Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Моладзь БНФ» засноўвае прэмію імя Джона Маккейна


Моладзевая арганізацыя Партыі БНФ «Моладзь БНФ» засноўвае прэмію імя Джона Маккейна, які памёр 25 жніўня на 82-м годзе жыцьця.

Як адзначае прэс-служба «Моладзі БНФ», Маккейн быў чалавекам, «які змагаўся за свабоду ва ўсім сьвеце, рашуча выступаў супраць несправядлівасьці, падтрымліваў незалежнасьць Беларусі ня толькі словам, але і справай».

"У гонар выдатнага палітыка і сябра нашай краіны «Моладзь БНФ «засноўвае прэмію „За падтрымку Беларусі і адданасьць беларускай справе“, якая будзе ўручацца замежнікам, якія ўносяць значны ўклад у падтрымку незалежнасьці Беларусі, культурнае, палітычнае разьвіцьцё нашай краіны ці ўзьнімаюць беларускае пытаньне на міжнароднай арэне», — паведамляе прэс-служба моладзевай арганізацыі Партыі БНФ.

Уручэньне прэміі, пачынаючы з 2019 году, будзе праходзіць у дзень нараджэньня Джона Маккейна (29 жніўня). Таксама ў найбліжэйшым часе актывісты пачнуць працу над перакладам і агучваньнем дакумэнтальнага фільму «Джон Маккейн, па кім звоніць звон» які нядаўна выйшаў на экраны.

«Ад імя ўсёй беларускай моладзі „Моладзь БНФ“ выказала шчырыя спачуваньні ўсім родным і блізкім гэтага выдатнага палітыка, — гаворыцца ў паведамленьні „Моладзі БНФ“. — Бывайце, сэнатар. Вы мужна і самааддана змагаліся за свабоду і дэмакратыю ўсё сваё жыцьцё, а мы працягнем гэтую справу далей. Спачывайце зь мірам».

Памёр амэрыканскі палітык Джон Маккейн

Амэрыканскі сэнатар, кандыдат у прэзыдэнты ЗША на выбарах 2000 і 2008 году, вэтэран вайны ў Віетнаме Джон Маккейн памёр за чатыры дні да свайго 82-годзьдзя. У яго была пухліна мозгу.

Маккейн вядомы шматлікімі рэзкімі выказваньнямі на адрас беларускіх уладаў. У 2011 годзе ён назваў Аляксандра Лукашэнку «бязьлітасным, жорсткім, брутальным тыранам, які на самой справе абраў няправільны бок». «Рэжымы тыраніі існуюць усюды, яны не абмяжоўваюцца толькі Блізкім Усходам, — сказаў Маккейн. — Вельмі хутка спадар Лукашэнка можа быць заменены ўсьлед за іншымі тыранамі сьвету».

У 2004 годзе сэнатар падтрымаў Акт аб дэмакратыі ў Беларусі. Паводле яго, зьмена рэжыму ў Беларусі плянуецца ня зброяй і ваеннымі дзеяньнямі, а з дапамогай міжнароднага ціску. На гэтую заяву адрэагаваў Лукашэнка: «Не перажывайце — ні ў Беларусі, ні ў Расеі — з нагоды зьвяржэньня Лукашэнкі нейкімі сэнатарамі. Не яны мяне ставілі на гэтую пасаду, ня ім мяне і скідаць. У нас ёсьць беларускі народ, які добра ўмее і скідаць, і прызначаць. Толькі яму належыць гэтае права».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG