Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зброю мы куплялі ў інгушоў, ім прадавалі чачэнцы». Экс-прэмʼер Паўднёвай Асэтыі пра дапамогу Крамля


Алег Тэзіеў
Алег Тэзіеў

Былы прэмʼер Паўднёвай Асэтыі Алег Тэзіеў распавёў праекту Радыё Свабода «Настоящее время» аб тым, як і на чые грошы ўзбройвалася армія самаабвешчанага рэгіёну ў гады перад вайной паміж Расеяй і Грузіяй 2008 году.

Сэпаратысцкі рэгіён Грузіі Паўднёвая Асэтыя абвясьціў незалежнасьць 29 траўня 1992 году. Расея адразу ж падтрымала сэпаратыстаў, Тэзіеў лічыць, што прычынай была пагроза ўскладненьня сытуацыі ў расейскай Паўночнай Асэтыі.

Першае сурʼёзнае абвастрэньне адносінаў паміж Грузіяй і Паўднёвай Асэтыяй адбылося ўжо ў 1992-1993 гадах. Менавіта ў гэтыя гады Тэзіеў узначальваў урад самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі. Да гэтага ён займаў пасаду «міністра абароны» сэпаратысцкага рэгіёну і кіраваў яго ўзброенымі сіламі падчас асэтына-інгускага канфлікту на тэрыторыі Прыгараднага раёну Паўночнай Асэтыі.

Тэзіеў таксама быў адным з падпісантаў Дагамыскіх мірных пагадненьняў 1994 году паміж Грузіяй, Расеяй і ўладамі Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Лічылася, што дакумэнт павінен быў гарантаваць мір у двух сэпаратысцкіх рэгіёнах.

З 2013 году Тэзіеў жыве ў Маскве, дзе, як кажа, ужо некалькі гадоў займаецца пошукам інвэстараў, гатовых разьвіваць бізнэс у Паўднёвай Асэтыі. Ён распавёў пра фінансаваньне рэгіёну Крамлём і аб тым, як грошы паступалі туды, і колькі зьнікала па дарозе.

***

У нас выйсьця не было іншага, акрамя як уцягнуць Расею ў гэты канфлікт

— Гэта мая крымінальная справа. Я шэсьць месяцаў прасядзеў у «Матроскай цішыні» — гэта за захоп вайсковай часткі на тэрыторыі паміж Бэсланам і Ўладзікаўказам. Захапілі мы тады там 14 Камазаў з прычэпам боепрыпасаў, а праз дзень захапілі 12 САУ (самаходная артылерыйская ўстаноўка) на таварным двары. Яны ў ідэальным стане былі.

Літаральна праз два тыдні я атрымаў званок: ляцім у Дагамыс падпісваць пагадненьне аб спыненьні агню.

— Вы займаліся ўзбраеньнем арміі. Раскажыце, якую зброю вы куплялі, дзе яе прымалі, і дзе, галоўнае, бралі на яе грошы?

— На пачатковым этапе зброю мы куплялі ў інгушоў. Гэтую зброю ім прадавалі чачэнцы, у асноўным гэта была зброя, пакінутая Ельцыным чачэнцам ў вельмі вялікай колькасьці. Яна там было ў такой колькасьці, што я б не сказаў, што «за бясцэнак», але па вельмі таннай цане яны яе прадавалі інгушам.

А інгушы перапрадавалі нам. У першую чаргу гэта былі аўтаматы сыстэмы АК-47. Купляліся таксама ручныя супрацьтанкавыя гранатамёты, таму што мы разумелі, што ў грузінаў танкі ёсьць, а ў нас не было танкаў.

— У якім годзе Расея пачала фінансаваць Асэтыю і колькі грошай плаціла?

— 1992-1993 год. Першы транш — зь яго наогул нічога не дайшло, другі транш — дайшла палова. І вось так гэтыя траншы дзялілі: тое, што даходзіла да Асэтыі, раскрадалася там. Ельцынская каманда ўжо ў той час заклала такі разьлік: 50 на 50. 50% сыходзіла ў Паўднёвую Асэтыю, зь якіх 50% ізноў асядала па кішэнях.

— Чаму наогул Расея вылучала нейкія грошы Паўднёвай Асэтыі?

— Чаму Расея вылучала? На той момант выйсьця іншага не было. Мы напісалі некалькі тлумачальных нататак. Мы пісалі, што калі асэтыны сыдуць у Паўночную Асэтыю ці будуць выбітыя са зброяй у Паўночную Асэтыю, яны ўзарвуць сытуацыю ў Расеі.

— Часопіс «Власть» пісаў, што Расея штогод вылучала Паўднёвай Асэтыі 2.5 мільярдаў рублёў. Вы можаце ацаніць гэтую лічбу?

— Я не валодаю поўнай інфармацыяй. Але я ведаю, што ў пэрыяд, калі да ўлады прыйшоў Какойты (Эдуард Какойты — другі прэзыдэнт самаабвешчанай Паўднёвай Асэтыі, кіраваў у 2001-2011 гадах), тады вылучаліся грошы штогод, часам нават большыя, чым вы назвалі. Але калі б гэтыя сумы даходзілі да канкрэтнага адрасата — да фірмаў, якія нешта будуюць, або да людзей, школаў, інстытутаў — гэта адно. Але гэтыя грошы раскрадалі, яны ў пыл ператвараліся вельмі хутка.

— Цяпер Расея таксама фінансуе працэсы ў Паўднёвай Асэтыі?

— Так, вядома. І цяпер фінансуе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG