Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў у разглядзе скаргі аб сьмерці рабочага, які загінуў падчас аўралу перад прыездам Лукашэнкі


Тацяна Раманава, сястра загінулага гамельчука Кірыла Раманава
Тацяна Раманава, сястра загінулага гамельчука Кірыла Раманава

«Паказуха важнейшая, чым жыцьцё чалавека», — заявіла Свабодзе сястра загінулага гамельчука Кірыла Раманава.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля пакінуў без разгляду скаргу сястры загінулага гамельчука Кірыла Раманава, які праваліўся праз дах кароўніку ў Буда-Кашалёўскім раёне падчас аўралу перад візытам Аляксандра Лукашэнкі.

Загінуў — сам вінаваты

Тацяна Раманава абскарджвала заключэньне Гомельскай абласнога ўпраўленьня дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы пра віну брата ва ўласнай сьмерці. У прыватнасьці, хацела скасаваць пункт, у якім гаворыцца, што Кірыл парушыў службовую інструкцыю аб ахове працы, зацьверджаную галоўным інжынэрам ААТ «Гомельскі хімічны завод».

Судзьдзя Марына Дамненка прыйшла да высновы: паколькі месячны тэрмін абскарджваньня прапушчаны, скаргу пакінуць без разгляду. Прававы інспэктар незалежнага прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, прадстаўнік Тацяны Раманавай у судзе, зьдзіўлены такім паваротам.

«Мне не зразумела, чаму судзьдзя з уласнай ініцыятывы вырашыла не разглядаць скаргу па сутнасьці, а адхіліла яе з прычыны прапушчаных тэрмінаў. Пазваныя — прадстаўнікі дзяржаўнай інспэкцыі працы і хімзаводу — гэтага пытаньня не ўздымалі».

Заключэньне галоўнага дзяржаўнага інспэктара рэгіянальнага ўпраўленьня дэпартамэнту працы Дзяніса Кізюна пра няшчасны выпадак зроблена 19 лютага. Спачатку Тацяна Раманава абскардзіла ягоныя высновы начальніку абласнога ўпраўленьня. Атрымаўшы адмоўны адказ у сярэдзіне сакавіка, зьвярнулася 3 красавіка ў суд Цэнтральнага раёну Гомля.

У зале суду — пазоўніца, яе прадстаўнік і пазваныя
У зале суду — пазоўніца, яе прадстаўнік і пазваныя

Дзяніс Кізюн і Настасься Мацюк, якія прадстаўлялі рэгіянальнае ўпраўленьне дэпартамэнту дзяржаўнай інспэкцыі працы, не прызналі прэтэнзіяў Тацяны Раманавай. Прадстаўнікі Гомельскага хімічнага заводу Сяргей Драбышэўскі і Кацярына Бізунова трымаліся аналягічных высноваў: мужчына парушыў службовую інструкцыю ў тэхніцы бясьпекі.

Кароўнік важнейшы за жыцьцё

Трагедыя здарылася 18 лістапада 2017 году. Дырэкцыя Гомельскага хімзаводу паслала кіроўцу ваенізаванага газаратавальнага атраду Кірыла Раманава ў філію «Марозавічы-Агра» ў вёсцы Бушаўка Буда-Кашалёўскага раёну. Комплекс меўся наведаць Аляксандар Лукашэнка. Разам зь іншымі ён мыў вокны і вэнтыляцыю на дахах. Ступіўшы на край з крохкага полікарбанату, Раманаў праваліўся і разьбіўся аб бэтонную падлогу.

Сястра загінулага лічыць, што ён выконваў задачы, не прадугледжаныя кантрактам. Да таго ж, працуючы на вышыні, ня меў засьцерагальнага тросу. Да такой высновы прыйшоў і тэхнічны інспэктар «Белхімпрафсаюзу» Ігар Прахорчанка, які ўдзельнічаў у праверцы абставінаў гібелі кіроўцы. Зазначыў, што ў дзень трагедыі дырэктар хімзаводу наведваў комплекс у Бушаўцы і бачыў, як мыюць дахі.

«Калі людзі, якія вінавацяць брата ў парушэньні інструкцыі, могуць жыць у суладзьдзі са сваім сумленьнем, няхай жывуць, — кажа Тацяна Раманава. — Я так разумею: для хімзаводу выгляд кароўніка перад прыездам начальства важнейшы за жыцьцё майго брата».

Па факце гібелі Кірыла Раманава на жывёлагадоўчым комплексе ў Буда-Кашалёўскім раёне рэгіянальнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту распачало крымінальную справу, расьсьледаваньне якой яшчэ ня скончанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG