Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зробіць футбол Расею лепшай?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёлетні футбольны чэмпіянат сьвету стаў найбольшым сутыкненьнем расейскага абываталя зь іншаземцамі, — нашмат больш маштабным за Алімпійскія гульні 1980 або 2014 гадоў ці савецкія фэстывалі моладзі.

Расею за гэты месяц наведала некалькі соцень тысяч іншаземцаў, прычым ехалі яны ня толькі ў звыклыя турыстычныя Маскву і Санкт-Пецярбург, але і ў мала каму ў замежжы вядомыя Саранск, Краснадар ці Ніжні Ноўгарад.

Для многіх заходнікаў Расея стала адкрыцьцём. Аказваецца, тут цёплае лета, ёсьць курортныя гарады зь не зусім дрэннай інфраструктурай і цікавымі славутасьцямі, дый многія расейцы насамрэч нармалёвыя і гасьцінныя людзі.

Для саміх расейцаў адкрыцьцём стала, бадай, тое ж самае. Яны звыкліся бачыць сябе ў якасьці аточанай ворагамі звышдзяржавы і звышнароду, з «загадкавай душой» і «особенной статью». А па факце высьветлілася, што яны такія ж простыя і нармальныя людзі, як заежджыя ангельцы, немцы, пэруанцы ці ўругвайцы. Ня горш і ня лепш, а значыцца, такія ж, а значыцца — чаго варагаваць? Гэта можа быць важны для расейскага грамадзтва досьвед.

Ці зможа чэмпіянат зьмяніць міжнародную грамадзкую думку наконт Расеі і таму вывесьці яе зь міжнароднае ізаляцыі? Наўрад ці. Заходнія эліты пра Расею, яе людзей і культуру цудоўна ўсё ведаюць і так. А прычыны расейскай ізаляцыі палягаюць не ў выдуманай расейскімі прапагандыстамі «русафобіі», а ў расейскім імпэрскім рэваншызме і агрэсіўнай міжнароднай палітыцы. Пакуль Расея прынамсі ня спыніць вайну супраць Украіны, нічога не палепшыцца.

Падчас брэжнеўскіх Алімпійскіх гульняў у Маскве ў 1980 годзе савецкія войскі працягвалі сваю бясслаўную вайну ў Аўганістане. Гульні байкатавалі некалькі дзясяткаў краінаў, у тым ліку ЗША, Канада і Фэдэратыўная Рэспубліка Нямеччына.

Літаральна на наступны тыдзень заканчэньня Алімпійскіх гульняў у Сочы ў 2014 годзе Расея пачала актыўную фазу захопу Крыма, якая потым атрымала свой працяг у выглядзе вайны на Данбасе. Увесь рэпутацыйны капітал, які Расея зарабіла на сочынскіх гульнях, быў ёю жа ўласнаручна зьнішчаны літаральна за некалькі тыдняў. Ад кранальнага і цёплага закрыцьця гульняў да ўвядзеньня міжнародных санкцыяў супраць Расеі мінуў усяго месяц.

Дэманстрацыя ў Кіеве, 1 ліпеня 2018 году
Дэманстрацыя ў Кіеве, 1 ліпеня 2018 году

У 2018 годзе крымскі рэжысэр і актывіст Алег Сянцоў на момант заканчэньня чэмпіянату галадае ўжо больш за 60 дзён. За час футбольнага сьвята на Данбасе падтрыманыя Расеяй баявікі з ДНР і ЛНР забілі ці паранілі некалькі дзясяткаў жаўнераў Збройных сілаў Украіны. За той жа час памерла жыхарка Брытаніі, атручаная (напэўна, выпадкова) расейскім «Новичком».

Чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году сканчаецца ва ўмовах далейшага эканамічнага крызісу ў Расеі і першага трывожнага сыгналу. Несправядлівая пэнсійная рэформа, чыя сутнасьць — эканомія дзяржаўных сродкаў за кошт насельніцтва на фоне гіганцкіх ваенных выдаткаў і гратэскных маштабаў карупцыі, выклікала досыць масавыя, хаця і не заўважаныя мэдыямі, пратэсты. Рэформа абрушыла рэйтынг улады і асабіста Ўладзіміра Пуціна. А гэта падвышае рызыку таго, што ўладзе зноў спатрэбіцца вобраз ворага, а магчыма, і чарговая замежнавапалітычная авантура, каб адцягнуць увагу ад унутраных праблемаў.

Чэмпіянат скончыўся, фанаты зьяжджаюць, карэта ператвараецца ў гарбуз. Застаюцца «Новичок», ДНР і Крым. «На трибунах становится тише, тает быстрое время чудес»...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG