Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нават адну базавую штрафу не заплаціў». Даішнік, які зьбіў жанчыну на пераходзе, застаўся беспакараным


Аўтамабіль, які зьбіў Вольгу Шарыдоду. Фота пацярпелай.
Аўтамабіль, які зьбіў Вольгу Шарыдоду. Фота пацярпелай.

10 красавіка пацярпелая Вольга Шарыдода атрымала ліст зь міліцыі, дзе гаварылася пра закрыцьцё справы ў сувязі з «завяршэньнем тэрміну адміністрацыйнага спагнаньня».

ДТЗ, якое трапіла на старонкі ўсіх буйных беларускіх СМІ, адбылося ў 7.50 29 сьнежня 2017 году.

«Кіроўца Дабралёт А. Л., кіруючы аўтамабілем „Опэль Астра“, рэгістрацыйны знак 2753 МО, рухаючыся па вуліцы Леніна гораду Салігорску з боку вуліцы Казлова ў кірунку вуліцы Набярэжнай, ня даў перавагі ў руху пешаходу Шарыдодзе В. М., якая пераходзіла праежджую частку вуліцы Леніна справа налева ў кірунку руху, і зьдзейсьніў наезд на яе, пасьля чаго пешаход упала на праежджую частку», — гаворыцца пра здарэньне ў міліцэйскіх дакумэнтах.

Асаблівасьць гісторыі ў тым, што «кіроўца Дабралёт А. Л.» — супрацоўнік ДАІ. А «Опэль Астра, рэгістрацыйны знак 2753 МО» — яго службовы аўтамабіль.

«Супрацоўнік ДАІ знаходзіўся на службе. Ён прайшоў абсьледаваньне як перад заступленьнем на службу, так і пасьля ўчыненьня ДТЗ, — казаў Свабодзе празь дзень пасьля здарэньня прадстаўнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менаблвыканкаму Яўген Сачак. — Канчатковая прававая ацэнка гэтаму здарэньню будзе дадзеная пазьней. Папярэдне мы лічым, што ДТЗ учыненае па віне супрацоўніка ДАІ, былі парушаныя правілы дарожнага руху, зьвязаныя зь няпропускам пешахода на пешаходным пераходзе. Ступень адказнасьці супрацоўніка ДАІ будзе вызначаная пасьля правядзеньня судова-мэдычнай экспэртызы, яна будзе залежаць ад цяжару наступстваў для здароўя пацярпелай».

Тады ж у праваахоўных органах пераконвалі, што ДТЗ з удзелам супрацоўніка ДАІ Салігорску ніхто не спрабуе «замяць».

«Усе мерапрыемствы, зьвязаныя з афармленьнем ДТЗ, апытаньнем сьведак, праводзіліся ў поўным аб’ёме і ў адпаведнасьці з заканадаўствам, — казаў прадстаўнік УУС Менаблвыканкаму Сачак. — Пра факт ДТЗ адразу ж паведамілі кіраўніцтву Салігорскага РУУС, ДТЗ адразу ж было зарэгістравана ў дзяжурнай частцы. Гэтае ДТЗ знаходзіцца на кантролі ў кіраўніцтва ДАІ Менаблвыканкаму. Ажыятаж, зьвязаны зь нібыта нівэляваньнем наступстваў ДТЗ, ня мае пад сабой ніякіх падстаў».

Што адбывалася далей, расказала Свабодзе пацярпелая салігарчанка Вольга Шарыдода:

29 сьнежня 2017 (у дзень наезду). Пацярпелая падала заяву ў пракуратуру Салігорскага раёну.

31 сьнежня 2017. Вользе Шарыдодзе прызначылі судова-мэдычную экспэртызу, якая павінна была высьветліць ступень атрыманых падчас ДТЗ пашкоджаньняў.

4 студзеня 2018. Разгляд справы аб наезьдзе супрацоўніка ДАІ на пешахода прыпынены да атрыманьня мэдыцынскага заключэньня. Пацярпелая падала скаргу ў МУС РБ і адаслала ліст у СК.

30 студзеня 2018. Зьявіўся тэкст мэдычнай экспэртызы, разгляд справы адноўлены.

31 студзеня 2018. Па хадайніцтве пацярпелай прызначаная дадатковая судова-мэдычная экспэртыза, разгляд справы зноў прыпынены.

10 красавіка 2018. Атрыманыя матэрыялы дадатковай судова-мэдычнай экспэртызы.

10 красавіка 2018. Справа аб адміністрацыйным правапарушэньні, дапушчаным супрацоўнікам ДАІ Салігорску, спыненая «ў сувязі з завяршэньнем тэрміну адміністратыўнага спагнаньня».

Пастанова аб спыненьні справы
Пастанова аб спыненьні справы

«Увогуле ніякага пакараньня ён не панёс, — кажа Свабодзе пацярпелая Вольга. — Віну яны прызналі, быў адміністратыўны працэс, бо згодна з вынікамі экспэртызы я атрымала лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Экспэртызы прызначалі. Справу прыпынялі і аднаўлялі, прыпынялі і аднаўлялі. А потым закрылі, і ўсё... Супрацоўнік ДАІ са мной на сувязь не выходзіў. Я яго толькі ў дзень ДТЗ бачыла. Наколькі я ведаю, ён дагэтуль працуе. Выпісвае людзям штрафы».

Па словах Вольгі, яна настроеная рашуча і ўжо падала скаргу ў Салігорскую пракуратуру. Жанчына хоча дамагчыся пакараньня для супрацоўніка ДАІ.

«Яму пагражала ад 1 да 5 базавых, альбо пазбаўленьне права кіраваць аўтамабілем. Гэта не такое вялікае ўжо пакараньне, — кажа Вольга. — Ну заплаці ты ўжо, атрымай пакараньне. Атрымліваецца, што закон як быццам ёсьць, але яго няма. Чаму людзі за самае дробнае правапарушэньне плацяць па 10 базавых і больш, а тут атрымалася, што можна зьбіць чалавека, зацягнуць справу — і ўсё? І ён далей будзе караць людзей за іх парушэньні?»

Свабода зьвярнулася да прадстаўніка аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менаблвыканкаму Яўгена Сачака, які камэнтаваў сытуацыю ў канцы мінулага году. Той прызнаў, што супрацоўнік салігорскага ДАІ Дабралёт не панёс адміністрацыйнага пакараньня і па-ранейшаму працуе інспэктарам.

«На адміністрацыйнае спагнаньне паводле заканадаўства даецца два месяцы, і ў дадзеным выпадку тэрмін скончыўся. Калі гаварыць пра акалічнасьці гэтага, то варта сказаць, што не было вынесена мэдычнага заключэньня аб стане пацярпелай, — сказаў прадстаўнік праваахоўных органаў. — Першапачатковае заключэньне, якое было вынесенае ў студзені, пацярпелая абскардзіла і падала хадайніцтва на правядзеньне дадатковых дасьледаваньняў. Іх вынікі, якія пацьвердзілі высновы першай экспэртызы, былі атрыманыя ў красавіку, пасьля чаго было прынятае рашэньне аб непрыцягненьні супрацоўніка ДАІ да адміністратыўнай адказнасьці. Мы ад самага пачатку ня ставілі пад сумнеў вінаватасьць супрацоўніка ДАІ ў ДТЗ. Па сытуацыі, якая склалася, ён насамрэч ня будзе прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці. Аднак гэта ня значыць, што супрацоўнік ДАІ ня будзе прыцягнуты да адказнасьці на ведамасным узроўні».

Якім менавіта можа быць пакараньне «на ведамасным узроўні» і ці ідзе гаворка пра звальненьне супрацоўніка Дабралёта, у праваахоўных органах не ўдакладняюць.

Тамара Сідарэнка
Тамара Сідарэнка

Юрыст Беларускага Хэльсынскага камітэту і былы адвакат Тамара Сідарэнка сказала Свабодзе, што мэдычныя экспэртызы маюць вызначаны заканадаўствам тэрмін. Звычайна экспэрты маюць месяц на тое, каб падрыхтаваць свае заключэньні.

«Чаму яны рабілі другую экспэртызу два месяцы, трэба разьбірацца, — кажа Сідарэнка. — Магчыма, тэрмін пачынае адлічвацца з моманту атрыманьня дакумэнтаў. Альбо яшчэ нешта, тут цяжка сказаць... Я б рызыкнула сказаць, што ў дадзеным выпадку тэрміны былі на карысьць супрацоўніка ДАІ. Але паўстае пытаньне: ці можа такая асоба заставацца супрацоўнікам ДАІ, чаму ён дагэтуль працуе?»

Юрыст дадае, што ў праваахоўных органах існуюць унутраныя дакумэнты, якія прадугледжваюць пакараньне за правапарушэньні. Да таго ж пацярпелая салігарчанка мае права паспрабаваць спагнаць кампэнсацыю маральнай і фізычнай шкоды з уладальніка транспартнага сродку. У дадзеным выпадку — з ДАІ Салігорскага раёну.

«Калі само ведамства будзе вымушанае заплаціць за свайго супрацоўніка, то, магчыма, яны ня вельмі захочуць, каб ён там далей працаваў», — кажа юрыст.

«Гнаў так, што перакуліўся». Двое шпіталізаваныя ў выніку ДТЗ з удзелам міліцыянта ў Глуску

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG