Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дыскусіі пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі праваабаронцы абсьмяялі дэпутатаў


Амбасада Вялікай Брытаніі ў Беларусі пры падтрымцы камісіі Нацыянальнага сходу ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі правяла ў Віцебску шэраг сустрэч для абмеркаваньня праблемы сьмяротнага пакараньня. Свабода вылучыла пяць аспэктаў праблемы, якія ў Беларусі бачаць «ня так», як за мяжой.

Сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзкасьці мадэравала амбасадарка Брытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб. У лік замежных экспэртаў уваходзілі Парвэc Джабар, выканаўчы дырэктар арганізацыі The Death Penalty Project (Вялікая Брытанія), Асунта Віво Кавальлер, генэральны сакратар няўрадавай арганізацыі «Міжнародная камісія супраць сьмяротнага пакараньня» (Гішпанія), доктар Алесандра Саляконэ, прадстаўнік Супольнасьці Сьв. Эгідыя (Італія).

Андрэй Навумовіч (зьлева) і Фіёна Гіб
Андрэй Навумовіч (зьлева) і Фіёна Гіб

Паводле Андрэя Навумовіча, які ўзначальвае камісію Нацыянальнага сходу і зьяўляецца кіраўніком рабочай групы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня, гэта ўжо пяты візыт у Беларусь міжнародных экспэртаў, якія займаюцца гэтай праблематыкай у розных краінах сьвету. Але прадстаўнікі віцебскай грамадзкасьці прыйшлі ня толькі пазнаёміцца з досьведам замежных краінаў, дзе сьмяротная кара ўжо адмененая. Прысутных найболей цікавіла, якія высілкі прыклалі менавіта беларускія ўрадоўцы для адмены пакараньня сьмерцю. Падчас дыскусій высьветлілася, што некаторыя аспэкты гэтай праблемы ў Беларусі бачаць «ня так», як у замежжы.

1. Наяўнасьць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі вызначыў рэфэрэндум у 1996 годзе

Па словах кіраўніка рабочай групы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня Андрэя Навумовіча, «так вырашыў народ».

Міжнародныя экспэрты перакананыя, што шляхам рэфэрэндуму падобныя пытаньні вырашацца не павінны: мараторый на сьмяротнае пакараньне або яго адмена мусяць абвяшчацца ад імя дзяржаўнага кіраўніцтва.

2. Навумовіч ёсьць прыхільнікам мараторыю на сьмяротнае пакараньне

Але ён «ня пэўны, што іншыя парлямэнтарыі яго падтрымаюць».

Паводле яго, дэпутаты Нацыянальнага сходу не рыхтуюць аніякіх дакумэнтаў у праблематыцы сьмяротнага пакараньня, каб падаць іх на разгляд кіраўніка краіны. Што да асабістага меркаваньня Аляксандра Лукашэнкі, то спадар Навумовіч абвясьціў: «Сам-насам мы зь ім гэтага не абмяркоўвалі».

Асунта Віво Кавальлер (зьлева) і Андрэй Навумовіч
Асунта Віво Кавальлер (зьлева) і Андрэй Навумовіч

Міжнародныя экспэрты казалі, што альгарытм адмены сьмяротнага пакараньня ў замежных краінах быў наступны: кіраўніцтва найперш абвяшчала мараторый — гэта значыць, што ўжо вынесеныя сьмяротныя прысуды не выконваліся. І за час дзеяньня мараторыю пераглядаліся і зьмяняліся крымінальныя артыкулы — сьмяротная кара ў іх замянялася на іншыя віды пакараньня.

3. Асьветніцкая праца «ўскладзена на дэпутатаў»

Асьветніцкая праца, што да праблематыкі сьмяротнага пакараньня, у Беларусі ўскладзена на дэпутатаў. Гэтую тэзу таксама агучыў спадар Навумовіч, што выклікала сьмех у залі. Паводле каардынатаркі аргкамітэту партыі БХД Тацяны Севярынец, асьветніцкай працы ў гэтым кірунку не заўважана ўвогуле: праблема наяўнасьці ў Беларусі сьмяротнага пакараньня ўздымаецца хіба толькі падчас падобных сустрэч з іншаземцамі. А дэпутатаў мясцовых саветаў людзі ня ведаюць ні ў твар, ні па прозьвішчах.

Выступае Тацяна Севярынец
Выступае Тацяна Севярынец

Дарэчы, на сустрэчы зь віцебскай грамадзкасьцю ніводзін з запрошаных дэпутатаў розных узроўняў не задаў ніводнага пытаньня і ня выказаў ніводнай заўвагі.

4. Судовыя памылкі ёсьць, але ўплываць на суд нельга

Кіраўнік рабочай групы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня прызнае магчымасьць судовых памылак. Але цьвердзіць, што «ўплываць на суд мы ня можам». Менавіта аргумэнт пра судовыя памылкі ёсьць адным з самых распаўсюджаных на карысьць адмены сьмяротнага пакараньня. І спадар Навумовіч таксама апэлюе да яго, аргумэнтуючы пазыцыю наконт мараторыю. Аднак прыгадвае вывучэньне замежнага досьведу, ніяк не камэнтуючы выпадкаў, калі ў Беларусі да сьмяротнай кары памылкова асуджалі невінаватых.

Праваабаронца Павал Левінаў
Праваабаронца Павал Левінаў

Бэз камэнтароў засталася і заўвага праваабаронцы Паўла Левінава пра тое, што апошні выпадак сьмяротнага прысуду на Віцебшчыне (22 верасьня 2017 г.) быў фактычна ўтоены ад шырокай грамадзкасьці: пра яго не паведамлялі ў СМІ і ён не ўвайшоў у афіцыйную статыстыку.

5. Якія прапановы выказаў асабіста кіраўнік рабочай групы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня?

Пра асабістыя прапановы спадара Навумовіча спытала Любоў Кавалёва, маці расстралянага праз абвінавачаньне ў тэрарызьме Ўладзіслава Кавалёва. Канкрэтнага адказу не прагучала. Спадар Навумовіч прыгадаў толькі тое, што ўжо два гады ў Беларусь прыяжджаюць замежныя экспэрты ў праблеме сьмяротнага пакараньня ды зь імі ладзяцца сустрэчы на розных узроўнях.

Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Прысутныя адзначылі, што гэтага наўрад ці дастаткова для ўплыву на сьвядомасьць шырокіх колаў грамадзкасьці. На што Андрэй Навумовіч адказаў, што ён заўжды гатовы выслухаць прапановы, варта толькі трапіць да яго на асабісты прыём. А сустрэчы з прадстаўнікамі замежжа праводзяць не для таго, каб задаваць пытаньні беларускаму боку.

Прысутныя ж скарысталіся менавіта гэтай магчымасьцю, бо іншых шляхоў даведацца пра дзейнасьць камісіі Нацыянальнага сходу ў правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ды рабочай групы ў пытаньні сьмяротнага пакараньня практычна няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG