Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі добраахвотнік, якога ва Ўкраіне вінавацяць у забойстве, расказаў сваю вэрсію справы


Ігар Кляўко (архіўнае фота)
Ігар Кляўко (архіўнае фота)

У Валадарскім раённым судзе Данецкай вобласьці 30 траўня мае адбыцца чарговае падрыхтоўчае паседжаньне ў справе беларускага добраахвотніка Ігара Кляўка. Яго арыштавалі летась у лютым паводле падазрэньня ў забойстве Аляксандра Ходава — жыхара пасёлка Мангуш Данецкай вобласьці, а ў сьнежні накіравалі ў Дняпроўскую псыхіятрычную лякарню са строгім наглядам.

Пад пазыўным «Леў» разам з батальёнамі «Данбас» і ДУК «Правы сэктар» Ігар Кляўко прайшоў амаль усе гарачыя кропкі антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны: Арцёмаўск, Папасную, Лісічанск, Ілавайск і Пескі, дзе атрымаў раненьне.

За ўдзел у баявых дзеяньнях на Данбасе Кляўко атрымаў званьне Народны герой Украіны — гэта недзяржаўная ўзнагарода, заснаваная ў 2015 годзе паводле ініцыятывы калекцыянера антыкварыяту і валанцёра Андрэя Боечка і ювэліра Дзьмітрыя Шчарбакова. Пра беларуса, які прыехаў абараняць Украіну, здымалі дакумэнтальныя фільмы, ён быў удзельнікам патрыятычных фотапраектаў.

Цяпер Ігару Кляўку пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — выкраданьне чалавека, наўмыснае забойства і бандытызм.

Ўпершыню пасьля арышту Ігар Кляўко распавёў Радыё Свабода пра сваю крымінальную справу.

Сьледзтва: забойства раскрытае

Першыя камэнтары сьледзтва па гэтай справе зьявіліся праз два месяцы пасьля затрыманьня Ігара Кляўка, калі паліцыя Марыюпалю затрымала яшчэ аднаго былога добраахвотніка, зь якім, паводле сьледчых, беларус забіў Аляксандра Ходава.

Кіраўнік крымінальнага вышуку паліцыі Данецкай вобласьці Арцём Кісько заявіў, што «пад ціскам доказаў» той прызнаў сваю віну, а Ігар Кляўко адмовіўся ад супрацы са сьледзтвам.

Ігар Кляўко на кожным судовым паседжаньні заяўляе пра сваю невінаватасьць, а справу лічыць палітычным заказам. Праўда, адкуль гэты заказ паходзіць — з Украіны ці зь Беларусі — ня вызначыўся. Адно не выключае іншага, кажа ён і працягвае:

— Сьведкам для апазнаньня дэманструюць фотаздымак, на якім я стаю пад бел-чырвона-белым сьцягам, і кажуць ім — скажыце, што гэта ён. І я ўсё гэта чую.

Начальнік крымінальнага вышуку горада Марыюпалю (Арцём Кісько — РС) казаў, што ён таксама беларус. Гэта чалавек, які працаваў у Данецку (падчас падзеяў у 2014 годзе Арцём Кісько быў намесьнікам кіраўніка гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Данецку — РС), а пасьля пераехаў у Марыюпаль і ўладкаваўся, нейкім чынам прайшоўшы люстрацыю. На той момант ён быў падначаленым Вячаслава Аброськіна (цяпер намесьнік кіраўніка Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны, тады — кіраўнік паліцыі Данецкай вобласьці — РС), зь якім у народнага дэпутата Сямёна Сяменчанкі, былога камандзіра батальёну «Данбас» узьнік канфлікт праз блякаду гандлю з акупаванымі тэрыторыямі. Гэта таксама можа быць адной з палітычных прычын перасьледу.

Ігар Кляўко дадае, што крымінальную справу, адкрытую супраць яго ў Беларусі за ўдзел у антытэрарыстычнай апэрацыі, дапоўнілі матэрыяламі марыюпальскай справы, накіраванымі паліцыяй Данецкай вобласьці пасьля ягонага арышту. Такім чынам, на ягоную думку, украінская ўлада «гадуе» расейскую прапаганду, ствараючы вобраз ворага з добраахвотнікаў.

— Ім галоўнае атрымаць ці то званьне, ці то прэміі за раскрыцьцё банды, сфармаванай з добраахвотнікаў. Такое стаўленьне прыдушвае ў людзей жаданьне абараняць дзяржаву і свае правы. Цяпер ва Ўкраіне вельмі шмат вайскоўцаў, асуджаных несправядліва. Калі сыстэма, выкарыстоўваючы катаваньні з мэтай самаагавора, ня можа зламаць учорашніх абаронцаў-патрыётаў, іх адпраўляюць у псыхлякарні, абвяшчаюць вар’ятамі, і тады іхныя аргумэнты ўжо ніхто не спрыймае. І гэта не адзінкавыя выпадкі.

Даказаная віна ці сфабрыкаваная справа

Справу адкрылі ў 2016 годзе, калі ў Марыюпалі затрымалі аднаго з былых добраахвотнікаў батальёна «Данбас». Менавіта на яго паказаньнях і грунтуецца ўсё абвінавачаньне.

— Калі верыць матэрыялам справы, гэты чалавек выкраў аўтамат з вайсковай часткі, паехаў да сябе ў вёску, нахуліганіў там, яго затрымалі і мабыць пад катаваньнямі прымусілі даць паказаньні супраць мяне. Пры чым, як пацьвердзіў псыхіятар пры аглядзе, гэты чалавек быў з псыхічнай паталёгіяй, яна была названая як «эмацыйнае засмучэньне асобы імпульсыўнага тыпу», былі на ім і сьляды катаваньняў, сінякі выяўленыя — выклікалі хуткую дапамогу, каб гэта засьведчыць. Атрымліваецца, што сьледчыя ўзялі паказаньні ў псыхічна нездаровага чалавека, пад катаваньнямі, які агаварыў мяне, — распавядае Ігар Кляўко.

Паводле беларускага добраахвотніка, у справе няма доказаў ягонай віны:

— Па гэтай справе падкідаюць і косткі, і на іржавай кулі, на якой ужо абалонка развальваецца, зьяўляюцца сьвежыя нарэзы. Дзьве экспэртызы паказваюць, што яе дасьледаваць немагчыма, а сьледчыя знаходзяць трэцюю экспэртызу, якая паказвае такія ж сляды, як у толькі што выпушчанай кулі. Гэта ўжо сьведчыць аб падробках. Калі б усё было так, як яны спрабуюць даказаць, такія рэчы проста былі б непатрэбныя. Потым высьветлілася, што знайшлі яшчэ адзін пазванок і трэцюю руку, калі ўжо экспэртыза костак была зробленая. Пацярпелы насіў з сабой запасныя пазванкі? Як гэта магчыма?

«У час забойства я быў у Марыюпалі»

2 лістапада 2014 года, у дзень забойства, якое інкрымінуюць Ігару Кляўку, у Марыюпалі адбываўся мітынг — перасяленцы з Данецку і мясцовыя жыхары выйшлі на вуліцу, каб выказаць пратэст супраць акупацыі Данбасу. На гэтай акцыі прысутнічаў і Ігар Кляўко.

Адвакаты спрабавалі далучыць да матэрыялаў справы адпаведнае відэа, на якім зафіксаваны ягоны выступ перад удзельнікамі. Прысутнасьць беларускага добраахвотніка ў Марыюпалі і пасьля акцыі пацьвярджалі і некалькі сьведкаў, паводле якіх, за гадзіну між мітынгам і забойствам Ігар Кляўко ня мог бы пасьпець адсачыць, выкрасьці, вывезьці і забіць пацярпелага.

— Мне вядома, што відэа адпраўлялася на экспэртызу, але яе не праводзілі, спаслаўшыся на іншы профіль гэтай экспэртызы. Карцінку паказалі, але ніхто не праводзіў дасьледаваньне. І тую зброю, якую спрабуюць паказаць як сродак забойства і сьцвярджаюць, што яна належыць мне, экспэртыза пацьвердзіла, што там зусім іншая зброя, нумарная. А ў мяне была бяз нумару. Нават па выніках праведзеных экспэртыз не змаглі даказаць, што менавіта з гэтай зброі былі зробленыя стрэлы, — распавядае Ігар Кляўко.

«Мяне выкралі са шпіталю»

Ігар Кляўко кажа, што яго затрымалі ў Ірпенскім вайсковым шпіталі, на другі дзень пасьля апэрацыі — яму выймалі стрыжань з нагі пасьля раненьня, атрыманага ў Песках:

— Дакладней я быў выкрадзены для катаваньняў з мэтай самаагавору, а потым у справе фігуравала тое, што мяне нібыта злавілі пад Марыюпалем і я спрабаваў уцякаць. Уяўляеце, уцякаць на мыліцах, на другі дзень пасьля апэрацыі? Уся справа сфабрыкаваная.
Мяркуючы па матэрыялах справы, яшчэ да майго затрыманьня, вяліся негалосныя сьледчыя дзеяньні — праслухоўка, сачэньне... Усё ў духу Рэспублікі Беларусь, толькі ў выкананьні Ўкраіны. Мяне зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Я яшчэ быў на антыбіётыках і мусіў рыхтавацца да наступнай апэрацыі — лапараскапіі па выдаленьні жоўцевага пухіра. Мяне выкралі, зьмясьцілі ў ізалятар... Былі моцныя болі пасьля апэрацыі і гэта ўжо было катаваньнем...

Потым мяне перавялі ў сьледчы ізалятар, дзе працягвалася «распрацоўка». За час гэтай «распрацоўкі» ў мяне двойчы быў зламаны нос, з часам ад дрэннага ўтрыманьня згубіліся зубы.
Па прыезьдзе ў Дняпро, у абласную псыхіятрычную бальніцу, суправаджаючыя паліцыянты мабыць нешта нашапталі мясцовым паліцыянтам, і мяне справакавалі, каб я выказаў сваё абурэньне. Пачалі кідаць пад мае ногі фатаграфіі маіх бацькоў, лісты, ліст сябра Марка Паслаўскага, Франка, маёра амэрыканскіх рэйнджараў, які прыехаў ва Ўкраіну шэраговым вайскоўцам абараняць краіну, ён загінуў у Ілавайску. Я спыніўся, ні на каго не кідаўся і папрасіў падняць, у выніку чаго зноў атрымаў зламаны нос і выламаныя рукі, якія дагэтуль з-за боляў дастаўляюць дыскамфорт.

«Катаваньні давесьці цяжка»

— Вы ці вашыя адвакаты зьвярталіся з заявай аб катаваньнях да праваахоўных органаў і Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека?

— Не пісалі заяў, бо гэта ж усё цяжка даказаць. А па-другое, у СІЗА зь мяне рабілі ідыёта. Я выкінуў праз акенца кавалак хлеба птушкам, а выставілі, што я ледзь не палку каўбасы выкінуў. Пра што тут гаварыць? Яны наўмысна казалі пра тое, што я не іду на сустрэчу з адвакатам, хоць я пра гэта ня ведаў, адмаўляліся перадаваць пасылкі, а які вязень можа адмовіцца ад пасылак?

— Але ж адвакат і ваша грамадзянская жонка казалі, што быў пэрыяд, калі вы адмаўляліся зь імі кантактаваць?

— Не было такога. Які мне сэнс адмаўляцца ад сустрэч з адвакатам і з жонкай? Мне проста ніхто пра гэта нічога не казаў. Варта разумець, што сыстэмная распрацоўка на ўзроўні СІЗА ўключае і гэты момант, калі чалавека робяць вар’ятам таму, што ён адмаўляецца размаўляць з прычыны, што яго агаворваюць. Таму ў нейкія моманты я стаў менш размаўляць. І гэта расцанілі як дэпрэсыю, і на гэтай падставе мяне і зьмясцілі ў псыхіятрычную лякарню. Хоць доктар, якая тут лечыць, сказала, што мне лячэньне не патрабуецца і таксама канстатавала, што з моманту прыезду сюды дэпрэсыі ў мяне ня выявіла.

Атрымліваецца, што я апошнія паўгода сяджу ў строгай ізаляцыі без рашэньня суда аб маёй вінаватасьці, а ў цэлым ужо больш за год — за злачынствы, якія я не зьдзяйсьняў. Я ня ведаю, чый гэта заказ, але па-мойму, гэта можа быць як у інтарэсах беларускага боку, так і ДНР, таму што ў матэрыялах справы існуюць спасылкі на сайт з ДНР «Трыбунал» і там пяць ці шэсць раздруковак з гэтага сайту.

Ці ёсьць шанцы на апраўданьне?

Адвакат Ігара Кляўка Ірына Галоўчанка паведаміла Свабодзе, што пры разглядзе ў судзе справы па сутнасьці будзе заяўляць аб недапушчальнасьці доказаў, сабраных сьледчымі:

— Гэтыя доказы высмактаныя з пальца, і на маю думку, яны не дапушчальныя. На судзе мы, вядома ж, будзем аб гэтым заяўляць, але ёсьць пэўныя сумневы, ці пагодзіцца з довадамі абароны суд, паколькі, на жаль, нашая судовая сыстэма не працуе — апраўдальных прысудаў выносіцца вельмі маленькі адсотак. Але тое, што сабрала сьледзтва, доказамі назваць вельмі складана.

Пракурор ваеннай пракуратуры Марыюпальскага гарнізону Мікалай Сласьцін, які ў судзе падтрымлівае абвінавачаньне Ігара Кляўка, адмовіўся ад камэнтароў. «На жаль, я не магу разгалошваць пытаньні, зьвязаныя з дасудовым расьсьледаваньнем ці з ходам судовага разгляду», — сказаў ён і параіў зьвярнуцца да Генэральнай пракуратуры Ўкраіны.

Радыё Свабода накіравала адпаведныя афіцыйныя запыты ў Генэральную пракуратуру Ўкраіны і Вайсковую пракуратуру Аб’яднаных сіл. Згодна з украінскім заканадаўствам, яны маюць адказаць на працягу пяці працоўных дзён — да 4 чэрвеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG