Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салёны ад поту агурковы бізнэс — як гэта працуе. Журналіст праверыў на сабе


Жыхар Івацэвічаў Сяргей Скулавец паспрабаваў сёлета зарабіць на агурках і пад канец сэзону расказаў Свабодзе, што ў яго атрымалася. Цягам сэзону Сяргей вёў свой «агурковы відэаблог».

Калі раней вялізныя парнікі былі адметнасьцю «агурковай сталіцы» Палесься — мястэчка Альшаны Столінскага раёну, то цяпер сотні квадратных мэтраў зямель пад плёнкай можна ўбачыць у многіх вёсках на поўдні і захадзе Беларусі.

Вырошчваньне агуркоў і іншай гародніны на продаж стала для многіх актыўных беларусаў першым бізнэс-праектам. Асабліва гэта актуальна ў невялікіх гарадах і вёсках, дзе працы мала, а заробкі мізэрныя.

З чаго пачынаць? Зь зямельнай дзялянкі

У спадчыну ад бацькоў у вёсцы мне застаўся дом зь вялікім прысядзібным участкам. На гэтым участку я і вырашыў пабудаваць парнік і паспрабаваць на ім зарабіць.

Будаваць парнік я пачаў задоўга да сэзону. Яшчэ летась у лістападзе выпісаў дзялянку ў лясгасе, сьпілаваў там каля 12 кубоў дрэваў. Тады здавалася, што гэтага будзе досыць.

Але драўніны хапіла толькі на слупы і на чвэрць арматуры парніка. Даўжыня майго парніка склала 100 мэтраў, а шырыня — каля 10 мэтраў.

На самым пачатку працаваць сьпяшаўся, бо зіма магла прыпыніць будаўніцтва. Праўда, з надвор’ем пашанцавала, маразоў амаль да лютага практычна не было. Таму фактычна да пачатку сэзону самастойна, зусім без анічыёй дапамогі зрабіў каркас парніка.

Калі напачатку падавалася, што пабудова будзе таннай, то ў выніку падлічыў, што на драўляны «шкілет» пайшло каля 700 даляраў, што для раённага цэнтру і вёскі нямала.

Эканомія пагражае правалам

Наступным этапам стала пакрыцьцё парніка плёнкай і высаджваньне расады.

Плёнка абавязкова мусіць быць з ультрафіялетавым стабілізатарам. На рынку сёньня шмат прапановаў, але калі набыць няякасную, то яна пратрымаецца хіба некалькі месяцаў і ўся праца можа стаць марнай. Вось толькі калі я набываў самую танную плёнку, гэтага ня ведаў. Апроч таго, гандляр запэўніваў, што яна парніковая, трывалая. Але што гэта ня так, я пераканаўся празь некалькі месяцаў.

Прыкладна такая ж сытуацыя з насеньнем. Гандляры прапаноўваюць агароднікам безьліч гатункаў. Апынуўшыя перад складаным выбарам, я вырашыў паехаць у Альшаны і там паразмаўляць з людзьмі, якія маюць агурковы досьвед.

У выніку набытае мною насеньне гатункаў «Чайкоўскі» і «Амур» выявілася зусім неблагім. Цяпер я магу патэнцыйным агурочнікам рэкамэндаваць сканцэнтравацца на гатунках-гібрыдах, якія вывелі каля дзесяці гадоў таму. Калі найноўшыя гатункі патрабуюць пільнейшага дагляду і пастаяннага жыўленьня ў выглядзе мінэральных угнаеньняў, старэйшыя не такія патрабавальныя, хаця і не такія ўстойлівыя да хваробаў.

Зімовы пачатак агурковага сэзону

Кволыя маладыя агуркі ў пачатку сакавіка
Кволыя маладыя агуркі ў пачатку сакавіка

Насеньне ўзышло даволі хутка. У гэты ж час я канчаткова «апрануў» у плёнку ўвесь парнік. Рабіў практычна ўсё сам, толькі невялікую частку працы дапамаглі зрабіць знаёмыя. І літаральна празь месяц, у пачатку красавіка маладыя агуркі перасадзіў у глебу.

Здавалася, зараз будзе прасьцей. Але я моцна памыляўся. Высілкаў парнік будзе вымагаць нагэтулькі ж болей, наколькі падрастаюць расьліны. І толькі калі кусты вырастуць — стане прасьцей.

Печкі звычайныя і бубафоні

Ацяпленьне — самы складаны пэрыяд для парніка. Усю вясну штоночы без выключэньня парнік трэба абаграваць.

Печка бубафоня ў парніку
Печка бубафоня ў парніку

Я ведаў, што неабходна нарыхтаваць вялізную колькасьць дроваў. Але выніковыя аб’ёмы мяне моцна зьдзівілі. Напрыклад, для ацяпленьня вясковага дому зімой дастаткова каля 10 кубоў драўніны. А для вырошчваньня агуркоў у парніку — з улікам ацяпленьня расадніку ў сакавіку і да траўня — мне спатрэбілася каля 30-40 кубоў. Гэта сем вялізных прычэпаў дроваў. Мінімальная тэмпэратура ў парніку ўначы павінна быць каля 17 градусаў. Калі ж за тонкай плёнкай ноччу ўсяго 4–7 градусаў цяпла альбо наагул мароз, то гэта задача ня з простых.

З самага пачатку я паставіў вялізныя мэталічныя печы, звараныя з тоўстага жалеза.

Рассада праз два тыдні пасьля высадкі насеньня
Рассада праз два тыдні пасьля высадкі насеньня

Але праз кожныя дзьве-тры гадзіны ў гэтыя печы трэба было падкідваць дровы. Пры такім рэжыме ўжо праз тыдзень зразумеў, што вытрымаць без дапамогі і без наступстваў для здароўя практычна немагчыма. На вочы трапіліся інжынэрныя рашэньні, якія знайшоў у інтэрнэце. Так званыя печкі «бубафоні» — самаробныя цыліндрычныя печкі доўгага гарэньня.

Я зрабіў гэтыя печы і сапраўды пераканаўся, што гараць яны больш за палову сутак, пры гэтым спажываньне дроваў зьменшылася, а каэфіцыент карыснага дзеяньня выявіўся нашмат большы. А самае галоўнае — змог начамі адпачываць. Праўда, «бубафоні» могуць быць і небясьпечныя. Некалькі разоў дым з такой печкі выходзіў наўпрост у парнік. Таму кантраляваць патрэбна ўсякую печку.

Першыя памылкі і страты

Выявілася, што плёнка, якой быў накрыты мой парнік, ня мае ўльтрафіялетавага стабілізатара. Таму пад сонцам яна пачала рабіцца непрыдатнаю ўжо праз паўтара месяца.

Моцная бура напрыканцы красавіка цалкам зьнішчыла дах парніка.

Упершыню за некалькі месяцаў я зьвярнуўся па дапамогу да месьцічаў, якія зарабляюць падпрацоўкамі. За тыдзень палову парніка ўдалося аднавіць, але большая частка расьлін усё ж загінула. Працавалі мы з раньня да позьняй ночы.

Памочнікі ўцяклі

Мая катэгарычнасьць і патрабавальнасьць у выніку напалохала і адштурхнула людзей.

Нягледзячы на тое, што абяцаў добры заробак, яны да мяне на працу празь некаторы час перасталі прыходзіць. Прыходзілася далей рабіць усё самому. Праз нэрвы і неверагодна цяжкую працу я схуднеў болей чым на 10 кіляграмаў.

Часам узьнікала жаданьне кінуць справу, але ўсё ж з кожным днём станавілася ўсё больш шкада высілкаў, часу і грошай. Таму ў сярэдзіне траўня набыў новую якасную плёнку і насеньне агуркоў.

Першыя агуркі, да заробку далёка

Нягледзячы на праблемы і складанасьці, у пачатку траўня я пачаў зьбіраць у парніку першыя агуркі. Цэны і попыт на гародніну ў гэты час былі высокія.

Асаблівых праблемаў прадаць на рынку гародніну не было. Людзі ахвотна набывалі агуркі нават па два рублі за кіляграм. Іншая рэч, што з кустоў, якія ў мяне засталіся, я выбіраў усяго 10-15 кіляграмаў.

Агурковая інфляцыя

Пазьней, у чэрвені, цэны пачалі імкліва падаць. Гандляроў на рынку з кожным днём станавілася ўсё болей. У выніку гандляваць асабіста стала проста нявыгадна. Прыйшлося сваю гародніну везьці на нарыхтоўчыя базы альбо ў раённае спажывецкае таварыства. Праўда, прымалі агуркі гуртавікі за сьмешную цану. Мінімальна мне пэўны час плацілі ў спажывецкім таварыстве 20 капеек за кіляграм.

А ў адзін тыдзень прыём наагул спынілі. Знаёмыя распавялі, што расейскія пакупнікі, якія звычайна набываюць гародніну ў палешукоў, не змаглі патрапіць у Столінскі раён. Нібыта грузавікі з Расеі перанакіроўвалі з ініцыятывы чыноўнікаў на дзяржаўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы пад Менскам. У выніку прадукцыя з Альшанаў паступае на ўнутраны рынак. А такой велізарнай колькасьцю гародніны нарыхтоўнікі не даюць рады. Таму кошты абвальваюцца.

Праўда, сытуацыя досыць хутка зьмянялася, паколькі забароны празь некалькі дзён здымалі, адпаведна цэны і попыт на агуркі расьлі.

Пік сэзону

Зь ліпеня беларусы масава пычанаюць кансэрваваць агуркі на зіму. Для кансэрваў людзям патрэбна прынамсі па 20 кіляграмаў агуркоў. Сёньня многія, асабліва вяскоўцы, кансэрвуюць на зіму каля 40-50 кіляграмаў агуркоў.

У гэты час у парніку кожная выбарка прыносіла каля 80 кіляграмаў агуркоў.

І прадаць гэтулькі не было складана. Часам людзі альбо прыватныя ці дзяржаўныя гуртавікі тэлефанавалі і прасілі болей гародніны. Разам з тым і цэны расьлі. Гуртовая цана на агурок скаладала 50 капеек за кіляграм, пры раздробным гандлі каля 70-80 капеек. Штодзень я зарабляў па 40 рублёў. Калі б з самага пачатку мой парнік быў накрыты якаснай плёнкай, штодзённы заробак быў бы ў пяць разоў вышэйшы.

Агурковыя хваробы

На пачатку ліпеня, калі прырода толькі спрыяе росту агуркоў, зьяўляюцца і першыя хваробы гэтай расьліны. Паразытаў, што зьнішчаюць агуркі, ня так і шмат. Гэта павуцінны клешч, мучністая раса. Але праблема ў тым, што цалкам пазбавіцца іх немагчыма.

Хімічныя прэпараты і народныя спосабы даюць магчымасьць толькі адцягнуць канчатковае высыханьне кустоў. Але гэта ня значыць, што сэзон ужо закончыўся. У гэты час у другой палове парніка, які быў толькі нядаўна накрыты якаснай плёнкай, я высадзіў насеньне агуркоў новага ўраджаю.

У выніку ў сярэдзіне жніўня ў парніку надалей маю агуркі. Што адметна, цэны на гародніну цяпер прыкладна на ўзроўні траўня. А прыродныя ўмовы дазваляюць сёньня вырошчваць агуркі ў парніку ажно да лістапада.

Што зарабіў на агурках

У выніку мой заробак у парніку ў гэтым сэзоне аказаўся фактычна нулявым, а то й адмоўным, бо атрыманыя за агародніну грошы не пакрываюць выдаткаў на яе вырошчваньне.

Агулам на пабудову парніка, на печы, насеньне, драўніну і іншае было выдаткавана каля 2000 даляраў. А прыбытак на сёньня склаў ня больш за 1500. Але наперадзе яшчэ два месяцы росту агуркоў, таму спадзяюся, што хоць і невялікі, але заробак усё ж будзе. Мяркую, што пры ўмелым падыходзе за сэзон зарабіць на парніку плошчай каля 10 сотак можна не адну тысячу даляраў.

Сяргей Скулавец
Сяргей Скулавец

А як з падаткамі?

Дзейнае заканадаўства досыць лагоднае да тых, хто займаецца асабістай прысядзібнай гаспадаркай. Пры неабходнасьці ў сельсаветах цяпер не праблема атрымаць дадатковы надзел зямлі. Галоўнае — своечасова аплочваць падатак на зямлю.

Але пры гэтым гаспадару на зямлі, які працуе на сябе, разьлічваць на якую-кольвек іншую дапамогу з боку дзяржавы ня варта. Зь іншага боку, і асаблівага ўмяшаньня таксама няма. Уласьнікі асабістай прысядзібнай гаспадаркі павінны плаціць падаткі, калі прыбытак за год у іх складзе каля 18 тысячаў рублёў. Таму агурочнік плоціць толькі падатак на зямлю пад парніком.

За ўвесь сэзон мне прыйшлося толькі аднойчы зьвярнуцца да кіраўніцтва Івацэвіцкага райвыканкаму з просьбай паспрыяць, як і прадпісвае Грамадзянскі кодэкс, разьвіцьцю гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што першы намесьнік райвыканкаму абяцаў патэлефанаваць і пасадзейнічаць, ніхто цягам двух месяцаў да мяне так і не адазваўся.

Галоўныя высновы і парады

У наступным сэзоне адназначна пляную працягнуць працу ў парніку. Прычым цяпер маю здабыты цяжкім потам досьвед, як і што, у які пэрыяд вырошчваць у парніку. Тым, хто толькі пачынае займацца гэтым бізнэсам, трэба ведаць, што працаваць прыйдзецца вельмі шмат. Справа гэта складаная, адказная. Але пры гэтым парнік памерам каля 10 сотак можна абслугоўваць і даглядаць без асаблівай дапамогі самастойна. Тэхналёгія вырошчваньня агуркоў падрабязна апісаная, таму проста трэба шмат чытаць пра гэтую культуру.

Веды трэба падмацоўваць і практычнымі парадамі калегаў. Калі ў рэгіёне ёсьць гаспадары, якія займаюцца вырошчваньнем агуркоў у парніках ужо ня першы год, яны ахвотна падзеляцца сваім досьведам. Звычайна тыя, хто працуе на зямлі, глядзяць на суседа ня як на канкурэнта, але як на калегу. А ведаючы на практыцы, колькі высілкаў і сродкаў патрэбна для такой дзейнасьці, гаспадары ставяцца да сваіх калегаў з глыбокай пашанай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG