Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскіх сябраў АГП у турэмных робах затрымалі за «намер правесьці несанкцыянаваную акцыю»


Затрыманьне сябраў АГП Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка у Горадні
Затрыманьне сябраў АГП Аляксандра Лаўрэнцьева і Мікалая Саляніка у Горадні

За «намер правесьці несанкцыянаваную акцыю» былі затрыманыя 3 ліпеня ў Горадні два актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Пра гэта сёньня маці затрыманага Аляксандра Лаўрэнцьева Юліі Лаўрэнцьевай сказалі ў прэс-службе УУС Горадзенскага аблвыканкаму. Ёй таксама паведамілі, што на затрыманых складзены адміністрацыйныя пратаколы.

Затрыманы 3 ліпеня горадзенскі актывіст АГП Аляксандар Лаўрэнцьеў, які разам з старшынём гарадзкой арганізацыі АГП Мікалаем Салянікам зьмясьціў на сваёй старонцы ў фэйсбуку здымак, на якім яны ў турэмных робах трымаюць плякат з выявай калючага дроту і лёзунгам «Беларусь — страна для „жизни“», цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня Кастрычніцкага РАУС Горадні.

Гэта адзіная канкрэтная інфармацыя, якую за паўдня маці Аляксандра спадарыня Юлія змагла атрымаць пра сына.

«Я з раніцы спрабавала высьветліць, за што затрымалі сына, паколькі была сьведкай, як яго цягнулі ў машыну людзі ў цывільным, але мне нічога не адказалі. Я паехала ў РАУС, але там толькі прынялі перадачу і накіравалі ў прэс-цэнтар па тлумачэньні, — кажа спадарыня Юлія. — Прадстаўнік прэс-службы сказаў мне, што ў міліцыі ведалі пра намеры сына правесьці несанкцыянаваную акцыю і затрымалі».

Паводле спадарыні Юліі, яна спрабавала дамагчыся канкрэтыкі ад супрацоўніка міліцыі — маўляў, за намеры ня могуць арыштоўваць. Але супрацоўнік прэс-службы патлумачыў, што і на ейнага сына, і на Мікалая Саляніка складзеныя адміністрацыйныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП, які прадугледжвае ад 40 да 50 базавых велічынь альбо адміністрацыйны арышт за парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў. І, маўляў, яны будуць перададзеныя ў суд.

Юлія Лаўрэнцьева
Юлія Лаўрэнцьева

Актывісты хочуць паказаць у судзе, што яны былі сьведкамі выкраданьня людзей

У Кастрычніцкім судзе Горадні аднапартыйцы Лаўрэнцьева даведаліся, што пратаколы з Кастрычніцкага РАУС на затрыманых не паступалі. Трое актывістаў напісалі ў суд заявы, у якіх выказалі жаданьне выступіць сьведкамі па гэтай справе.

«Мы стаялі побач і бачылі, як жорстка затрымлівалі Саляніка і Лаўрэнцьева, — сказаў Свабодзе актывіст Сяргей Верамеенка. — У заяве мы напісалі, што хочам сьведчыць пра тое, як невядомыя людзі ў цывільным выкрадалі нашых знаёмых. Людзі ў цывільным не прадстаўляліся, што яны зь міліцыі, не называлі прычын, чаму яны сілай цягнулі іх у аўтобус».

Верамеенка пасьля напісаньня заявы ў суд заўважыў, што цяпер ім павінны будуць паведаміць пра пачатак працэсу над Лаўрэнцьевым і Салянікам.

Салянік: «Мяне катавалі ў аўтобусе, калі везьлі ў РАУС»

Мікалая Саляніка ўчора, пасьля таго як прывезьлі ў РАУС, амаль адразу забрала хуткая дапамога. Ён інвалід другой групы і перанёс некалькі апэрацый на сэрцы. Цяпер ён у трэцім гарадзкім шпіталі, яму прызначаны курс лячэньня.

Мікалай Салянік
Мікалай Салянік

Пра тое, што адбывалася ўчора, Салянік кажа, што гэта былі «сапраўдныя катаваньні».

«Пасьля таго як яны закінулі нас у аўтобус, пачалі зьдзекавацца, — кажа Салянік. — Паставілі на калені, выкручвалі рукі, прымянялі да мяне болевыя прыёмы. У пакоі РАУС мне стала дрэнна, і я запатрабаваў выклікаць хуткую дапамогу».

У шпіталі Саляніку, паводле яго, аказалі належную дапамогу, зрабілі ўсе неабходныя працэдуры, якія і раней звычайна рабілі ў шпіталі. Акрамя гэтага, лекары зьнялі і зафіксавалі пабоі. У яго ёсьць сінякі і задзірыны на целе.

«Учора ў шпіталі ад мяне не адыходзіў міліцыянт, — кажа Салянік. — А ўжо сёньня нікога пры мне няма, і я мог спакойна выйсьці на вуліцу. Адзінае, мне сказалі, калі будуць выпісваць, то паведамяць пра гэта міліцыі».

Паводле Саляніка, ён дагэтуль ня можа зразумець, за што іх разам з Лаўрэнцьевым затрымлівалі.

«Мы ж не былі на пікеце, а толькі выйшлі з хаты ў двор, былі апранутыя ў робы, але апранацца такім чынам ніхто ў нас яшчэ не забараняе», — кажа Салянік.

Хапун замест «Акцыі вызваленьня і салідарнасьці» Статкевіча. ФОТА І ВІДЭА

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG