Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу салдата Коржыча, які загінуў у войску, перадалі ў Генпракуратуру


Партрэт Аляксандра Коржыча ў кватэры маці
Партрэт Аляксандра Коржыча ў кватэры маці

Чакаецца, што на наступным тыдні Вярхоўны суд вызначыць, дзе яна будзе разглядацца. Пра тое, што справу Аляксандра Коржыча перадалі ў суд, стала вядома 28 чэрвеня.

Гэтую інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі ў Генэральнай пракуратуры.

«Так, яна ў нас, — сказаў афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры Дзьмітры Брылёў. — Бліжэйшым часам з матэрыяламі справы азнаёміцца пракурор, пасьля чаго стане зразумелым, што зь ёй будзе далей. Справу альбо накіруюць для далейшых сьледчых дзеяньняў, альбо ў суд».

Па словах прадстаўніка Генпракуратуры, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні справу накіруюць у Вярхоўны суд для вызначэньня падсуднасьці. Гэта значыць — не для разгляду, а для таго, каб вырашыць, у якім менавіта судзе будзе праходзіць разгляд.

Сьвятлана Коржыч пра накіраваньне справы аб сьмерці сына ў пракуратуру даведалася ад Свабоды.

«Я нічога пра гэта яшчэ ня ведаю, вось ад вас чую, — кажа Сьвятлана Коржыч. — На пачатку тыдня прыйшлі вынікі эксгумацыі. Там у экспэртызе слова ў слова тое самае, што раней было. Слова ў слова». Сьвятлана Коржыч пакуль ня ведае, што будзе рабіць далей. Па словах маці загінулага салдата, яна разьлічвала яшчэ як мінімум на месяц праверкі акалічнасьцяў сьмерці сына».

Сьледчыя эксгумавалі цела салдата Коржыча на патрабаваньне маці

Сьвятлана Коржыч
Сьвятлана Коржыч

Паводле вэрсіі Сьледчага камітэту, Аляксандра Коржыча «давялі да самагубства». Пры гэтым сам СК раней паведамляў, што цела знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і нацягнутай на галаву майкай — як гэта спалучаецца з вэрсіяй пра самагубства, маці не патлумачылі.

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

Па выніках расьсьледаваньня ў справе Коржыча былі ўзятыя пад варту 10 чалавек: два афіцэры — камандзір роты, старшы лейтэнант 1994 году нараджэньня, і ягоны намесьнік, капітан 1989 году нараджэньня, — сем сяржантаў і прапаршчык. За непрыняцьце захадаў прадухіленьня гібелі Коржыча з войска звольнілі пяць чалавек, яшчэ двое адхіленыя ад працы.

«Яны прададуць і дзяржаву, і Лукашэнку». У маці салдата Коржыча свая вэрсія сьмерці сына

Адбыўся таксама шэраг судоў за дзедаўшчыну, не зьвязаных са сьмерцю Аляксандра Коржыча. З пачатку 2018 году, паводле Генпракуратуры, 23 салдатаў тэрміновай службы асудзілі за гвалт у войску.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

72-і гвардзейскі аб’яднаны вучэбны цэнтар падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спэцыялістаў — так афіцыйна называецца вайсковая адзінка ў вайсковым гарадку Печы пад Барысавам. Вучэбны корпус у Печах — найвялікшая вайсковая фармацыя ў Беларусі. Паводле «Белорусской военной газеты», у Печах больш за 4,5 тысячы асабовага складу — цэлы пасёлак, па цывільных мерках. Тут сканцэнтравана каля 10% усіх вайскоўцаў краіны (агулам у Беларусі іх 48,9 тысячы, інфармуе БелТА).

Вучэбны цэнтар у Печах існуе з 1960 году. Раней там рыхтавалі толькі малодшых камандзіраў і спэцыялістаў, а з 2001 году — яшчэ і прапаршчыкаў.

72-і вучэбны цэнтар — гэта шэсьць спэцыялізаваных школ, кожная зь якіх лічыцца асобнай вайсковай часткай. У розных школах рыхтуюць будучых танкістаў, кіроўцаў і камандзіраў БМП, снайпэраў, спэцыялістаў радыёсувязі, начальнікаў сталовых — большасьць спэцыялістаў для беларускай арміі. Усяго там навучаюць 81 спэцыяльнасьці.

Акрамя школаў, у вучэбны цэнтар уваходзяць тры вайсковыя адзінкі, дзе салдаты праходзяць паўнавартасную службу: батальён аховы і абслугоўваньня, цэнтар тэхнічнага забесьпячэньня і батальён матэрыяльнага забесьпячэньня.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG