Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяць прэзыдэнта ЗША пазбаўлены допуску да сакрэтных дакумэнтаў


Джарэд Кушнэр
Джарэд Кушнэр

Паводле дадзеных амэрыканскіх СМІ, вышэйшую ступень допуску страцілі яшчэ некалькі супрацоўнікаў Белага дому, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Зяць прэзыдэнта Трампа Джарэд Кушнэр, які займае пасаду старэйшага дарадцы Белага дому, быў пазбаўлены допуску да «асабліва сакрэтных» матэрыялаў, паведаміла ў аўторак агенцтва Reuters са спасылкай на ўласныя крыніцы ў адміністрацыі ЗША.

Раней гэтую інфармацыю пацьвердзілі яшчэ некалькі амэрыканскіх СМІ.

Паводле дадзеных агенцтва, Кушнэр, які на працягу апошняга году працаваў на падставе «часовага допуску», быў пазбаўлены права працаваць з асабліва сакрэтнымі матэрыяламі некалькі тыдняў таму.

Акрамя зяця прэзыдэнта такога допуску былі пазбаўленыя і яшчэ некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі, якія працавалі на падставе часовых дазволаў. Як паведамілі крыніцы, у мінулую пятніцу ўсе яны атрымалі паведамленьне, што іх ступень допуску будзе паніжаная з узроўню Top Secret / SCI-level, што дае права азнаямленьня з найбольш істотнымі матэрыяламі спэцслужбаў, да ўзроўню Secret.

Зьніжэньне статусу зьвязанае з тым, што некаторыя супрацоўнікі Белага дому, уключаючы і зяця прэзыдэнта, пакуль не прайшлі належную ў такіх выпадках праверку, якая ўключае, у тым ліку, і вывучэньне дадзеных аб замежных сувязях і фінансавых транзакцыях.

Прэзыдэнт ЗША сваім распараджэньнем мае права даць любому чыноўніку «пастаянны допуск». Нягледзячы на гэта, у мінулую пятніцу Дональд Трамп заявіў, што гэтае рашэньне будзе залежаць ад яго кіраўніка адміністрацыі.

«Я перадам генэралу Кэлі права прыняць гэтае рашэньне, — сказаў прэзыдэнт, адказваючы на пытаньне журналістаў. — Я не сумняюся, што ён прыме правільнае рашэньне».

Падчас брыфінгу ў Белым доме ў аўторак прэс-сакратар прэзыдэнта Сара Сандэрс адмовілася камэнтаваць паведамленьні аб тым, што Джарэд Кушнэр быў пазбаўлены допуску да асабліва сакрэтнай інфармацыі.

«Мы не камэнтавалі гэтую праблему Джарэда, але давалі камэнтары пра ягоныя здольнасьці выконваць сваю працу, — сказала яна. — Ён вельмі каштоўны чалец каманды і ён працягне рабіць важную працу, якую ён выконваў з моманту прыходу ў адміністрацыю».

Па словах адваката зяця прэзыдэнта Эйба Лоўэла, зьмяненьне статусу не перашкодзіць Джарэду Кушнэру «выконваць вельмі важную працу, якую даручыў яму прэзыдэнт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG