Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытач Гапееў: У рукі не вазьму сучасных расейскіх баевікоў


Валеры Гапееў
Валеры Гапееў

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае пісьменьнік Валеры Гапееў.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Зазвычай тое, што трапіла ў рукі — ці то набыў, ці то падарылі — пачынаю чытаць адразу. Нетаропка чытаю апошнюю кнігу дзёньнікаў Віктара Шніпа «Трава бясконцасьці». Мяне прываблівае такая форма прозы, у ёй — атмасфэра эпохі, якая раскрываецца праз быццам бы нязначныя дэталі…

Быццам бы сухія радкі, а за імі паўстае жыцьцё

Дзёньнікі Івана Шамякіна прачытаў раней з захапленьнем. Дзёньнікі Уладзімера Дамашэвіча — быццам бы сухія радкі, а за імі паўстае жыцьцё, сапраўднае, эмацыйнае, прарываецца не радком нават, а толькі словам праз стэнаграфічную скупасьць.

Дачытваю «Князь Ваўкалак» Максіма Кутузава. Гэтая кніга, так бы мовіць, з майго праграмнага чытаньня: яна намінаваная на прэмію Гедройця, лічу для сябе важным калі не прачытаць усе кнігі са сьпісу, дык хоць бы мець уяўленьне пра кожную. Гэта з папяровых.

А на экране чытаю «Сядзібу» Алеся Аркуша. Няхай вас не зьдзіўляе вось што: я ня стану, за рэдкім выключэньнем, у гэтай анкеце згадваць імёны і кнігі замежных пісьменьнікаў. Мы ж у Беларусі? Мы — беларусы? Тады лічу патрэбным гаварыць пра сваё, тым больш, вядомых замежных аўтараў названа было ўжо ў адказах на мяшок і торбачку.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Пад «выдатным» разумею для сябе тое, што ўскалыхнула, адкрыла для цябе новы сьвет, новую якасьць чалавечай душы. Пры гэтым сам тэкст напісаны прафэсійна, мае добрую рэдактуру. Дык вось, нядаўна прачытаная — «На засьнежаны востраў» Анкі Ўпалы. Кніга вельмі няпростая для чытаньня, яна забірае твае эмоцыі, яна селіць у душы самотную дажджлівую ноч, але пасьля прачытаньня радуесься: добра, што не прапусьціў такую рэч!

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Ведаеце, а вось стараюся не чытаць рэцэнзій на кнігі да таго, як іх прачытаю. Ва ўсякім разе, не шукаю адмыслова. Бо як бы там ні было, а прафэсійная ацэнка быццам праграмуе цябе: ты шукаеш адзначанае рэцэнзэнтам-крытыкам. Іншым разам шукаеш адваротнае, быццам спрачаесься з ацэнкай. Вось пасьля параўноўваю сваё ўспрыманьне кнігі з іншым, так бы мовіць, правяраю сваю здольнасьць чытаць не на аматарскім узроўні.

Хачу чытаць усё, што выходзіць у нас

Хачу чытаць усё, што выходзіць у нас. І тым больш тое, што намінуецца на розныя прэміі (але неабавязкова займае нейкія месцы). Канешне, тое фізычна часам немагчыма, але зь вядомымі мне аўтарамі абавязкова «сустрэнуся». Зь іншых кніг хоць па колькі старонак пачытаю, каб мець уяўленьне.

Дарэчы, кнігі, пра якія пагалоска пайшла ва ўсе куткі, бяру ў рукі з асьцярогай. Ну, вось раптам пачытаеш, а табе гэты твор зусім і не геніяльны, шараговы проста. Дык тады ты ідыёт, няздольны пабачыць сапраўднае? Наколькі чытач мае права «не разумець» прачытанае і не любіць усімі любімае? Прызнаюся, разы тры ў розным узросьце браўся дачытаць да канца (пачынаючы кожны раз спачатку, каб жа ўцягнуцца!) «Сабор Парыскай Божай маці» Віктора Гюго. Не дачытаў! Ну, не магу я прымусіць сябе чытаць тое, што мне нецікава і нудна, калі чытаньне не дзеля веданьня.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Калі пачынаў пісаць сваё для падлеткаў, перачытваў Сэлінджэра «Над прорвай у жыце». І тут наноў адкрыў для сябе эпізод, як сястра галоўнага героя, малая дзяўчынка, хаваючы брата, кажа маці, што гэта яна ў пакоі пакурыла перад сном. І якой была рэакцыя маці?! У мяне лёгкі шок і цікавасьць: гэты эпізод застаецца ў цяперашніх выданьнях ці яго выразалі? :)

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Лялька» Баляслава Пруса. Гэта былі выдатныя дні, я жыў быццам у двух вымярэньнях. І чакаў гэтай магчымасьці: адасобіцца ад усяго цяперашняга, адкрыць кнігу — і акунуцца ў іншы сьвет. Нетаропкі, прасякнуты пачуцьцямі…

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Сьпіс скласьці? А як каго не назаву, будзе крыўда?) За гэтыя гады, калі я быццам адной нагой у літпрацэсе, даведаўся пра многіх, да каго адношуся з асаблівай павагай як да творцаў. Алена Брава, Людміла Рублеўская, Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Адам Глобус, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько, Ігар Бабкоў, Уладзімер Сьцяпан, Барыс Пятровіч, Пятро Васючэнка, Уладзіслаў Ахроменка, Юры Станкевіч, Вінцэсь Мудроў (мабыць, некага і прапусьціў…). Галоўная іх адметнасьць: кожны стварае сваё, цярэбіць сваю сьцежку, і тым робіць нашу літаратуру больш багатай. Тым іх творчасьць мне цікавая і каштоўная.

Сёньняшняя наша зорка — Наста Кудасава

Паэтаў у нас менш. Сёньняшняя наша зорка (без аніякіх сьмешачак) — Наста Кудасава, з цікавасьцю чытаю вершы Стася Карпава (шкада, зараз мала друкуе новых), Марыі Мартысевіч, Сабіны Брыло, Антона Рудака (і гэты паэт мала новага публікуе, шкада), Марыі Кобец (з Берасьцейшчыны). Драматургію амаль не чытаю.

Пра крытыкаў казаць ня буду, каб не западозрылі ў чым, адно скажу, што іх хлеб — незайздросны сёньня. Цяжка ўявіць, што бывае больш непрадказальнае за пакрыўджанага крытыкам аўтара. А журналістыка-публіцыстыка сёньня адмірае. Старая гвардыя саступае сваё месца рэпартэрам — кліпаваму мысьленьню чытачоў падсоўваюць кліпавае адлюстраваньне рэчаіснасьці. Дзякуй Богу, што ў нас ёсьць яшчэ Максім Жбанкоў…

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Сьмяяцца ў голас над кнігай — не сьмяяўся, неяк падазрона сьмяяцца аднаму ў пакоі. А вось унутры сябе, канечне. Даклада памятаю свой унутраны рогат, калі чытаў казку Пятра Васючэнкі «Жабуля ў Парыжы, або Жаніцьба гаспадара Нупрэя Ліштэлкі». Ну проста сьмешна! Такое так рэдка дзе сёньня сустрэнеш, калі аўтар не вымучвае чытача на сьмех, не прымушае сваіх герояў быць ідыётамі, а ўсяго толькі расказвае з добрай усьмешкай. Усьміхаўся над старонкамі «Радзіва» Андруся Горвата.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Прызнаюся, я досыць сэнтымэнтальны чалавек. Але сьлёзы ў мяне выклікаюць ня сцэны, вартыя спагады і жалю, таму яшчэ ў школе я ніяк не мог зразумець, чаму румзалі дзяўчынкі над «Беднай Лізай» Карамзіна… Помніце, у Дзюма, «Граф Монтэ Крыста» — капітан карабля, у якога служыў Дантэс, прымае рашэньне застрэліцца: грошай няма, яго карабель згінуў, наперадзе цемра для яго і дзяцей. Ягоная сьмерць хоць нейкім чынам зьніме цяжар даўгоў з сям’і. У апошнюю хвіліну дачка бяжыць да яго з паведамленьнем: вэксалі аплачаны некім невядомым, яна атрымала найкаштоўнейшы падарунак. Тут праз акно яны бачаць, як у гавань заходзіць іх адроджаны карабель! Такія моманты я называю для сябе трыюмфам дабрыні і справядлівасьці. Вось яны і выклікаюць сьлёзы. Болей я нідзе ня плакаў, не помню такога незвычайнага па вышыні гучаньня моманту.

Шабаны вы мае, Шабаны... Ні праклясьці вас, ні палюбіць

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Чорны! Мяне раззлаваў і расчараваў Кузьма Чорны сваёй аповесьцю «Лявон Бушмар». Ён стварыў такі вобраз! Пяць Мележаўскіх Яўхімаў трэба і дзесяць Васілёў — тады атрымаецца Лявон Бушмар Чорнага. Як я чакаў ад гэтай глыбы нейкіх зьдзяйсьненьняў, нечага выключнага… А ў выніку Чорны зрабіў яго дробным шкоднікам, падпальшчыкам, над якім у канцы пацяшаюцца «будаўнікі новай вёскі». Эх, такі вобраз — кату пад хвост…

Расчараваў быў і Янка Маўр

Расчараваў быў і Янка Маўр. Так сталася, што «Палескіх рабінзонаў» я прачытаў пасьля «Таямнічага вострава» Жуля Вэрна. І вось, яшчэ тады, падлеткам, адкрываю Маўра і бачу такое знаёмае: нумар главы, яе кароткі зьмест у некалькі словаў… І пачатак амаль такі ж, і пасьля дзеяньні некаторыя, напрыклад, падлік таго, што ў іх ёсьць карыснага з сабой, паўтараліся…

Зь сёньняшніх расчароўваюць і злуюць тыя кнігі, якія выходзяць ня тое што сырымі, але з дрэннай рэдактурай і карэктурай. І слабыя відавочна ў мастацкім пляне. Куды сьпяшаецца аўтар? І найгорай, калі яшчэ вакол такіх кніг узьнімаецца хваля піяру, сапраўды агрэсіўнай рэклямы. Чаму злуюся? Ды вось купіцца на такое просты чалавек, які вырашыў за апошнія дваццаць год пачытаць беларускую кнігу. І што ў выніку? Згубім патэнцыйнага чытача?

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Цяперашнюю фантастыку і фэнтэзі расейскамоўныя, «жаночыя» раманы. У рукі не вазьму сучасных расейскіх баевікоў. Ня стану чытаць і на беларускай мове пра розных «пападанцаў» — тых, хто трапляе ў мінулае ці ў будучыню; так званую альтэрнатыўную гісторыю. Калі ты чытаў у маладосьці фантастаў Брэдбэры, Азімава, Лема, Яфрэмава, Стругацкіх, Бяляева і нашага Гігевіча, то сёньняшнюю фантастыку ўспрымаць неверагодна цяжка. Зраблю два выключэньні для беларускамоўных аўтараў: Сяргей Белаяр зь Берасьця (піша фантастыку, чакаю ад яго добрага такога, грунтоўнага твора) і Аляксей Шэін, аўтар фэнтэзі «Сем камянёў». Няхай прабачаць мяне тыя, каго не назваў, а яны ёсьць.

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Найлепшы час для чытаньня — рэлігійныя сьвяты

Тут не асабліва да любові, калі абставіны лягуць ня так, як хочаш. Купляю кнігі з тых, якія хачу мець у бібліятэчцы сваёй, нешта чытаю на маніторы. Канечне, чытаньне жывой кнігі — гэта ня проста занятак, гэта працэс, у які ўцягнута столькі кампанэнтаў! Ад цішыні ў пакоі да шурпатасьці старонак і паху сьвежай фарбы… Зазвычай адну кнігу чытаю папяровую, адну — электронную. Раніца ці вечар — ня так і важна, быў бы час. Найлепшы час для чытаньня — рэлігійныя сьвяты. От тады ніц рабіць нельга, то і пачытаць можна.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Прыблізна ведаю, але парадкаваць ня буду больш за тое, каб падзяліць паэзію і прозу, сучасьнікаў і памерлых. Ну, яшчэ па сэрыях.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Не зьбіраю кніг мэтаскіравана, таму нічым не зьдзіўлю. Але ёсьць у мяне тыя, якія мне самому найбольш цікавыя і адметныя. Гэта — першыя выданьні сёньняшніх вядомых аўтараў. Некалі даўно я купляў іх — невялікія, тоненькія і сярэднія, а цяпер як сустрэну пры нагодзе аўтара, дык прашу пакінуць аўтограф. Ёсьць першыя кнігі Алены Брава, Барыса Пятровіча, Аляксандра Лукашука (выдавецтва ЦК КПБ!)…

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Напрыканцы таго веку мой новы сябра зрабіў мне выключны па тым часе падарунак — «Архіпэляг Гулаг» Аляксандра Салжаніцына. Як Васіль Быкаў зруйнаваў маё ранейшае меркаваньне аб вайне, так Салжаніцын адкрыў самую страшную праўду пра краіну Саветаў.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Дон Кіхот. Бо хацеў бы сам стварыць такога героя.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Найбольшае ўзрушэньне было ад «Прыгодаў Тома Соера»

Чытаў насамрэч шмат. Найбольшае ўзрушэньне было ад «Прыгодаў Тома Соера». Але і тую прывёз сябар з гораду. Запомніўся «Чалавек ідзе» Янкі Маўра. Спадабалася вельмі, пазнавальна. А вось ягоны ж «Фантамабіль прафэсара Цылякоўскага» гэтак расчараваў… Тады я ўжо ведаў нешта пра фізыку, радыёхвалі і ўсё ўва мне крычала: радыёхваля сама не прымусіць гаварыць прыёмнік, яму сілкаваньне трэба! Што магла прапанаваць тады школьная ды сельская бібліятэка? Чытаў усё запар, пытаў фантастыку, прыгоды. І ўжо тады, помніцца, расчароўваўся савецкай фантастыкай, якой было, дарэчы, нямала, усё пра будаўніцтва камунізму. Надта было надумана ўсё…

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

«Знак бяды» Васіля Быкава. І столькі разоў, каб змог адказаць слушна на пытаньне: навошта Пятрок ставіў крыж на полі?

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

З тых, расстраляных. Каб спытаць: хлопцы, вы верылі сапраўды гэтай уладзе? Калі адкрыліся вашы вочы і ці адкрыліся дарэшты?

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

Ды хопіць і артыкула ў Вікіпэдыі, так думаю.

Што вы перачытваеце?

Перачытваньне — справа рызыкоўная

Такое бывае ня вельмі часта, але здараецца. Іншым разам — Кафку, «Замак», шукаю новыя думкі, пачуцьці. Міхася Стральцова, Івана Пташнікава, Чыгрынава… Увогуле, перачытваньне таго, што чытаў гадоў 10–20 таму — справа рызыкоўная. Зараз у мяне паляцяць камяні, але прызнаюся… Памятаю, у якім захапленьні быў ад «Чорнага замка Альшанскага» Уладзімера Караткевіча, як пяць гадзін у аўтобусе ў юнацтве глынаў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», і як ня змог іх перачытаць цяпер.

Калі нельга ступіць у адну раку двойчы, дык ці можна двойчы пачытаць адну і тую ж кнігу?

Ведаеце, вось дакладна не буду перачытваць «Трэцюю ракету» і «Альпійскую баляду» Васіля Быкава. Але зусім па іншай прычыне. Хачу захаваць у памяці тое выбуховае разбурэньне майго разуменьня вайны пасьля прачытаньня. Мяне, які дагэтуль чытаў толькі «правільныя» кнігі пра вайну, быццам ударылі па галаве — аглушальна, невыказна балюча. Я не хацеў, я ня мог верыць у тое, што на вайне было і вось так — і я верыў, верыў, верыў і душа мая праз сьлёзы лікавала — апошняя трэцяя ракета трапіла туды, куды скіравала яе вышэйшая чалавечая справядлівасьць.

Не аднойчы даводзілася чытаць пра «Альпійскую баляду», рознае. Такое, напрыклад, у Макміліна: «Апoвecьць пpыcвeчaнa iдэi iнтэpнaцыянaльнaгa кaмyнiзмy aльбo кaмyнicтычнaгa iнтэpнaцыянaлy, якaя ўвacaбляeццa пpaз двa пэpcaнaжы зьбeглыx зь лягepу зьнявoлeныx…». Не, для мяне, тады юнака, гэта зноў жа было найвялікшым узрушэньнем — прачытаць пра такое на вайне. Пра каханьне. І ня бачыў я ніякай савецкасьці ў салдаце, а толькі ягоную чалавечнасьць. Годнасьць і гонар. І гэтыя аповесьці хачу такімі запомніць, ня пляміць іх цяперашнім успрыманьнем тэксту.

«Знак бяды» Васіля Быкава перачытваў двойчы

А вось «Знак бяды» Васіля Быкава перачытваў двойчы — глыбіня гэтай кнігі заклікала шукаць новыя і новыя хады думкі аўтара. І каб зноў пераканацца, што гэтая аповесьць — зусім не аб «сапраўдных вытоках народнага супраціўленьня». Гэта — пра беларусаў, якім наканавана вымерці, калі не пакаяцца, не замоляць сваіх грахоў маладушша, здрадніцтва і маўчаньня.

А яшчэ разы тры перачытаў «Млечны шлях» Кузьмы Чорнага. Чым ён мяне прыцягвае і цяпер — не магу зразумець. Сваім незавяршэньнем? Ды не, ёсьць нешта яшчэ, няўлоўнае, недагаворанае, быццам фонавае. Вельмі глыбокі твор нашага майстра-раманіста.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Ужо казаў — кнігі-намінанты на прэмію Гедройця. Чытаць, знаёміцца. Асобна ад гэтага кнігі «Плян Бабарозы» Паўла Касьцюкевіча і «Ян Ялмужна"Антона Брыля. Да сораму, пакуль гэтыя кнігі не прачытаў. Ведаю дасьціпны гумар і прыемную іронію аднаго аўтара, адметную стылёвасьць — другога.

Хачу пазнаёміцца з кнігамі выпускнікоў школы пісьменьніка… Што будзе выходзіць — буду пакрысе чытаць. Вось што б я хацеў пачытаць з таго, чаго яшчэ няма, скажу. Значыць, новую кнігу Андрэя Адамовіча — ну нельга ж яму спыняцца пасьля «Ляшча»! Чакаю кнігу ад Сяргея Балахонава кшталту «Імя грушы». Сачу за творчасьцю Сяргея Календы, гэтаксама чакаю. Марыя Мартысевіч казала пра сваю кнігу прозы для падлеткаў — мне вельмі цікава будзе пачытаць. Яшчэ б хацеў дачакацца новых кніг Анатоля Івашчанкі, Артура Клінава, Алеся Пашкевіча, Анатоля Казлова. І Алеся Наварыча — так доўга ён маўчыць. Спадзяюся — уразіць.

Мода — наша ўсё...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG