здаецца, што на нас проста зьбіраюць кампрамат. Бо большага нам прад’явіць няма чаго. У нас самыя высокія паказчыкі за ўсю гісторыю нашага існаваньня. Ніколі не было ні такіх збораў, ні такіх гледачоў, ні колькасьці, ні якасьці мерапрыемстваў. Проста хочуць тэатар, які жыве паўнавартасным жыцьцём, угробіць, каб дагадзіць нечым асабістым амбіцыям.

— Адзін з опэрных сьпевакоў назваў гэта правакацыяй...

— Гэта ёсьць правакацыя ў чыстым выглядзе. Я вельмі задаволены, што сёньня запрасілі народ. Трэба было зрабіць гэта па квітках. Няхай прыходзяць тыя людзі, якія хочуць купіць білеты. Тыя, хто прыходзіць па білетах, тыя, напэўна, любяць гэта. А тут больш за палову будзе сядзець нядобразычліўцаў.

— Гэта ўпершыню ў вашай практыцы, калі зрываецца прэм’ера?

— Канечне. Бывалі горшыя часы, але падлейшых не бывала.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG