Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стакгольмскі сындром. Чым завершыцца новая газавая вайна між Расеяю і Ўкраінаю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У апошні дзень лютага Стакгольмскі арбітраж абвясьціў чарговае рашэньне па выніках разгляду пазову Нацыянальнай акцыянэрнай кампаніі «Нафтогаз України» да расейскага «Газпрому», якое, па сутнасьці, адкрывала магчымасьці аднаўленьня прамых паставак «блакітнага» паліва з Расеі ва Ўкраіну, хоць і ў мінімальных аб’ёмах. На справе ж рашэньне справакавала новы канфлікт: «Газпром» заявіў пра разарваньне «газавых» кантрактаў з Украінаю і на наступны ж дзень зьнізіў ціск у трубе, а Ўкраіна вымушана была на некалькі дзён спыніць забесьпячэньне газам сацыяльнага сэктару, але транзытныя абавязаньні перад эўрапейскімі спажыўцамі выканала ў поўным аб’ёме.

Сутнасьць канфлікту

Украінска-расейская газавая справа, распачатая ў 2014 годзе на заяву НАК «Нафтогаз України», стала найбуйнейшаю справаю ў гісторыі Стакгольмскага арбітражу — сумарны аб’ём узаемных патрабаваньняў «Газпрому» ды «Нафтогазу» дасягнуў 125 мільярдаў даляраў. Але ў поўным аб’ёме суд не падтрымаў ніводзін з бакоў.

Летась у траўні і сьнежні Стакгольмскі арбітраж абавязаў Украіну аплаціць газ, пастаўлены Расеяю ў 2014-2015 гадах. Але пры гэтым ягоная цана, паводле рашэньня суду, мусіла прывязвацца не да кошту нафты (як гэта было прадугледжана кантрактам ад 2009 году), а да цэнаў эўрапейскага газавага хабу. Апроч таго, арбітраж скасаваў забарону на рээкспарт газу і прынцып «бяры або плаці» (да канца 2019 году Ўкраіна мусіла купляць 52 мільярды кубамэтраў газу за год, незалежна ад патрэб).

Сёлета ў лютым Стакгольмскі арбітраж паставіў кропку ўжо ў справе пра транзытны кантракт. Паводле яго, «Газпром» мусіў быў кампэнсаваць страты «Нафтогазу України» за недапастаўку закантрактаваных аб’ёмаў прыроднага газу для транзыту.

Аляксандар Харчанка
Аляксандар Харчанка

«„Газпром“ цалкам прайграў. Але галоўнае, што ён прайграў ня тыя 2,5 мільярды даляраў, якія ён мусіць нам сплаціць, але і, згодна з рашэньнем арбітражу, яшчэ да канца 2019 году мае сплочваць, зыходзячы з таго, што ён транспартуе 110 мільярдаў кубамэтраў на год, як прапісана ў кантракце. Таму насамрэч страты „Газпрому“ тут дастаткова істотныя. Апроч таго, ён значна цярпіць ад гэтага рашэньня з пункту гледжаньня пазыцый у Эўропе, таму што арбітраж прызнаў, што да Ўкраіны мусяць выкарыстоўвацца правілы эўрапейскага рынку, а гэта значна зьмяншае магчымасьці „Газпрому“ ў маніпуляцыях», — мяркуе дырэктар кіеўскага Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандар Харчанка.

#Прыкруці

Пакуль ва Ўкраіне абмяркоўвалі перамогу, «Газпром» замест выкананьня рашэньня суду і аднаўленьня паставак ужо дамоўленага і аплочанага Ўкраінай аб’ёму газу, заявіў пра разарваньне ўсіх кантрактаў, вярнуўшы «Нафтогазу» атрыманыя раней цэны.

У Маскве рабілі стаўку на тое, што Ўкраіна, не атрымаўшы газу з Расеі, пачне адбіраць яго з транзытнай трубы, як гэта было ў 2009 годзе. Гэта магло стаць дадатковым аргумэнтам ненадзейнасьці Ўкраіны як краіны-транзытэра.

Як сьцьвярджаюць украінскія экспэрты, у Маскве рабілі стаўку на тое, што Ўкраіна, не атрымаўшы газу з Расеі, пачне адбіраць яго з транзытнай трубы, як гэта было ў 2009 годзе. Гэта магло стаць дадатковым аргумэнтам ненадзейнасьці Ўкраіны як краіны-транзытэра і неабходнасьці падтрымкі альтэрнатыўных транзытных магчымасьцяў, якім ёсьць праект «Паўночны паток-2». Але з таго часу эўрапейскія партнэры кантралююць ціск газу на пунктах ягонага выхаду з Ўкраіны.

Непастаўлены ва Ўкраіну расейскі газ быў крытычным ня столькі з пункту гледжаньня забесьпячэньня ўласных патрэб — на той момант у падземных сховішчах зьберагалася больш як 10 мільярдаў кубамэтраў газу, якога дастаткова для завяршэньня зімовага пэрыяду. Праблематычна было, як кажуць спэцыялісты, за кароткі тэрмін «падняць» гэты газ са сховішчаў для тэхнічнага забесьпячэньня ажыцьцяўленьня транзыту «блакітнага» паліва ў Эўропу, дзе ў сувязі з халодным надвор’ем патрэбы павялічыліся.

Час можна было выйграць, толькі абмежаваўшы падачу газу ўкраінскім спажыўцам, што і зрабілі ва Ўкраіне: пачалі перавод генэруючых кампаній на мазут, цалкам спынілі працу дашкольных і навучальных устаноў, прамысловасьць зьменшыла газаспажываньне. «Нафтогаз України» прапанаваў і бытавым спажыўцам далучыцца да акцыі па эканоміі «блакітнага» паліва #Прыкруці. А ўжо на наступны дзень, раніцай, польская кампанія PGNiG пачала пастаўляць газ Украіне праз вузел «Гэрмановіцэ», які злучае польскую газатранспартную сыстэму з украінскай.

«Украіна перакупіла газ у Польшчы, і ўсе тэхнічныя праблемы, зьвязаныя з адсутнасьцю фізычна газу ў трубе, былі вырашаныя. „Газпром“ спрабаваў выкапаць яму Ўкраіне, а зваліўся ў яе сам», — перакананы Аляксандар Харчанка.

Газ як зброя

«Украіна прадэманстравала, што яна надзейны партнэр. Нават ва ўмовах невыкананьня „Газпромам“ уласных абавязаньняў падтрымлівала транзыт і ў халоднае надвор’е цалкам паставіла ўвесь неабходны аб’ём газу згодна з заяўкамі эўрапейцаў. Адпаведна, „Газпром“ сапраўды прайграў гэтую вайну. Гэта не азначае, што цалкам, і перш за ўсё размова будзе ісьці пра „Паўночны паток-2“. Я вельмі спадзяюся, што эўрапейцы разумеюць у гэтай сытуацыі, што Расея як выкарыстоўвала газ як зброю, так і працягвае выкарыстоўваць, і што гэтыя ілюзіі аб нейкай камэрцыйнай прыродзе праекту „Паўночны паток“ будуць разьвеяныя гэтаю сытуацыяю», — кажа Аляксандар Харчанка.

Але якраз Эўропа гэтым разам дастаткова стрымана назірала за чарговым украінска-расейскім «газавым» канфліктам.

«Ведаеце, ёсьць такі тэрмін — „стакгольмскі сындром“, калі тэрарысты захопліваюць людзей у палон, а потым ахвяры пачынаюць абараняць тэрарыстаў. Дык вось у мяне такое ўражаньне, што ў Эўропы менавіта гэты сындром, бо яны настолькі баяцца тэрарызму „Газпрому“, што замерлі і ня ведаюць, што рабіць, хоць у такой сытуацыі трэба жорстка рэагаваць і ўказваць расейскаму манапалісту на тое, што ён такая самая камэрцыйная кампанія, якая мае выконваць усе патрабаваньні, што існуюць на эўрапейскім рынку для камэрцыйных кампаній», — дадае дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі.

Аляксандар Харчанка нагадаў, што Ўкраіна больш як два гады не набывае газ у «Газпрому» і далей можа абысьціся без расейскага газу: «А што датычыць транзыту, то тут хутчэй мае быць зацікаўленасьць Эўропы, каб атрымліваць своечасова газ».

Працяг будзе?

Тым часам «Газпром» заявіў, што мае намер абскардзіць усе рашэньні Стакгольмскага арбітражу — і ў справе пра пастаўку газу, і пра транзыт: апэляцыю плянуе перадаць да канца сакавіка, а ўжо зараз накіраваў «Нафтогаз України» паведамленьне пра пачатак працэдуры разарваньня кантрактаў.

Аднак намесьніца міністра замежных спраў Украіны Алена Зэркаль ня бачыць пэрспэктыў у такім працэсе.

Алена Зэркаль
Алена Зэркаль

«18 сакавіка ў Расеі павінны адбыцца выбары. І пройгрыш „Газпрому“ украінскай кампаніі ўспрымаецца як аплявуха, таму адразу была вельмі эмацыйная рэакцыя. Нават калі цяпер палічыць па часе, колькі доўжыцца працэдура новага арбітражу, то зразумела, што яна зойме столькі часу, колькі зойме да заканчэньня кантракту, як мінімум», — перакананая дыплямат.

У сваю чаргу «Нафтогаз України» абвясьціў, што будзе дабівацца ад «Газпрому» кампэнсацыі за невыкананьне кантрактных абавязаньняў.

Юры Вітрэнка
Юры Вітрэнка

«Украінцы праявілі салідарнасьць, адгукнуліся на заклік „прыкруціць“, зьменшылі спажываньне, што дазволіла нам не адбіраць газ з транзытных патокаў. Мы разам паказалі Эўропе, што Ўкраіна — надзейны транзытэр, а Расея — ненадзейны пастаўшчык газу. Гэта важна, улічваючы тое, што Эўропа павінна знайсьці ў сабе сілы адмовіцца ад „Паўночнага патоку-2“. Цяпер „Газпром“ нам выплаціць кампэнсацыю за невыкананьне кантрактных абавязаньняў у пастаўцы газу ў сакавіку, пра што ён ужо быў афіцыйна папярэджаны», — заявіў камэрцыйны дырэктар НАК «Нафтогаз України» Юры Вітрэнка.

Экспэрты таксама пакуль ня бачаць падстаў для асьцярогі.

«Сытуацыя нам нічым не пагражае, бо кантракт на пастаўку дзейнічае — „Газпром“ вяртае грошы і газу не пастаўляе. Гэтым самым ён зьняў з „Нафтогазу“ абавязаньні набываць газ у Расеі. Да канца гэтага году тэма нас ня будзе непакоіць, а ў наступным — пабачым», — сказаў дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі Аляксандар Харчанка.

Адказваючы ж на пытаньне, ці завершыцца калі-небудзь газавая вайна між Расеяй ды Украінай, дырэктар Цэнтру дасьледаваньняў энэргетыкі адзначыў: «У нас з Расеяю ня толькі „газавая вайна“, а й фізычная вайна. Калі-небудзь яна завершыцца. І я ўпэўнены, што перамогай Украіны і цывілізаванага сьвету».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG