Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ерэване пратэстоўцы захапілі мэрыю, чыноўнікі выклікалі паліцыю


Група апазыцыянэраў, незадаволеных працай мэра Ерэвану Тарона Маркарана, 16 траўня правяла акцыю пратэсту каля сьцен мэрыі, а потым ўварвалася ў сам будынак, патрабуючы сустрэчы з кіраўніком гораду і яго адстаўкі. Чыноўнікі ў адказ выклікалі паліцыю, запатрабаваўшы «прыняць меры для спыненьня незаконных дзеяньняў і аднаўленьня нармальнай дзейнасьці мэрыі».

На месца прыехаў дэпутат фракцыі «Елк», прадстаўнік партыі «Грамадзянская дамова» Ален Сіманьян. Паводле яго, супрацоўнікі на трэцім паверсе перакрылі пратэстоўцам шлях: са сваіх кабінэтаў насустрач пратэстоўцам выйшла шмат супрацоўнікаў мэрыі, таксама ў будынак прыбылі некаторыя прэфэкты і супрацоўнікі прэфэктураў. Але мэра гораду ў будынку сапраўды не аказалася.

Асноўную незадаволенасьць пратэстоўцаў выклікала высечка дрэваў у сквэры непадалёк ад будынку мэрыі, дзе знаходзіцца помнік Аляксандру Мясьнікяну. Прадстаўнікі муніцыпалітэту сьцьвярджаюць, што высечаныя былі выключна засохлыя дрэвы. Але пратэстоўцы ў гэта не паверылі і прынесьлі з сабой у будынак мэрыі нядаўна высечаныя дрэвы зь зялёным лісьцем. Яны падазраюць, што на месцы высечаных дрэваў будзе весьціся нейкае будаўніцтва.

Між тым, каля будынку мэрыі зьявіліся людзі з плякатамі «Наш мэр — Тарон», якія выступаюць у падтрымку кіраўніка гораду.

«Гэта маё права. Я прыйшла, каб абараніць майго мэра», — заявіла ў гутарцы з Радыё Свабода адна жанчына.

«Мы задаволеныя мэрам», — скандавалі іншыя ўдзельнікі пратэстаў.


«​Пасьля рэвалюцы будзе балюча». Рэпартаж Свабоды зь Ерэвану

Мэр Ерэвану — прадстаўнік Рэспубліканскай партыі, якая да нядаўняга часу кіравала ў Армэніі і чыім прадстаўніком быў былы прэзыдэнт Сэрж Саргсян. Аднак масавыя пратэсты, якія ў красавіку прайшлі ў Армэніі, вымусілі Саргсяна сысьці ў адстаўку, а новым прэм’ерам стаў прадстаўнік апазыцыйнай партыі «Елк» і лідэр пратэстаў Нікол Пашыньян.

Маркаран не падтрымліваў красавіцкія пратэсты і неаднаразова нагадваў удзельнікам вулічных акцыяў, што яны замінаюць нармальнаму жыцьцю гараджанаў. Гэтая пазыцыя таксама выклікала незадаволенасьць у прысутных.

Дэпутат Сіманьян заявіў, што цяперашні пратэст супраць мэра зьяўляецца ініцыятывай грамадзянаў, а не накіроўваецца якой-небудзь палітычнай сілай. Аднак, на яго думку, Маркаран, як і ўсе іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, павінен сысьці ў адстаўку як член Рэспубліканскай партыі.

«Гэта нармальная палітычная практыка, калі палітычная каманда сыходзіць, і сыходзіць цалкам», — сказаў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG