Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску замест былых «глушылак» на Залатой Горцы зьявіцца каталіцкі адукацыйны цэнтар


Менскі касьцёл Сьвятога Роха на Залатой Горцы
Менскі касьцёл Сьвятога Роха на Залатой Горцы

На рэстаўрацыю касьцёла Сьвятога Роха ў Менску трэба сабраць 21 тысячу рублёў.

На краўдфандынгавай пляцоўцы «Талака» абвешчаны збор ахвяраваньняў на рамонт менскага касьцёла Сьвятога Роха на Залатой Горцы. Муры сьвятыні далі шчыліны, і трэба хутка сабраць 21 тысячу рублёў на рамонт 900 квадратных мэтраў сьцен і столі. За ўсіх ахвярадаўцаў абяцаюць пяць месяцаў служыць сьвятую імшу штонядзелі.

Апошні капітальны рамонт касьцёла сьвятога Роха адбыўся ў 1986 годзе. Тады былое кнігасховішча перадалі Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, і там зрабілі камэрную канцэртную залю.

У 1991 годзе была адноўленая парафія Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха), і па дамоўленасьці зь філярмоніяй у касьцёле зноў пачаліся набажэнствы. Толькі ў 2006 годзе будынак канчаткова вярнулі парафіі, прычым не ў найлепшым стане.

На Залатой Горцы зьявіцца новы парк

Нядаўна парафія атрымала ад менскіх уладаў 2 гектары для добраўпарадкаваньня і абслугоўваньня.

«Гэта былая тэрыторыя „Белселу“, дзе стаялі глушылкі. Мы маем дазвол на добраўпарадкаваньне тэрыторыі. Дзякуючы падтрымцы амбасады Польшчы мы выконваем адзін праект па добраўпарадкаваньні: будзе зроблена шматфункцыянальная разьвівальная пляцоўка для дзяцей у выглядзе карабля. Сёлета ў траўні мы плянуем гэтую працу завяршыць, і гэтая тэрыторыя будзе адкрытая для ўсіх. Вядома, гэта будзе стылізаваная тэрыторыя, бо тут былыя могілкі. З часам зьявіцца там вулічны крыжовы шлях», — кажа айцец Юры Санько.

Такім чынам, горад атрымае яшчэ адну паркавую пляцоўку для сем’яў, каб адпачыць, памаліцца, кажа айцец Юры. Парк будзе адкрыты з 8 да 22 гадзіны, уваход — з боку вуліцы Залатая Горка.

Замест глушылак будзе адукацыйны духоўны цэнтар

На рамонт і рэстаўрацыю будынкаў, якія тут засталіся, таксама патрэбны даволі вялікія сродкі, кажа Юры Санько.

«Але пры ўмове, што будынкі будуць адрамантаваныя, горад перадасьць іх нам. У адным плянуецца зрабіць адукацыйны цэнтар: канфэрэнц-залю, некалькі невялікіх клясаў. Другі будынак стане майстэрняй, там невялікая плошча — 40 квадратных мэтраў. Ужо больш за год у нас працуе школа выяўленчага мастацтва „Крылы натхненьня“ — 75 чалавек пры касьцёле навучаюцца бясплатна. Прычым там толькі 20 дзетак, астатнія — дарослыя. Гэта будзе таксама месца сустрэчы для моладзевых груп», — падзяліўся плянамі ксёндз Юры Санько.

Глушылкі на Залатой Горцы ў свой час хацеў узарваць дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў.

За гэта ён быў асуджаны і адбыў 10 гадоў зьняволеньня ў мардоўскіх лягерах.

Будынкі, у якіх раней месьцілася кампанія «Белсел»
Будынкі, у якіх раней месьцілася кампанія «Белсел»

Перазахаваньне на тэрыторыі касьцёла ў лютым 2018 году праху вялікай мэцэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл падштурхнула сьвятароў да адраджэньня ініцыятываў, якія яна падрымлівала. У першую суботу пасьля 6 студзеня — даты яе скону — тут будуць ладзіцца літаратурныя вечары, каб беларуская інтэлігенцыя мела духоўнае прыстанішча, магла сустрэцца пры сьвятыні і мела духоўную апеку.

«Паступова наша горка ператвараецца сапраўды ў Залатую Горку, месца культуры, духоўнага разьвіцьця. Пляны як у Напалеона, яшчэ і вазочак ззаду», — жартуе пробашч Юры Санько.

Надмагільлі каля касьцёла
Надмагільлі каля касьцёла

Рамантавалі касьцёл сваімі сіламі, за кошт парафіянаў

Ксёндз Юры Санько сказаў Свабодзе, што яшчэ ў 2003 годзе ў касьцёле Сьвятога Роха пачаліся праблемы. Тады вырашылі зьняць велізарныя масіўныя жырандолі, якія засталіся ад філярмоніі.

У 2013 годзе было зроблена агульнае дасьледаваньне, якое паказала, што трэба тэрмінова вырашаць праблемы з дахам. Калі ў 2015-м Юры Санько стаў пробашчам, то замовіў ужо грунтоўнае дасьледаваньне, і пастанавілі неадкладна мяняць дах. Тады рамонт зрабілі на сродкі парафіянаў. Але праблемы засталіся.

«І сыстэма крокваў, і дахоўка літаральна „разрывалі“ касьцёл. Непрафэсіянальна быў разьмеркаваны цяжар — не на сьцены, а на скляпеньні. І таму сёньня мы можам бачыць нехарактэрныя шчыліны, якія разрываюць касьцёл. Паралельныя сьценам шчыліны — нехарактэрныя. Калі зьмянілі дахоўку, працэс разбурэньня касьцёла прыпыніўся, але далейшы рамонт быў неабходны», — сказаў пробашч Юры Санько.

Унікальны арган застаўся ў алтары

У 2017 годзе аднавілі алтарную частку касьцёла — таксама за кошт парафіянаў. Праект рэканструкцыі алтарнай часткі зрабіў Валяр’ян Янушкевіч яшчэ ў 1991 годзе, калі былую канцэртную залю перадалі парафіянам. Арган так і застаўся ў алтарнай частцы, што нехарактэрна для храмаў. Але перанесьці адтуль унікальны інструмэнт немагчыма з прычыны вялікага памеру. Айцец Юры Санько вельмі ганарыцца гэтай своеасаблівай візытоўкай храму.

У Беларусі ёсьць толькі тры інструмэнты такой высокай якасьці: арганы ў касьцёле Сьвятога Роха і Сафійскім саборы ў Полацку (інструмэнты чэскай фірмы «Riegerkloss», усталяваныя ў 1986 годзе) і новы арган у Менскай архікатэдры, падараваны аўстрыйскім эпіскапатам.

«Дзякуючы аргану касьцёл на Залатой Горцы становіцца ня толькі месцам культу, рэлігійным месцам, але і культурным асяродкам. Да прыкладу, зараз мы распачынаем фэстываль „Залатагорская ліра“ — 15 канцэртаў самага рознага кшталту. 2 красавіка будзе канцэрт 10 юных арганістаў, якім па 12 гадоў».

У касьцёле трэба адрамантаваць 900 квадратных мэтраў — сьцены і столь

Цяпер касьцёл чакае галоўны этап рамонту — трэба давесьці да ладу сьцены і столь, гэта прыкладна 900 квадратных мэтраў. Таму сьвятар Юры Санько ўпершыню вырашыў зьвярнуцца да грамадзкасьці — сабраць сродкі талакой.

Пакуль сабралі чвэрць неабходнай сумы. За ўсіх ахвярадаўцаў у касьцёле абяцаюць маліцца штотыдзень у нядзелю цягам пяці месяцаў.

Кожную шчыліну расшыюць, узмоцняць, затынкуюць і пафарбуюць. Для гэтага патрэбна 21 тысяч беларускіх рублёў (крыху больш за 10 тысяч даляраў) — на матэрыялы і на аплату працы майстра. Вядома, штосьці зрабіць маглі б і самі парафіяне, але ўсё ж такі лепей гэта зробіць прафэсіянал, перакананы ксёндз Юры Санько. Да таго ж зрабіць рамонт трэба ў вельмі сьціслыя тэрміны: распачаць працы плянуецца ў чэрвені, каб завяршыць да жніўня — да ўрачыстасьцяў у гонар сьвятога Роха.

Парафія Сьвятога Роха — найстарэйшая ў Менску

Самая старажытная каталіцкая парафія ў Менску — касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Сьвятога Роха) — была заснаваная ў XIV стагодзьдзі каралём Ягайлам. Першапачаткова парафіяльны касьцёл стаяў на Траецкай Гары, дзе яшчэ нядаўна быў 2 клінічны шпіталь. На пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі сьвятыню зруйнавалі, парафія перайшла ў драўляны касьцёл на Залатагорскіх могілках у прадмесьці Менску.

Цяперашні будынак касьцёла ўзьведзены з цэглы ў стылі нэаготыкі па праекце акадэміка Пецярбурскай акадэміі мастацтваў М.Сівіцкага ў 1861–1864 гадах. Ахвяраваньні на яго пабудову зьбіралі ня толькі менскія каталікі, але таксама праваслаўныя і юдэі. Гэта быў знак падзякі сьвятому Роху, які выратаваў горад ад страшнай эпідэміі халеры.

Падчас вайны будынак храму быў пашкоджаны, потым доўгі час выкарыстоўваўся як кнігасховішча, а Залатагорскія могілкі — самы вялікі і знакаміты каталіцкі нэкропаль у Менску — былі зьнішчаныя. У 1986 касьцёл адрэстаўравалі і часткова адрамантавалі, там разьмясьцілася філярманічная заля камэрнай музыкі. З 1991 года ў касьцёле аднавіліся набажэнствы, у 2006 годзе будынак канчаткова перадалі менскай парафіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG