Генэральная пракуратура Беларусі расказала аб выяўленых парушэньнях у працы Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі: «стваралі» фальшывыя студэнцкія атрады там, дзе людзі працавалі самастойна.
Што парушылі
У якасьці прыкладу прыводзіцца Мазырскі раённы камітэт БРСМ, які ў сельскагаспадарчым прадпрыемстве «Слабодзкае імя Леніна» ўключыў 32 чалавекі ў два студэнцкія атрады, хоць тыя працаўладкаваліся самастойна і ня ведалі пра студатрады. Падобныя факты былі выяўленыя ў Брагінскім, Лагойскім, Рагачоўскім і Чэрвеньскім раёнах.
Былі і «адваротныя» парушэньні: наймальнікі інфармавалі БРСМ, што могуць арганізаваць працу студатрадаў, а тэрытарыяльныя арганізацыі «бязьдзейнічалі». У прыклад прыводзяцца Жлобінскі, Нясьвіскі і Клецкі раён, праца на 1-й Менскай птушкафабрыцы, агракамбінаце «Ждановічы» і Менскім лясгасе.
На працу навучэнцаў ва ўзросьце да 16 год не заўсёды атрымлівалі згоду бацькоў, практычна паўсюдна атрады фармавалі без узгадненьня або з парушэньнем працэдуры ўзгадненьня з выканкамамі.
Недзе да працы дапускалі людзей без належнага навучаньня і інструктажу, без мэдычнага агляду.
Недзе не выконваліся тэрміны выплаты заробкаў, не заключаліся належным чынам працоўныя дамовы, не выконваліся абмежаваньні па працягласьці працы людзей ва ўзросьце 14–16 гадоў.
Што за гэта будзе
Генпракуратура не прапануе неяк караць вінаватых у парушэньнях. Першаму сакратару ЦК БРСМ прапануецца толькі «разглядзець акт нагляду» і «прыняць меры па выпраўленьні недахопаў і ўпушчэньняў», «забясьпечыць каардынацыю і кантроль», «умацаваць мэтадычную і аналітычную працу».
БРСМ зьбіраўся накіраваць студэнтаў на будаўніцтва БелАЭС
Цягам лета 2018 году БРСМ плянаваў накіраваць у Малдову і Казахстан «сельскагаспадарчыя атрады» па 60 чалавек, 154 студэнты з ВНУ Беларусі і Расеі — на будоўлю БелАЭС, агулам за лета ўладкаваць на працу ня менш за 21 тысячу чалавек. Колькі атрымалася ўладкаваць на працу, пакуль не паведамлялася. Таксама як не паведамлялася, ці парушаліся ўмовы працы студэнтаў на будоўлі БелАЭС або за межамі Беларусі.